За партнёрку — навука

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Гэтым тыднем у Нясвіжы і Мінску адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Беларускі балет у сусветнай культурнай прасторы”. Так здарылася, што прадстаўленыя на ёй даклады не столькі адказалі на актуальныя пытанні сучаснага харэаграфічнага мастацтва, колькі задалі іх.

/i/content/pi/cult/679/14958/bun2_opt.jpegНічога падобнага ў нас дагэтуль не праводзілася — тым больш, на міжнародным узроўні, з дакладчыкамі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Францыі, з майстар-класам літоўскіх педагогаў, цікавай канцэртнай праграмай кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Трэба бясконца дзякаваць усім, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення форуму: двум міністэрствам — замежных спраў і культуры, Пасольству Беларусі ў Францыі, нашай Акадэміі музыкі, Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж”, які гасцінна прымаў удзельнікаў і слухачоў канферэнцыі ў першы дзень яе правядзення, Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах UNESCO, некалькім спонсарам. Але пытанні засталіся.

Першае з іх — уласна харэаграфічная тэрміналогія і, шырэй, сама тэорыя гэтага мастацтва. З гісторыяй, як ні дзіва, усё крыху прасцей. Нягледзячы на складанасць захавання балетнай спадчыны, асабліва мінулых часоў, калі не было відэазапісаў (дый любыя запісы, вядома, недасканалыя, бо фіксуюць хіба знешнія параметры і не могуць перадаць усяго, што ўкладаў пастаноўшчык у той ці іншы рух). Навуковыя даследаванні, прысвечаныя гэтай галіне, існуюць. Што ж тычыцца тэорыі, дык тут сапраўды — поле неаранае.

З балетнай класікай усё не так драматычна. Там распрацаваны і пазіцыі ног ды рук, і назвы асобных поз, рухаў, піруэтаў, падтрымак, і жанравая палітра як саміх спектакляў, так і асобных нумароў, і некаторыя асновы формаўтварэння. А што ж з сучаснымі кірункамі? Там пакуль усё яшчэ толькі пачынаецца.

Тэорыя крочыць следам за практыкай. А ў нас сучасны танец пачаў развівацца не так даўно. Але глабальных фундаментальных даследаванняў няма, наколькі мне вядома, і ў замежжы. Ёсць звязаныя з фізіялогіяй, псіхалогіяй танца, распрацоўваюцца жанравыя асаблівасці народных і народна-сцэнічных танцаў, бальных, бальна-спартыўных, стылёвыя рысы эстрадных.

Сучасная ж акадэмічная харэаграфія застаецца пакуль без глыбокага і шырокага тэарэтычнага падмурку. Узнікаюць асобныя яе апісанні, эстэтычна-філасофскія абгрунтаванні. Ёсць тэндэнцыя з’яўлення ў свеце ўсё новых, даволі шматлікіх аўтарскіх школ і кірункаў. Сама па сабе такая размаітасць — справа добрая. Але ў мастацтве ніводная рэч сама па сабе не існуе. Кожная мае сваё “генеалагічнае дрэва”: карані, камель, рознабаковыя адгалінаванні. У музыцы такая паслядоўнасць, дзе тэорыя мяжуе з гісторыяй і яны падтрымліваюць, падсілкоўваюць адзін аднаго, даўно распрацавана і працягвае плённа развівацца. У харэаграфіі — яшчэ не. Мо, таму і ўзнікаюць нажніцы ў ацэнцы многіх сучасных з’яў і адноўленай класікі, у тым ліку на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі?

У нашай Акадэміі музыкі вядзецца падрыхтоўка балетазнаўцаў, але апошнім часам ніхто з абітурыентаў, маючы харэаграфічную падрыхтоўку, туды не імкнуўся. Абіралі найперш спецыяльнасць педагога-рэпецітара, зрэдку — харэографа-пастаноўшчыка. Можа, яшчэ і таму, што балетная крытыка ў нас не надта вітаецца?

У некаторых дакладах канферэнцыі гучала музыказнаўчая тэрміналогія, перанесеная на харэаграфію. У музыказнаўстве, у сваю чаргу, выкарыстоўваецца шмат з таго, што ў свой час было распрацавана ў літаратуразнаўстве, філасофіі, мастацтвазнаўстве. Такія скрыжаванні застаюцца актуальнымі, бо падштурхоўваюць даследчыкаў да далейшых назіранняў і пошукаў — з новага пункту гледжання.

Што ні кажыце, а час тэарэтыкаў харэаграфіі (знаёмых, вядома, з яе практыкай) — наспеў. Беларусь мае грунтоўную базу — тую ж Акадэмію музыкі, якую ўзначальвае доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава, дысертацыя якой была прысвечана менавіта балетнаму жанру як музычнаму феномену. Патрэбны далейшыя намаганні Акадэміі, універсітэта культуры і мастацтваў, адпаведных кафедраў (узгадаем мары Валянціна Елізар’ева пра айчынную Акадэмію харэаграфіі) у стварэнні тэарэтычнага падмурку і падрыхтоўцы спецыялістаў-балетазнаўцаў. Беларусь у стане зрабіць свой унёсак у вырашэнне гэтай праблемы, актуальнай для нацыянальнага і сусветнага мастацтва.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"