Словы пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Чарговы герой цыкла сяброўскіх нарысаў Адама Глобуса — асоба легендарная. На дзіва для многіх, яе партрэт атрымаўся зусім непарадным, не для школьнага падручніка. Але кожны яго штрых прасякнуты шчырай любоўю да колішняга суседа і старэйшага таварыша “дзядзькі Валодзі”.

/i/content/pi/cult/678/14951/30.JPGПершы подзвіг

Добра, калі герой, якога ты старанна апісваеш, здатны здзейсніць подзвіг. Большасць герояў, апісаных Караткевічам, ішлі і рабілі самаахвярныя подзвігі. Нават у аўтабіяграфіі Уладзімір Караткевіч знайшоў месца для аднаго подзвігу. “…“Непісьменным” сябе не памятаю. Маці кажа, што чытаць, непрыкметна для іншых, навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней. І, здаецца, гэта быў першы і апошні мой подзвіг” — так апісаў класік сваё вундэркідства ў “Дарозе, якую прайшоў”. Аўтабіяграфія пісалася ў 1964 годзе. Наперадзе было дваццаць гадоў жыцця і працы, дваццаць гадоў самаахвярнай працы дзеля літаратуры, дзеля беларусаў і Беларусі, дваццаць гадоў суцэльнага подзвігу.

Любімыя жанчыны

Казаць пра чужых жанчын, пра чужых жонак і каханак складана і рызыкоўна. Яшчэ больш складана расказваць пра любімых жанчын такога вядомага чалавека, як Уладзімір Караткевіч. Але ўсё ж паспрабую, бо некалькі разоў чуў нахабную хлусню на гэтую тэму. Ілгалі людзі вядомыя. Казалі пра донжуанства Караткевіча, якога, на мой погляд, было досыць мала. Людзі падманвалі і не чырванелі, што для мяне і не дзіўна.

Цяпер да праўды...

У дзядзькі Валодзі было пяць самых любімых жанчын, якія адыгралі ў ягоным жыцці вялікую ролю.

Найперш гэта маці — Надзея Васільеўна. Валодзя Караткевіч усё жыццё заставаўся такім сабе маміным сынком. Любіў яе пяшчотна і вельмі цяжка перажываў ейную смерць.

Другая жанчына, якая моцна паўплывала на Караткевіча — Ніна Молева. Яна выкладала гісторыю мастацтва ў маскоўскім літаратурным інстытуце. Караткевіч яе кахаў. Прысвячаў ёй вершы. Нават раман напісаў пра сваё вялікае каханне — “Нельга забыць”.

Трэцяя муза Уладзіміра Караткевіча — Валя, ягоная жонка. Яна натхняла пісаць запатрабаваную чытачамі прозу ў форме вострасюжэтнага дэтэктыва.

Дабрабыт і фінансы Караткевіча моцна залежалі ад ягонай маскоўскай перакладчыцы і сяброўкі — Валянціны Шчадрыной. Яна шмат паспрыяла поспеху Караткевіча ў розных савецкіх і замежных выдавецтвах. Кажучы кіношнай моваю, яна была ягоным прадзюсарам.

Калі Караткевіч згубіў маці і жонку, ім апекавалася сястра — Наталля. Гэтыя пяць разумных жанчын зрабілі ўсё, каб беларуская літаратура займела яшчэ аднаго класіка — Уладзіміра Караткевіча.

Барадулін і байкі

У Рыгора Барадуліна была нейкая малавытлумачальная рэўнасць да ўсіх, хто сябраваў ці быў папросту блізкі з Караткевічам. Пра ўсіх набліжаных да дзядзькі Валодзі людзей Рыгор Іванавіч распаўсюджваў розныя байкі. Казаў, што жонку Валянціну Караткевічу падсунулі “там, дзе трэба”.

Ведаючы схільнасць Барадуліна да рызыкоўных жартаў, я не аспрэчваў і не каментаваў яго меркаванне пра цётку Валю. Не каментаваў, бо думаў, што, калі б Барадулін быў жанчынай, ён не толькі “ажаніў” бы на сабе Караткевіча, але і прымусіў бы яго кінуць піць і курыць.

/i/content/pi/cult/678/14951/page-15-S.jpgДом, двор і смеццевозка

Цяпер можна пражыць у мінскім шматпавярховым доме гадоў дзесяць і не ведаць у твар усіх суседзяў па лесвічнай пляцоўцы. Нашае сталічнае жыццё робіцца ўсё больш замкнёным і нават герметычным. Ты існуеш у эгаістычным свеце, і суіснаванне пад адным дахам мала чым аб’ядноўвае людзей, бо ў нас больш няма аніякай агульнай штодзённай справы.

Калі я з бацькамі жыў на вуліцы Чарнышэўскага ў блочным пяціпавярховіку, дык усіх жыхароў нашай светла-шэрай новенькай “хрушчобы” аб’ядноўвала цёмна-шэрая смеццевозка. Яна прыязджала ў двор раз на дзень, і мы з вёдрамі, поўнымі розных маляўнічых адкідаў, выстройваліся ў стракатую чаргу. У гэтай чарзе я бачыў найлепшых беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова, бачыў там празаіка Пташнікава і паэта з узвышэнцаў — Язэпа Пушчу, бачыў драматурга Махнача і доктара Алешку, быў там перакладчык Хаім Мальцінскі і дзіцячы паэт Авер’ян Дзеружынскі, быў паэт Нядзведскі і была паэтка Еўдакія Лось, быў будучы фантаст Падбярэзскі і будучы спявак з “Песняроў” Кашапараў…

Заўсёды нехта з суседзяў спяшаўся на працу, і мне даводзілася выкідаць не толькі сваё, але і чужое смецце. Чаканне смеццевозкі праходзіла весела. Добра запомнілася, што больш за ўсіх весяліўся і весяліў іншых Караткевіч. Мужчынам ён апавядаў гучным — на ўвесь двор — голасам салёныя анекдоты. Жанчынам казаў салодкія кампліменты. Дзяцей спрабаваў напужаць нейкімі старымі школьнымі страшылкамі пра вялізнага сабаку з вогненнымі вачыма…

Неўзабаве з пяціпавярховай “хрушчобы” наша сям’я пераехала ў дзевяціпавярховік са смеццеправодам, і вясёлыя чаканні смеццевозкі засталіся ў мінулым.

Чэхаў і цягнік

Мой даўні знаёмы Алесь напісаў у дзённіку, што моцна не задаволены “Аўстрыйскімі авіялініямі”, бо ў венскім аэрапорце давялося лішнія дзве гадзіны чакаць пасадкі. Звычайны побытавы запіс мяне здзівіў тым, што яго напісаў менавіта Алесь, які ў цяжкіх умовах адсядзеў у турме некалькі гадоў. Прачытаўшы пра абурэнне авіялініямі, я згадаў дзядзьку Валодзю Караткевіча з ягоным любімым назіраннем са спадчыны доктара Антона Чэхава: лепей дзве гадзіны ў далёкім стэпу пад снегам і ветрам чакаць на маленечкай чыгуначнай станцыі цягнік, чым пяць хвілін дома ў цяпле і на канапе чакаць першую чарку гарэлкі.

Барадулін, Нядзведскі і смерць

Рыгор Барадулін пачуў, як мы — зусім зялёныя паэты-пачаткоўцы — смяемся са смерці старога выдавецкага графамана. Барадулін не стаў казаць добрыя словы пра графамана, ён расказаў, што ў маладосці разам з Караткевічам і Стральцовым таксама пасміхаўся са смерці старых дурняў. Так было, пакуль не памёр Уладзіслаў Нядзведскі. “Мы працверазелі і зразумелі, што заўтра-пазаўтра прыйдзе і наша чарга выпраўляцца ў лепшы свет. Чаму гэта адбылося менавіта на пахаванні Нядзведскага? Каб жа хто ведаў? Мусіць, з-за таго, што мы ўсе з ім шмат пілі і шмат смяяліся над магіламі кепскіх паэтаў. І з вамі здарыцца нешта падобнае, і вас чакае пахаванне свайго Нядзведскага...”

Прароцтва Барадуліна ўражвала, бо я выдатна помніў вечна захмялелага паэта Нядзведскага. Ён быў падобны на кінематаграфічнага верхаводу з італа-амерыканскай мафіі, такі сабе Аль Капонэ. Уладзіславу далося ў знакі цяжкае маленства, якое прайшло ў дзіцячым доме. Ён мог за сябе пастаяць у бойцы, але супраць выпіўкі быў зусім слабы.

У нашым літаратурным двары на вуліцы Чарнышэўскага Нядзведскі першы купіў свайму сыну хулахуп. Хлопчык выдатна круціў на таліі вялікі пластыкавы абруч. Двор быў у захапленні. Паэзію Уладзіслава Нядзведскага я, прызнаюся, ведаю кепска, бо ніколі не захапляўся савецкімі газетнымі рыфмаванкамі. Але, каб расказаць пра прароцтва Барадуліна пераканаўча, без паэтычнай цытаты не абысціся. Таму я пашукаў і выбраў чатыры радкі з першай кнігі Уладзіслава Язэпавіча Нядзведскага “Вясновыя барозны”:

Над полем і абалоннем

Туман белаваты вісне,

Такі, што вазьмі

ў далоні —

І шклянку вады

націснеш...

Маё пакаленне паэтаў перастала жартаваць і смяяцца над трунамі графаманаў пасля смерці Анатоля Сыса.

Самаспаленне

Караткевіч спаліў сябе гарэлкай. Шмат хто з нашых паэтаў спальваў сябе алкаголем. Сцяпан Гаўрусёў, Яўген Крупенька, Валодзя Марук, Рыгор Семашкевіч, Міхась Стральцоў, Толя Сыс, Мікола Федзюковіч, Мікола Купрэеў... Пра кожнага з іх і шмат пра каго іншага з беларускіх паэтаў можна сказаць нешта падобнае, але сфармуляваўся гэткі змрочны сказ тады, калі я з сумам згадаў апошнія дні Уладзіміра Караткевіча. Ён сам сябе спаліў...

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар