Верны сцэне да апошняга

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Гэта цяжкая страта не толькі для Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе ён працаваў больш за 55 гадоў, — для ўсёй беларускай культуры. І постсавецкай таксама!

/i/content/pi/cult/678/14938/13.JPGЁн доўга хварэў, апошні раз выходзіў на сцэну летась у маі — у ролі Цімоха Чарнушкі, бацькі Ганны, у адным са сваіх улюбёных спектакляў “Людзі на балоце”. Гэты раман Івана Мележа можа лічыцца скразным у яго жыцці: Генадзь Міхайлавіч удзельнічаў у розных яго ўвасабленнях на тэатральнай сцэне і ў кіно — вядома, у розных ролях. Спярша ён быў Васілём Дзятлікам, закаханым у Ганну Чарнушку. І гэта быў радыёспектакль! Пазней з’явіўся тэлефільм Аляксандра Гутковіча. Нарэшце, узнікла і тэатральная пастаноўка, дзе рэжысёрам выступіў Барыс Эрын. Спектакль быў у рэпертуары больш за 15 гадоў — і ўвесь гэты час Генадзь Гарбук выходзіў на сцэну ў ролі Васіля.

А ў 1981-м Віктар Тураў зняў і па сёння знакамітую стужку (дарэчы, гэта была дылогія “Палеская хроніка”, бо праз год з’явілася другая частка — “Подых навальніцы”). Там Генадзь Міхайлавіч ужо стаў бацькам Ганны. Нарэшце, у 2012-м Аляксандр Гарцуеў вярнуў на купалаўскую сцэну мележаўскі раман — не толькі ў новай пастаноўцы, але і ў сваёй уласнай інсцэніроўцы. Так Генадзь Гарбук зноў стаў Чарнушкам. Бачыла купалаўская сцэна і трэцюю частку мележаўскай трылогіі — “Завеі, снежань”, дзе Генадзь Міхайлавіч іграў старшыню райвыканкама Івана Апейку.

Здаралася, ён увасабляў і іншаземцаў, і ворагаў. Але ўсё роўна застаўся ў нашай памяці тым героем дый проста чалавекам, які акумулюе ў сабе беларускі нацыянальны характар. Не тыя плакатныя ўвасабленні прыгнечанага цяжкай доляй лапцюжніка ці шчаслівага калгасніка, а тонкія псіхалагічныя ваганні-хістанні, глыбокі ўнутраны драматызм, заўважны гледачам нават на апошнім радзе балкона. Што ўжо казаць пра кіно: там тыя псіхалагічныя тонкасці артыст выдаваў, бы пад мікраскопам. Дастаткова згадаць хаця б знакамітую стужку “Белыя Росы”, дзе ён сыграў старэйшага сына Хвядоса — Андрэя.

У многіх ягоных героях адчуваўся нейкі трагічны надлом, у вачах — спрадвечная беларуская туга, глыбокія душэўныя пакуты. Але гэта не значыць, што ён не ўсміхаўся! Памятаю, як я рабіла з ім інтэрв’ю да яго 80-годдзя — і ён са смехам распавядаў, як яшчэ студэнтам набіў шышак на ілбе не абы-каго, а тагачаснага опернага прэм’ера Ісідара Балоціна.

Генадзь Гарбук — гэта сапраўды тэатральная эпоха. Выхаванец Дзмітрыя Арлова, ён разумеў тэатр гэтак жа, як і яго настаўнік — як “трыбуну для выхавання людзей”. І быў верны сцэне да апошняга.

Фота Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/678/14938/12.JPG


“Заклік да святла, дабра і хараства — гэта маё”

Імя Генадзя Гарбука неаднаразова сустракалася на старонках “К”, і распавядаў ён пра сябе шмат, але зараз хочацца/i/content/pi/cult/678/14938/pages-6-7-S.jpgпрывесці некалькі разважанняў артыста, якімі напярэдадні 75-гадовага юбілею ён падзяліўся ў сяброўскай размове з Барысам Крэпакам.

Артыст і акцёр

— Артыст — гэта мастак, які займаецца “изящными” мастацтвамі: музыкант, жывапісец, скульптар, танцоўшчык, ювелір, фокуснік, спявак. Шавец, каваль ці кухар таксама могуць быць артыстамі. Гэта, наогул, майстар сваёй справы, штукар, дока. Я — акцёр, ад грэчаскага слова aktis (“дзеянне”). Гэта чыста сцэнічнае вызначэнне: кажучы словамі Даля, “лицедей, играющий на театре”.

Тэатр ці кіно?

— Тэатр: тут я адчуваю гледача, яго дыханне, апладысменты, маўчанне. Мне гэта бліжэй. Хаця кіно дае іншую перавагу: можна паглядзець на сябе збоку, праз шмат гадоў ацаніць, як ты сыграў ролю. Праўда, гледзячы ў старых стужках на сябе, маладога, іншым разам узнікае настальгія па тых гадах, якія ніколі больш не вернуцца. У кіно — буйны план, і глядач бачыць толькі мае вочы, камера аддаляецца — і ты становішся маленькім фрагментам у палатне фільма. Затое ў тэатры, калі ты змяняеш адносіны да персанажа, маеш магчымасць трохі “перакроіць” вобраз. У кіно ж — ніколі…

Першая роля на купалаўскай сцэне

— Гэта была п’еса “Футбол” Кантэна і Белака (у арыгінале — “Рэгбі”). Я іграў аднаго добрага хлопца, якога, праўда, ужо ў першым акце забіваюць. Ставіў спектакль Відаўскі, а галоўным рэжысёрам тэатра тады быў Юрый Шчарбакоў. Тую ролю выконваў, калі не памыляюся, у 1962 годзе.

Дагледжаная зямля

— З дзяцінства не люблю запушчанай ці закінутай, занядбанай зямлі. Зямля павінна быць заўсёды дагледжанай: відаць, гэта — ад маіх сялянскіх каранёў. Мае продкі з Ушаччыны — чыстай вады земляробы, для якіх зямля — гэта ўсё. Сам я магу працаваць на сваёй “фазэндзе” з раніцы да ночы. Асабліва люблю вазіцца з бульбай. Можна сказаць, я — прафесійны бульбавод: вырошчваю бульбу па галандска-бельгійскай методыцы, і, кажуць, у мяне добра атрымліваецца. Лецішча — не толькі здавальненне, але і здаровы лад жыцця. Для мяне — гэта найлепшая “крэпатура” цела: не трэба ніякіх салярыяў, турэцкіх пляжаў, альпійскіх лугоў.

Жыць “па праўдзе”

— Мой блізкі сябра Раман Філіпаў калісьці кінуў такую фразу: “Калі ў прадмеце мастацтва ёсць заклік да святла, дабра і хараства — гэта маё. Калі гэтага няма — гэта не маё…” Лепш не скажу. І яшчэ часта ўспамінаю блізкага мне па духу Васіля Макаравіча Шукшына, які казаў: “Маральнасць ёсць праўда” і “Не забыць бы, што мы людзі”. А што тычыцца ўласна прафесіяналізму, дык на гэты конт у майго настаўніка Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова аднойчы прагучала такая думка: “Беражы партнёра. І ў непагадзь цёплым шалем ухутай яго, а не сябе”. Вось я і стараюся жыць “па праўдзе” — і ў жыцці, і на сцэне, і на здымачнай пляцоўцы…

Вы­трым­кі з інтэрв’ю 2009 го­да, № 31


 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"