Нотр-Дам Гаўрылы Вашчанкі

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Ёсць мудрая французская прытча, якую я вельмі люблю. Тры чалавекі цягнуць нагружаныя тачкі, а прахожы ў кожнага пытае: “Што ты робіш?” Першы адказвае: “Каменне вязу”. Другі: “Грошы зарабляю”. Трэці, з гонарам: “Я будую сабор Нотр-Дам!”

 /i/content/pi/cult/165/1494/Notr-Dam1.jpg

Г.Вашчанка. “Вяртанне”.

Прыгадалася гэтая прытча напярэдадні 80-гадовага юбілею выдатнага жывапісца, манументаліста і педагога, народнага мастака краіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара Гаўрылы Вашчанкі.
Так, падумалася мне, свой Нотр-Дам мастак пабудаваў, стварыў той самы храм, які можна назваць Партрэтам часу.
Жывапісец дасканала валодае мастацтвам шырокага ахопу прасторы, будуючы свой Храм на падмурку двух пачаткаў: беражлівых адносін да памяці і пранізлівай жывой любові да роднай зямлі, якая бярэ свой пачатак на Брагіншчыне, у вёсачцы Чыкалавічы, што была потым знішчана Чарнобыльскім ураганам.
Думаю, менавіта гэтая трагедыя так ці інакш увайшла ў многія палотны мастака, нават і ў тыя, якія адкрыта не звязаны з тэмай Чарнобыля, якія адкрываюць яшчэ не цалкам усвядомленую глыбінную трагічнасць нашага часу. Не той, усім добра вядомы газетны “набор” — радыяцыя, чорная быль, Чарнобыль, экалогія, дэмаграфія і г. д., — а тое, што тоіцца за ўсім гэтым, што знаходзіцца ў першааснове, тое, што “не снилось нашим мудрецам”.
Мастацкае мысленне Гаўрылы Вашчанкі па сваёй прыродзе касмічнае — нават у цудоўных акварэлях. Ледзь не кожны ягоны твор — гэта спраецыраваны на палатно альбо на сцяну інтэр’ера Космас, дзе прысутнічаюць мінулае і будучае, душа і фізічны вакуум, прастора і час, прадчуванне і памяць.
Што характэрна для творчасці Гаўрылы Вашчанкі ў цэлым? Спалучэнне лірыкі і эпікі — цікавая рыса паэтычнага свету мастака. У ім, у гэтым свеце, выяўляе сябе штосьці пастаяннае, устойлівае, нязменнае — свайго роду ўлонне жыцця і гісторыі. Але ў ім бачна бесперапынная плынь паўсядзённасці, адчуваецца ўся складанасць і вастрыня сучаснага свету, якія складваюцца ў абставінах драматычных канфліктаў. Але пры доўгім паглыбленым знаёмстве з карцінамі становіцца бачна, што рух лірычнага пачуцця заўсёды падпарадкоўваецца тут больш важкім і строгім пачаткам, якія ў рэшце рэшт аказваюцца вырашальнымі і арганізуюць усю сістэму выяўлення.
Кожнае палатно Г.Вашчанкі “дыхае” сваёй асаблівай “колеравай ідэяй”, наскрозь пранізанай той мастакоўскай філасофіяй, дзе глыбока закладзены нерв праўдашукання, дзе свеціцца ўсхваляваная і спагадліваядуша. Глыбокая ўпэўненасць славяніна, што “трэба жыць па праўдзе”, складае, на мой погляд, унутраны падмурак жывапісных і
 /i/content/pi/cult/165/1494/Notr-Dam2.jpg
Г.Вашчанка. “Палеская мадонна”.
манументальных твораў майстра, лепшыя з якіх увайшлі ў “залаты фонд” сучаснай выяўленчай класікі нацыянальнага мастацтва.
Дастаткова ўспомніць такія “знакавыя” работы Гаўрылы Харытонавіча, як “Маё Палессе”, “Мацярынскія крылы”, “Баллада пра мужнасць”, “Прарыў”, “Мір зямлі маёй”, “Ліпеньскі мёд”, “Гучанне цішыні”, “Дыялог”, “Хлеб”, “Мой край”, “Кантрасты”, “Грунвальдская бітва”, “Начны блюз”, “Прысвячэнне Мінску”, “Крэва”, цыклы палотнаў пра Чарнобыль і пра духоўны стан сучаснага чалавека. Усе свае выразна-выяўленчыя сродкі мастак падпарадкоўвае аднаму: пошуку вобраза, здольнага выказаць бясцэнны скарб чалавечых пачуццяў. І гэты вобраз ён знаходзіць у сваіх творах паслядоўна і пераканаўча, бо ў кожную сваю карціну, вітраж, роспіс, акварэль укладае часцінкі свайго сэрца. Вось чаму ягонае мастацтва так уздзейнічае на нашы душы — уздзейнічае мудрасцю, вынаходлівасцю, яснай філасофіяй быцця.
Па вялікім рахунку, паэтычны свет Гаўрылы Вашчанкі — калейдаскоп, у якім сыходзіцца спектр самых розных колераў і адценняў, самых мудрагелістых абрысаў. Кожны ягоны твор — гэта ледзьве ўлоўны паварот калейдаскопа, хвіліна — і ўжо новы свет, новыя формы, новыя тэмы, сюжэты, думкі. У той жа час, творы мастака — частка адзінага позірку на мінулае і будучыню, прычым, як і ў кожнага таленавітага мастака, у ягонай творчасці закладзена нейкая таямніца, якая і завецца “ўрачыстасцю мастацтва”. І гэтай “урачыстасцю”, гэтай глыбіннай магутнасцю, цудоўнасцю колерапластыкі паэзіі ён размаўляў з гледачом, застаючыся заўсёды самім сабою.
Канешне, як мастака маэстра Гаўрылу Харытонавіча ведаюць многія, ягоныя творы захоўваюцца больш чым у 30 найбуйнейшых музеях і галерэях свету, не кажучы ўжо пра вітражы і роспісы.
У мастака ёсць і свая, “імянная” карцінная галерэя ў Гомелі, дзе 20 чэрвеня адкрылася яго юбілейная выстаўка. А гэта ўжо з’ява ў нацыянальнай культуры, бо яна, галерэя, паўстае адкрытай кнігай агульных пачуццяў, праўды гісторыі, праўды жыцця.
Гэта і ёсць сапраўдная народнасць народнага мастака, якіідзе па жыцці годна і прыгожа вось ужо 80 гадоў.
З Днём нараджэння вас, Гаўрыла Харытонавіч, і з юбілейнай выстаўкай на Радзіме! 

Барыс КРЭПАК