Майстар ва ўсім

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

У сталіцы праходзяць дзве выставы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стэльмашонка: “Мастак і Чалавек” у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага і “Жывыя малюнкі, вобразы, сімвалы…”

/i/content/pi/cult/678/14948/pages-13-copy-3-S.jpgУладзімір Стэльмашонак — знакавая постаць у айчынным выяўленчым мастацтве. Яму належыць выключная роля ў фарміраванні ўласна беларускай мастацкай школы — хай сабе і ў рэчышчы агульнасавецкай культуры, але з выразнымі рысамі нацыянальнай ментальнасці. Мастак скончыў ленінградскі Інстытут імя Рэпіна, які фактычна з’яўляецца спадкаемцам Імператарскай акадэміі. Вучыўся ў класіка сацыялістычнага рэалізму Барыса Іагансона. Магчыма, калі б пасля абароны дыплома пагадзіўся на зробленую яму прапанову застацца ў Ленінградзе, сёння ў расійскім мастацтве было б на аднаго класіка болей.

Аднак Уладзімір Стэльмашонак прыняў лёсавызначальнае для беларускага мастацтва рашэнне вярнуцца ў Мінск. Выкладаў ў тэатральна-мастацкім інстытуце, моцна паўплываў на светапогляды, а часам і на аўтарскі почырк цэлай кагорты маладых тады мастакоў, чые імёны сёння на слыху. Нездарма сталыя творцы з цеплынёй згадваюць Уладзіміра Іванавіча — свайго настаўніка.

Выстава ў галерэі Савіцкага — ужо сама па сабе сімвалічная падзея. Міхаіл Андрэевіч і Уладзімір Іванавіч належаць да аднаго пакалення, болей за тое — былі сябрамі. І галоўнае, яны — постаці аднаго гістарычнага маштабу, вартыя адзін аднаго паводле таленту і ўплыву на культурны працэс. У галерэі прадстаўлены творы, якія дазваляюць прасачыць творчую эвалюцыю мастака ад традыцыйнага рэалізму з даважкам імпрэсіяністычнай стылістыкі да манументальнай абагульненасці, сціслай палітры і эфектнага дэкаратывізму. Сталая творчасць майстра сваёй энергетыкай прымушае згадаць рэвалюцыйны авангард 1920-х гадоў. Безумоўную гістарычную каштоўнасць і цікавасць для мінчукоў-патрыётаў горада ўяўляюць ягоныя майстэрскія замалёўкі краявідаў сталіцы, якая яшчэ не залячыла раны вайны, але ўжо глядзіць ў заўтрашні дзень.

Імпрэза памяці Уладзіміра Стэльмашонка ў Музеі Якуба Коласа зыходна планавалася як выстава адной карціны — хрэстаматыйнага партрэта класіка літаратуры. Гэты шэдэўр захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. З просьбай пазычыць твор для экспанавання ў Коласавым доме дырэктар Зінаіда Камароўская звярнулася да свайго калегі Уладзіміра Пракапцова. Той у адказ прапанаваў зрабіць экспазіцыю з шасці палотнаў, уключаючы і аўтапрартрэт мастака. Так атрымалася невялікая, але эмацыянальна і сэнсава ёмістая персанальная выстава, дапоўненая дакументамі з архіва сям’і Стэльмашонкаў.

На адкрыцці выставы прысутнічалі сваякі, сябры і калегі творцы. Пранікнёнае слова пра нашага класіка сказаў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які высока ацаніў творчую спадчыну Стэльмашонка, ягоную незвычайную здольнасць дасягаць плёну ў розных іпастасях — ад майстра акварэлі і малюнка да аўтара мазаік і вітражоў. Таксама спадар Сітніца згадаў, што Уладзімір Іванавіч ачольваў Саюз мастакоў у пераломныя гады і нямала зрабіў дзеля захавання творчай супольнасці ў не надта спрыяльных для мастацтва ўмовах.

/i/content/pi/cult/678/14948/pages-13-copy-2-S.jpgСын мэтра Сяргей — таксама мастак — выказаў прысутным ад імя сям’і ўдзячнасць за памяць пра бацьку. Ён згадаў, што Уладзімір Іванавіч калісьці даў яму дзве парады, якімі Сяргей кіруецца дагэтуль. Першая — заўжды мець пад рукамі нататнік і маляваць у ім. Такім чынам нават час, праведзены ў транспарце па дарозе на працу, не будзе змарнаваным. Другая — калі малюеш, не спяшайся ўключаць галаву: давярай эмоцыям, і рука сама выведзе на патрэбную форму.

Мяркуючы па творчых дасягненнях Сяргея Стэльмашонка, бацькоўскія парады пайшлі яму на карысць.

Фота Паліны
КАСМАЧОВАЙ


Пра настаўніка

Уладзімір Іванавіч Стэльмашонак. Настаўнік, старэйшы сябар, як мы яшчэ называлі адзін аднаго — “катковец”: Уладзімір Іванавіч хадзіў у студыю Сяргея Пятровіча Каткова пасля вайны, я — у 1960-я.

Уладзімір Іванавіч быў кіраўніком майго дыплома на манументальным аддзяленні Тэатральна-мастацкага інстытута, і далей я ўдзельнічаў у ягонай творчай групе, якая працавала над аздабленнем Дома літаратара. Калі я вёў студыю выяўленчага мастацтва ў Палацы культуры чыгуначнікаў, Уладзімір Іванавіч абавязкова наведваў нашыя (ці маю, ці дзяцей) выставы. Гэты раён быў яму блізкім: тут ён пэўны час жыў, тут жа была і ягоная майстэрня.

На дзесяцігоддзе студыі “Квецень”, якая ўжо мела званне народнай, упершыню быў выстаўлены макет будучага цэнтра эстэтычнага выхавання, які выканалі са мною старэйшыя студыйцы, што скончылі на той час архітэктурны факультэт. Дзякуючы “прабіўным здольнасцям” Уладзіміра Іванавіча і падтрымцы неабыякавых людзей, праект быў рэалізаваны, але, шчыра кажучы, рэчаіснасць не спрыяла ягонаму далейшаму развіццю.

Уладзімір Іванавіч з’ехаў у Маскву дэпутатам, і цэнтр без ягонай апекі паціху згас. Але і далей наша сяброўства працягвалася. Ён запрашаў на свае выставы мяне, я — яго. І гэтак штогод. Да ягонай хваробы.

Памятаю апошнюю выставу акварэляў Уладзіміра Іванавіча ў Нацыянальным мастацкім музеі. Хоць ён усміхаўся, было відаць, што мастак мусіць прыкладаць намаганні нават каб кніжку сваю падпісаць… Але пры гэтым ён здолеў зрабіць сваім сябрам і мастацкай грамадзе прыгожае свята.

Вось і ў мяне ў майстэрні вісіць на сцяне малюнак Уладзіміра Іванавіча з ратамскім краявідам, падораны мне на тым апошнім вернісажы. Я гляджу на яго і з удзячнасцю згадваю майго настаўніка і старэйшага сябра.

Алесь КВЯТКОЎСКІ

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"