Экспрэс да станцыі “Танцулькіна”

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Галоўныя навіны дасылаюцца на адрас рэдакцыі, безумоўна, з сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі — Наваполацка. Як паведаміла спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наваполацкага гарвыканкама Ганна Казакова, днямі распачалася акцыя “Лілея сяброўства”, якая цягам года адлюструе творчую сувязь культурнай сталіцы-2018 з гарадамі-пабрацімамі. А такіх у Наваполацка аж 20 — з Латвіі, Расіі, Кітая. Адкрыў праект канцэрт-лёсаванне творчых калектываў агульнаадукацыйных школ.

А рэй у названай справе, зразумела, будуць весці работнікі культуры. У плане гарадскіх мерапрыемстваў — самыя разнастайныя майстар-класы, святы нацыянальных кухань, тэатралізаваныя дзеі і канцэрты. 5 — 6 лютага ў горадзе прайшлі творчыя сустрэчы з паэтам-земляком Навумам Гальпяровічам, які святкуе 70-гадовы юбілей. А на пачатак сакавіка запланавана ўрачыстае гашэнне паштовай маркі “Наваполацк — культурная сталіца Беларусі”.

Творчае жыццё віруе і ў іншых рэгіёнах краіны. Наступная навіна наўпрост звязана з чарговым прыемным і, як падаецца, доўгатэрміновым знаёмствам. Загадчык аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Канстанцін Яраш напісаў ліст пра тое, як сельскі клуб вёскі Будзёнаўка днямі пераўтварыўся ў… чыгуначную станцыю. Ад яе экспрэс “Зімовыя забавы” адправіўся да станцыі “Танцулькіна”. Так, самы сапраўдны экспрэс, дзе нават вагон-рэстаран меўся. Пасажыры куплялі білеты, цягам вандроўкі іх суправаджалі вакалісты з ансамбляў “Сустрэчы” і “Чаромха”. Аляксандр Пашкоўскі граў на флейце. Дзяцей забаўляў майстар па аквагрыму, на “пероне” — пляцоўцы ля клуба — прадаваліся сувеніры. Акцыя для сельскага клуба, скажам, — нестандартная. Хто ж прыдумаў такую? Звязаўся з кіраўніком Будзёнаўскага СК. Пазнаёміліся: Настасся Дорняк, 28 гадоў, скончыла Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, працуе ў сферы культуры дзесяць гадоў, летась стала загадчыцай клубнай установы. Ідэю экспрэса Насця “нарадзіла” разам з мастацкім кіраўніком клуба Валянцінай Горыд. Так трымаць, дзяўчаты! З радасцю я даведаўся і пра тое, што спадарыня Дорняк сёлета будзе паступаць на завочнае аддзяленне ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Пажадаем ёй удачы ў гэтай пачэснай справе!

/i/content/pi/cult/678/14945/pages-10-11-S.jpg

Як і заўжды, Ашмяншчына актыўнічае ў справе эпісталярных стасункаў з “К”. Піша настаўнік па класе скрыпкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Чэрская: “На аддзяленні ФСД (фартэпіяна, скрыпка, духавыя інструменты) стала традыцыяй штогадовае правядзенне тэматычнага тыдня, прысвечанага пэўнаму музычнаму інструменту. Калі школьнае жыццё — разнастайнае, тады і навучанне — паспяховае. Адзін з апошніх тыдняў студзеня каралевай школы стала вытанчаная і чарадзейная скрыпка. Настаўнік па класе скрыпкі Ірына Асмольская разам з вучнем 7 класа Уладзімірам Гіруцем дала адкрыты ўрок.

У актавай зале быў арганізаваны кіналекторый “Скрыпачы ХХІ стагоддзя”. Адна з класных гадзін называлася “Развіццё самастойнасці на занятках у класе скрыпкі”. Гаворка ішла пра ўменне рацыянальна выкарыстоўваць час для навучання. На Таццянін дзень з канцэртам выступілі Таццяны: Каралёва, Печкур і я. А ў заключным канцэрце майстэрства дэманстравалі вучні 1 — 2 класаў”.

Тэму Дня ўсіх Таццян працягвае намеснік дырэктара Гальшанскай (Ашмяншчына) дзіцячай школы мастацтваў Дар’я Антановіч. На базе класаў аграгарадка Баруны адбыўся канцэрт. Госці маглі пазнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі свята. Выступілі салісты-інструменталісты, вакальныя калектывы.

Інфармацыйную эстафету пераймае намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур. Яна распавядае пра тое, што вучань другога класа — баяніст Ягор Кетрыс (настаўнік Марыя Лопух) — стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ужо на першым годзе навучання Ягор стаў лаўрэатам ІІІ ступені ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя вяршыні — 2017”, які праходзіў у Мінску. Першая сур’ёзная перамога натхніла. Не за гарамі, думаецца, і наступныя.

Да 80-годдзя з часу ўтварэння Віцебскай вобласці аддзел бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі ЦБС Браслаўскага раёна падрыхтаваў пазл-акцыю “Мая Віцебшчына”. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ Ірына Макарэвіч і дырэктар установы Вольга Ляснеўская растлумачылі сутнасць акцыі. З рознакаляровых пазлаў усіх раёнаў трэба сабраць выяву вобласці. Справу распачалі чытачы, работнікі арганізацый і ўстаноў горада. У лютым своеасаблівая карта рушыць у падарожжа па бібліятэках сістэмы.

Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык агучвае лозунг бібліятэкараў усіх часін і народаў: чытачоў шмат не бывае! Менавіта таму ва ўстановах вобласці сістэмна ладзяцца мерапрыемствы па прыцягненні новых аматараў кніг, асабліва — дзяцей і падлеткаў. Верцялішкаўская сельская бібліятэка як інфармацыйна-краязнаўчы цэнтр сабрала другакласнікаў на літаратурную гульню “Цудоўны свет бібліятэкі”. А Скідзельская гарадская бібліятэка сямейнага чытання арганізавала для выхаванцаў дзіцячага садка агляд перыядычных выданняў “Часопісны калейдаскоп”. Будучыя чытачы знаёміліся з правіламі карыстання кніжкамі, з паняццем “фармуляр”.

Супрацоўнік аддзела бібліятэчнага маркетынгу са Шчучына Віталій Рубанаў распавядае, якім чынам бібліятэкі раёна святкуюць 210-годдзе з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. 2 лютага Навадворская сельская бібліятэка накіравалася ў завочнае
падарожжа “Дарогамі Дуніна-Марцінкевіча”. Са школьнікамі правялі віктарыну, прысвечаную жыццю і творчасці пісьменніка. 3 лютага ў Васілішкаўскай СБ прайшла літаратурная гадзіна, прысвечаная нацыянальнай драматургіі Дуніна-Марцінкевіча. Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дэмбрава спынілася на жыцці і творчасці класіка. Гаворка ішла пра стаўленне аўтара да фальклору. У бліжэйшы час падобныя акцыі пройдуць у Куляшоўскай, Каменскай, Гурнофельскай бібліятэках.

Бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Быхава Кацярына Якаўлева абагульняе дзейнасць сваёй установы за 2017 год. Установа займаецца прапагандай здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і падлеткаў. Рэалізоўвалася праграма “Бібліятэка — тэрыторыя здаровага стылю”. Да яе падключыліся адукацыйныя ўстановы, райбальніца, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Поруч з друкаванымі выданнямі выкарыстоўваліся і відэаматэрыялы на CD-носьбітах. Відэалекторыі сталі традыцыйнымі. Падчас летніх вакацый бібліятэкары ладзілі адпаведную працу ў летніках.

4 лютага ў аграгарадку Дворышча Лідскага раёна ўжо ў пяты раз адбылося свята бліноў “Бліны ды аладкі — усё вясны-красны нагадкі”. Як напісала нам вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Троцкая, упрыгожаная сцэна, мноства яркіх лакацый для фатаграфавання, смачныя бліны ды аладкі рознай таўшчыні ды велічыні, добрыя музыкі, вясёлыя артысты і скамарохі, а таксама мноства народных і спартыўных забаў прыемна здзівілі гледачоў, якія прыехалі ў Дворышча з Ліды і навакольных вёсак. Таксама ў дзень свята гледачы атрымалі магчымасць наведаць новы турыстычны аб’ект — комплекс “Вольны мельнік” і сустрэцца з рыцарамі Сярэднявечча.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"