Музей перамогі над Сонцам

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Урачыстага адкрыцця Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, якое адбылося на мінулым тыдні, чакалі даўно, а меркаваныя тэрміны гэтай падзеі не раз пераносіліся. Галоўная прычына — са сферы фінансаў. Мультымедыйныя тэхналогіі, якія ствараюць неабходны эфект прысутнасці, патрабавалі немалых укладанняў.

/i/content/pi/cult/679/14952/1.jpgАле адразу пасля пераразання сімвалічнай чырвонай стужкі становіцца зразумелым, што яны сябе апраўдалі. Звычайны наведвальнік здзіўлена застывае перад мноствам сэнсарных экранаў, праекцый, тач-сталоў ды іншага мудрагелістага абсталявання. Яно дазваляе акунуцца ў атмасферу жыцця праслаўленых мастакоў і педагогаў легендарнай вучэльні. Дзякуючы намаганням рэстаўратараў і майстроў інфармацыйных тэхналогій, гэтыя постаці нібы паўстаюць з небыцця. І ўся лічбавая разнастайнасць прапануе неверагодны маршрут падарожжа — у будучыню праз спасціжэнне мінулага.

— Тая канцэпцыя, з якой мы прыступілі да рэстаўрацыі ў 2013 годзе, была ўвасоблена практычна поўнасцю, — так дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў ахарактарызаваў дасканала праведзеныя работы.

Доўгая падрыхтоўка

Варта адзначыць, што віцебскае грамадскае асяроддзе загадзя рыхтавалася да з’яўлення такога незвычайнага і па тэматыцы, і па напаўненні музея. Шэраг імпрэзаў, якія праводзіліся ў горадзе, прама ці ўскосна яму папярэднічалі. Адразу пасля Летняга Сонцастаяння 2016 года ў будынку, які тады яшчэ знаходзіўся на рэканструкцыі, адбылася акцыя Руслана Вашкевіча “Перамога над Сонцам”. Само перайменаванне часткі вуліцы Праўды ў гонар Марка Шагала, адкрыццё яго мемарыяльнай дошкі і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтым падзеям, таксама прадэманстравалі культурныя прыярытэты горада.

Рэгулярна ладзіліся і мерапрыемствы адукацыйнага характару — як, напрыклад, “Эль Лісіцкі — творца проўнаў” у Віцебскай абласной бібліятэцы, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння мастака. Можна таксама ўзгадаць выставачны праект “Над Сонцам. Казімір Малевіч — спадчына і ўплыў на мастакоў Захаду”, арганізатарам і куратарам якога сумесна з Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва стаў ірландскі мастак Шон Ханрахан.

У сваім выступе на адкрыцці музея старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў распавёў, што ідэя такой установы даўно лунала ў паветры, а вось яе ўвасабленне спазнала немалыя складанасці. Зрэшты, паводле яго слоў, усе яны кампенсуюцца ўнікальнасцю самога музея.

— Мы нават сёння, у дзень адкрыцця, недаацэньваем важнасць гэтага аб’екта для ўсёй нашай краіны, — адзначыў спадар Цярэнцьеў.

/i/content/pi/cult/679/14952/2.JPGСтаршыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін ахарактарызаваў з’яўленне новага музея як гістарычную падзею для горада. Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік трапна заўважыў, што Віцебск асацыіруецца не толькі са “Славянскім базарам”, але таксама і з цэлай плеядай знакавых для сусветнай культуры мастакоў.

І ўсе прамоўцы, зразумела, казалі пра перспектывы пашырэння турыстычнай плыні дзякуючы з’яўленню гэтага ўнікальнага аб’екта. Што і нядзіўна. Як адзначыў Андрэй Духоўнікаў, паломніцтва замежных мастацтвазнаўцаў, журналістаў, дакументалістаў да будынка вучэльні не супыняецца ва ўсе поры года. А цяпер ён будзе цікавы не толькі спецыялістам. Адсюль актуальнасць як культурная, так і ў чыстым выглядзе прагматычная.

Рэканструкцыя талакою

У дачыненні да ходу рэканструкцыі музея Уладзімір Цярэнцьеў прамовіў такое чароўнае беларускае слова, як “талака”. Пачынаючы з 2013 года, прадстаўнікі абласной і гарадской адміністрацый, работнікі культуры, арганізацыі “Віцебскгандльбуд” і “Віцебскграмадзянпраект”, а таксама фізічныя асобы аб’ядналі свае намаганні, каб гэты жаданы аб’ект у горадзе адкрыўся. Старшыня аблсавета адзначыў значную ролю цяперашняга памочніка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Косінца, які, будучы раней старшынёй Віцебскага аблвыканкама, вельмі шмат зрабіў для ўвасаблення ў жыццё ідэі стварэння музея.

Зрэшты, па словах Андрэя Духоўнікава, спіс удзельнікаў “талакі” гэтым не вычэрпваецца. У прыватнасці, істотна спрычыніліся да завяршэння работ і цяперашні старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Французскай Рэспубліцы Павел Латушка, які раней займаў пасаду міністра культуры.

/i/content/pi/cult/679/14952/KULTURA 2.jpgСцены як артэфакт

— Гэта адзін з самых важных будынкаў у гісторыі нашай культуры, — адзначыў дырэктар музея. — У нас, вядома, ёсць шмат прыгожага ў краіне, але тут мы маем проста неверагодную канцэнтрацыю вялікіх імёнаў, якія паўплывалі на ўсё далейшае развіццё сусветнага мастацтва. Аналагаў гэтаму сапраўды няма.

У розныя гады з’яўляліся дырэктарамі гэтай навучальнай установы Мсціслаў Дабужынскі і Марк Шагал. З ліку выкладчыкаў дастаткова назваць Казіміра Малевіча, Эль Лісіцкага, Веру Ермалаеву, Давіда Якерсона. Гэтыя асобы паўплывалі не толькі на мастацкі працэс, але і на развіццё дызайну, вонкавай рэкламы, плаката, сцэнаграфіі i гэтак далей.

Аднак часцей за ўсё самае галоўнае ў іх канцэптуальнай дзейнасці або не ўганароўваюць увагай, або замоўчваюць — не столькі знарок, колькі з прычыны зразумелых цяжкасцяў у разуменні сутнасці дзіўнага метанаратыву першых рэвалюцыйных гадоў.

У поўнай адпаведнасці з рэвалюцыйным пафасам таго перыяду, “сцвярджальнікамі” пераглядалася ўся класічная канцэпцыя чалавека. На першы план выходзіў праметэеўскі імпульс. Асоба парывала з ранейшым псіхалагізмам і культурай буржуазнага грамадства, будуючы цалкам новае асяроддзе. Сонца як бачнае боства закрывалася чорным квадратам Малевіча, які азначаў канец усім ранейшым законам перцэпцыі ў імя пераўтварэння свету. Вобразы будзятлян з футурыстычнага спектакля-оперы “Перамога над Сонцам”, увасобленых у розныя часы Казімірам Малевічам, Верай Ермалаевай і Эль Лісіцкім, вычарпальна выяўляюць ідэю “новага чалавека”.

Яшчэ не так даўно нават віцябляніну было цяжка паверыць, што ўсе гэтыя тэктанічныя зрухі свядомасці адбываліся тут, на знаёмай для яго вуліцы Праўды. Але музей са сваім беспрэцэдэнтна смелым для Беларусі дызайнам экспазіцыі дазваляе адчуць тую эпоху.

/i/content/pi/cult/679/14952/4.JPG

/i/content/pi/cult/679/14952/5.JPGЗвыклая для такіх устаноў задача захаваць памяць аб мінулым у дадзеным выпадку вельмі няпростая. Артэфактаў з таго часу ў Віцебску няма — як і арыгінальных работ знакамітых на ўвесь свет мастакоў. Арыгінальнымі, па сутнасці, засталіся толькі сцены будынка. Усё астатняе — вынік грунтоўнай рэканструкцыі помніка архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Без сумневу, галоўным экспанатам музея з’яўляецца ён сам — той дом, які належаў банкіру Ізраілю Вішняку і быў у 1918 годзе нацыяналізаваны пад патрэбы вучылішча.

Музею давядзецца стаць таксама і навукова-даследчым цэнтрам, які канцэнтруе разнастайную інфармацыю, звязаную з гісторыяй ВНМВ і аб’яднання УНОВИС. І, вядома, тут будзе збірацца і аналізавацца ўсё звязанае з далейшай дзейнасцю кожнага са “сцвярджальнікаў” і іх уплывам на тэндэнцыі развіцця сусветнай культуры ды сучаснага мастацкага жыцця. І, хочацца верыць, — таксама і крыніцай яго натхнення.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ

Фота Уладзіміра ЗАЛОЗНАГА