Чаму я пайду на выбары

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

18 лютага адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. Пераважная большасць грамадзян Беларусі плануе прыняць актыўны ўдзел у працэсе абрання мясцовых дэпутатаў — тых суайчыннікаў, якія будуць не на словах, а канкрэтнымі справамі змагацца за паляпшэнне нашага матэрыяльнага і духоўнага жыцця.

/i/content/pi/cult/679/14957/opt.jpegКанстанцін КАРНЯЛЮК, педагог, Віцебск:

У гэты важны гістарычны перыяд ніхто з нас не можа заставацца абыякавым. Я проста не разумею тых песімістаў, якія пастаянна енчаць: нічога не зменіцца, можна і не хадзіць на выбары. Гэта неразумная, апатычная пазіцыя — маўляў, мая хата з краю. Нельга быць манкуртам, чалавекам перакаці-поле — бо так бур’ян ды чартапалох могуць і ў мазгах прарасці.

Упэўнены, што менавіта дэпутат з вёскі, мястэчка, горада здольны вырашаць нашы паўсядзённыя жыццёвыя праблемы: парупіцца пра рамонт асфальтавага пакрыцця, упрыгожванне вуліцы або сквера, паляпшэнне ўмоў аб’ектаў сацыяльнага і культурнага прызначэння. А пачынаючы з малой радзімы, так і ўвесь партрэт Бацькаўшчыны палепшыцца.

У дэпутата-парламентарыя задачы, усё ж, больш глабальныя. А вось мясцовы дэпутат — гэта практык, які павінен вырашаць пытанні хай і не надта рэзанансныя, але, тым не менш, вельмі важныя для простых людзей. Сапраўдны абранец проста жыве клопатамі свайго мікрараёна, вуліцы, вёскі. І людзей не можа не хваляваць, на якім якасным узроўні будуць вырашацца іх шматлікія праблемы — эканамічныя, бытавыя, гаспадарчыя.

Таму я проста ўпэўнены, што на сёлетніх выбарах яўка будзе добрая. А тым, хто яшчэ стаіць на ростанях, параіў бы актывізавацца. Нам патрэбны моцныя Саветы дэпутатаў з альтэрнатыўнымі поглядамі, свежымі думкамі і меркаваннямі. Не павінна быць аднабокіх рашэнняў. Праблемы на месцах трэба вырашаць комплексна, абавязкова пытаючыся ў народа, што і дзе будаваць, адчыняць і гэтак далей.

Вельмі важна, каб у грамадстве былі цывілізаваныя дыскусіі, абмеркаванні. Нам усім разам трэба вучыцца знаходзіць кропкі судакранання, уздымаць нашу палітычную культуру. А то некаторыя толькі непрыстойныя анекдоты ў курылках
здольныя распавядаць або крытыкаваць без меры.

Менавіта народ на месцах лепш за ўсё бачыць і можа ахарактарызаваць сацыяльны партрэт дэпутата. З другога боку, нельга выйсці з гушчы народа — і быць адарваным ад яго.

Ідучы на выбары, варта вывучыць праграмы кандыдатаў, каб зразумець, што яны могуць зрабіць для эканомікі, адукацыі, медыцыны рэгіёна. Клопаты людзей дэпутат не проста павінен разумець, але і трымаць руку на пульсе часу. Трэба карыстацца аўтарытэтам сярод тых, хто жыве побач. Ведаць, у якім доме пагасла святло, а каму патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў.

Нельга не падкрэсліць, што мясцовыя дэпутаты не атрымліваюць заробак, гэта іх грамадская нагрузка. Хаця ўсё яшчэ даводзіцца чуць: маўляў, жывуць на грошы народа! Нельга ставіцца негатыўна да народных абраннікаў. І вельмі дрэнна, калі чалавек нават не ведае, як завуць яго дэпутата, хаця фармальна ў выбарах і браў удзел.

Думаецца, трэба павышаць і сам статус, прэстыж Саветаў мясцовых дэпутатаў. Людзі не павінны на сваёй радзіме хадзіць па лабірынтах улады, дзе адно акно, але ажно сем дзвярэй. Чалавек з рэгіёна не мусіць звяртацца са скаргай у абласны горад ці Мінск, бо на месцах яму ніхто не можа ці не хоча дапамагчы.

Радуе, што, нягледзячы на цяжкасці, эканоміка Беларусі набірае тэмп, ідзе ў рост. Але многае тут залежыць і ад кожнага з нас. Мы ўсе разам павінны працаваць дзеля далейшага росквіту Бацькаўшчыны.

Часта ўзгадваюцца словы Марка Тулія Цыцэрона: “Выбірай, каго будзеш любіць”. Так, ад кожнага з нас залежыць, які напрамак далейшага руху мы будзем выбіраць.