“ПлаSтформа” паміж рухам і сэнсам

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў “ПлаSтформа”, які ўжо шосты раз пройдзе на наступным тыдні ў Мінску, вяртаецца да былых маштабаў. Гэта ізноў паўнавартасны фэст, які ладзіцца на розных пляцоўках, мае замежных удзельнікаў і, што самае важнае, дэманструе шырокую панараму той мастацкай з’явы, якой ён прысвечаны. Хаця, паводле не зусім добрай традыцыі, праводзіцца форум па-ранейшаму з намаганняў і энтузіязму кіраўніка “ІнЖэста” Вячаслава Іназемцава ды яго паплечнікаў.

/i/content/pi/cult/678/14941/15.jpgДоўгачаканая прэм’ера культавага тэатра “Генезіс, або Паходжанне Відаў” мусіла стаць цэнтральнай падзеяй форуму. Ды, на жаль, захварэў адзін з актораў, і таму ледзь не ў апошні момант спектакль быў перанесены ў часе. Тым не менш, праграма фэсту застаецца насычанай і ўключае як паўнафарматныя пастаноўкі, даўно ацэненыя публікай і крытыкай, так і шматлікія экзерсісы. Аншлагавыя “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” і “Бетон” Яўгена Карняга, безумоўна, дадаюць “ПлаSтформе” вагі, але найбольшая яе каштоўнасць — магчымасць азнаямлення з некаторымі (каля)тэатральнымі практыкамі, абвесткі пра якія зазвычай у мінскай афішы адсутнічаюць.

Вечары сучаснай харэаграфіі і перформансу збяруць добрую кагорту як прызнаных ужо, гэтак і пакуль малавядомых аўтараў. А група Structurers ізноў прапануе ўсім ахвотным далучыцца да імправізацыйнай дзеі ў фірмовым фармаце харэаграфічнага хэпенінгу, калі сціраецца мяжа між выканаўцамі і публікай.

Уключае праграма фэсту таксама й шматлікія лекцыі ды майстар-класы. Прычым, разлічаны яны не толькі на маладых актораў і танцораў, але й на зацікаўленых гледачоў, якія хочуць як найглыбей пазнаць сучасныя тэатральныя і перфарматыўныя формы, паўсталыя між рухам і сэнсам.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"