“Пакуль не ідуць цітры...”

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Чацвёрты раз у Мінску з 24 па 27 лютага пройдзе фестываль класічнай музыкі, прысвечаны памяці таленавітай піяністкі Алены Цагалка. “Пакуль не ідуць цітры” — гэта словы самой Алены, якая была ўпэўнена, што ў жыцці ўсё магчыма — да самага апошняга яго моманту.

Яе жыццё было вельмі кароткім. Але пражыла яна яго з вялікім сэрцам і вельмі светлай душой. Пра гэта ўзгадваюць сябры Алены — тыя, хто вучыўся з ёю разам у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка ці ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і хто потым аб’яднаўся дзеля стварэння фестывалю, каб захаваць памяць пра таленавітую піяністку і дапамагчы тым, каму гэта неабходна сёння.

Адкрыццё фестывалю “Пакуль не ідуць цітры” адбудзецца 24 лютага ў Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе пройдзе канцэрт камернай музыкі. Наступная імпрэза — 27 лютага: у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі выступіць Канцэртны сімфанічны аркестр. Салісты — Аляксандр Рам (Масква), Арсенцій Харытонаў (ЗША), Варвара Няпомняшчая (Германія). Дырыжор — Юрый Караваеў.

Усе канцэрты дабрачынныя, атрыманыя сродкі ідуць на лячэнне дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі. Падмуркам для іх сталі вечары памяці ў Гімназіі-каледжы мастацтваў. Менавіта так іх арганізатарка Ганна Лянькова спрабавала пераадолець унутраны боль, звязаны са стратай сяброўкі. А ў 2014-м адбыўся і першы фестываль, які складаўся з трох музычных вечароў. Праз год спецыяльна да яго сабралі канцэртны сімфанічны аркестр. Яго склад кожны год змяняецца, і шмат хто з сёлетніх аркестрантаў не ведаў Алену Цагалка асабіста. Але імя таленавітай піяністкі стала для ўдзельнікаў сімвалам адданасці творчасці, любові да музыкі і дабрачыннасці.

Іна НАРКЕВІЧ