Тэрапія праз пакуты

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

“Лёс уратаваў яго ад лагераў і душагубак, але ён ўзышоў на гэтую Галгофу як мастак”. Такі эпіграф да выставы “Нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода”, якая праходзіць у віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала, у поўнай меры адпавядае яе трагічнаму зместу. Невыпадкова адкрыццё адбылося акурат напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, што адзначаецца 27 студзеня. Выстава, арганізаваная Музеем Марка Шагала ў Віцебску, Фондам Аляксандра Пячэрскага і Галерэяй “Вэлум”, уключае кніжныя ілюстрацыі і эскізы да іх, эскізы да карцін, алоўкавыя накіды. Цэнтральнае месца займае серыя “Нямецкая акупацыя” (“Зверствы немцаў”), створаная у гады вайны.

/i/content/pi/cult/678/14949/pages-13-copy-S.jpgВыстава Меера Аксельрода, які рэалізаваў сябе пераважна як графік і тэатральны мастак, праходзіць у Беларусі ўпершыню. Паказальная і тэматыка, з якой мастак вярнуўся ў нашу краіну. Ураджэнец Маладзечна, ён пачаў свой мастацкі шлях у Мінску, але пасля быў адпраўлены на вучобу ў вядомы ВХУТЕМАС і застаўся ў Маскве. Далейшы яго жыццёвы шлях быў звязаны з тым горадам. Там ён і стварае сваю першую серыю работ аб зверствах нацыстаў. Паняцце Халакосту яшчэ не існавала, аднак канцэптуальнае асэнсаванне мастаком трагедыі яўрэйскага народа ўжо тады было цалкам відавочным.

Тэматыка зверстваў нацыстаў у гады вайны праходзіць далей праз усё жыццё мастака. Пасля вяртання з эвакуацыі ён вывучае мноства дакументальных матэрыялаў пра мэтанакіраванае знішчэнне яўрэяў і сутыкаецца з жывымі сведчаннямі тых, хто ўсё бачыў сваімі вачыма. Вынікам пакутлівага ўнутранага пражывання падзей вайны стала графічная серыя “Гета”, над якой мастак працаваў у другой палове 1960-х гадоў.

Меер Аксельрод скончыў свой зямны шлях у студзені 1970 года. Ён дажыў да часу, калі паняцце Халакосту і яго асэнсаванне ў рэлігійным ключы стала шырока выкарыстоўвацца на Захадзе. Праўда, у Савецкі Саюз яно прыйшло значна пазней.

Творы Аксельрода, застаючыся сведчаннем памяці, у сваім метафізічным змесце ўжо выйшлі за межы пэўнага гістарычнага часу і набылі звышгістарычнае значэнне, якое мае адносіны да першапрычын катастроф, што адбываюцца ў прасторы чалавечага космасу. У графіцы мастака мы бачым сканцэнтраваныя пакуты ўсяго чалавецтва, калі асобнымі дзяржавамі з рэальным ці жаданым імперскім статусам пачынаюць авалодваць сілы Апраметнай. Аднак узнікненне твораў, падобных графічным работам Меера Аксельрода, сведчыць пра надзею на тое, што параза чалавечага пачатку ў чалавеку ўсё ж з’яўляецца часовым фактарам у гісторыі.

Аб гістарычных каранях прадстаўленых графічных твораў распавядала на адкрыцці выставы віцебская мастацтвазнаўца Людміла Вакар: “Работы такога зместу ўспрымаць вельмі складана. Але гэта своеасаблівая духоўная тэрапія, якая правярае ўнутраную глыбіню чалавека. Прадстаўленыя працы маюць вялікае мастацкае значэнне. Яны адносяцца да традыцыі перадрамантызма, калі ў мастацтва прыходзіць герой не алегарычнага зместу, а народ, які пакутуе і бунтуе. І яркім прыкладам тут можа быць творчасць Франсіска Гойі. Мы памятаем яго цыкл “Бедствы вайны”, памятаем яго “Расстрэл паўстанцаў у ноч на 3 мая 1808 года”… Менавіта гэтыя работы сугучныя творам Меера Аксельрода. У іх сканцэнтраваны пакуты і той гераізм, з якім гэтыя мукі пераносяцца. Творы вучаць стаяць прад бядой, захаваўшы пры гэтым сілу духа і чалавечнасць”.

Тое, што сярод экспанаваных работ мастака мы бачым пераважна эскізныя творы, зусім не зніжае каштоўнасці самой выставы. Эскізы, выкананыя вялікім майстрам, могуць яшчэ больш акцэнтавана выказваць ідэю ці яе прыватныя аспекты, перадаючы першапачатковыя перажыванні і эмоцыі, у дадзеным выпадку — чалавечы боль.

/i/content/pi/cult/678/14949/pages-13-S.jpgУладальнік калекцыі і куратар выставы Ілья Васільеў на цырымоніі адкрыцця дзяліўся ўспамінамі са свайго дзяцінства, калі самае моцнае ўражанне выклікалі аповеды пра пакуты вайны тых, хто праз іх прайшоў. Цяпер яго задачай з’яўляецца перадаць гэта веданне наступным пакаленням. Як адзначыў Ілля Васільеў, мастак гаворыць з гледачом праз свае творы наўпрост, без пасярэднікаў.

Скарбніцу культуры Беларусі складаюць унёскі розных нацыянальнасцей, рэлігій і канфесій. Яўрэйская культура з’яўляецца адной з частак адзінага беларускага космасу. Тое, што ў гады вайны яна бязлітасна знішчалася разам з яе носьбітамі, ёсць трагедыя і для беларусаў. Тэму памяці развіваў на адкрыцці выставы галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак: “Гэтая выстава сведчыць, што мы памятаем нашу гісторыю, якая цесна пераплеценая з яўрэйскім народам. Мы памятаем трагедыю віцебскага гета і іншых падобных месцаў”.

Будучы мастаком намінальна савецкім, Меер Аксельрод заўсёды заставаўся перш за ўсё сынам свайго народа як у жыцці, так і ў творчасці — і менавіта гэтым ён найбольш цікавы. Але не варта забывацца і пра месца яго нараджэння. Цяпер Маладзечна будзе дамагацца вяртання імя Меера Аксельрода, як гэта было ў Віцебску з імём Марка Шагала.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ