Суплёт наспелых пытанняў

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Культура ў люстэрку эканамічных патрабаванняў
На справаздачнай калегіі Міністэрства культуры традыцыйна выступаюць з дакладамі прадстаўнікі розных кірункаў сферы. У асяродку калег з усіх рэгіёнаў краіны, сабраных у зале пасяджэнняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выступоўцы ставілі на мэце прааналізаваць дасягненні апошняга часу, узняць наспелыя праблемы і акрэсліць пастаўленыя перад галіной задачы на 2018 год.

Досвед ці атракцыён?

/i/content/pi/cult/678/14937/7.JPGПершым да мікрафона выйшаў Сяргей Клімаў. Дырэктар нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” распавёў пра тэндэнцыю з’яўлення ў краіне новых музеяў. З яго слоў, гэта не айчынны феномен: у сярэднім у свеце штогод узнікае 700 новых экспазіцыйных кропак, і звязана тое са сферай турызму, якая надзвычай дынамічна развіваецца. Выступоўца адзначыў: “Калегі ў Еўропе і на іншых кантынентах даводзяць, што сённяшнія наведнікі шукаюць не веды (па інфармацыю публіка ўсё часцей звяртаецца ў Сеціва), а эмоцыі. Можна палемізаваць, чым сёння з’яўляецца музей — храмам ці атракцыёнам, аднак цяжка спрачацца з агульнасусветным трэндам”.

Людзей прыцягвае эксклюзіўнасць аб’екта, зручная інфраструктура, урэшце, — магчымасць смачна паабедаць. Беларусь ўсё гэта можа прапанаваць турысту. Бязвізавы рэжым зрабіў нацыянальныя славутасці “бліжэйшымі” да замежнікаў: той самы музей-запаведнік “Нясвіж” за апошні год наведала на 35 працэнтаў больш іншамоўных турыстаў. Але ці адказваюць айчынныя музейшчыкі на выклік часу?

— Сёння да работы з буйнымі турыстычнымі плынямі адаптаваны не больш за пяць музейных пляцовак краіны, — канстатаваў выступоўца. — Яны маюць адпаведную інфраструктуру, у якую былі ўкладзены значныя інвестыцыі. Астатнія ўстановы знаходзяцца ў складаных — у першую чаргу, эканамічных — умовах: ім бракуе сродкаў на новыя праграмы, у іх старыя экспазіцыі, і таму яны не цікавыя масаваму турысту, які якраз і прыносіць грошы ва ўстанову.

Спадар Клімаў разважаў над пытаннем, ці варта выконваць патрабаваныя паказчыкі платных паслуг адно праз камерцыйныя, часам кітчавыя выставы і прымусовыя культпаходы школьнікаў. Па яго меркаванні, ёсць некалькі варыянтаў выйсця з сітуацыі. Пачаць можна з унутранай рэвізіі і арганізацыйнага праектавання. Агульнавядома, што поспех любой арганізацыі вызначаюць кадры. Дырэктар упэўнены: вывесці музей з крызісу можа толькі дасведчаны кіраўнік, таму трэба набіраць спецыялістаў па конкурсе. У Беларусі ўжо былі два такія прэцэдэнты, і гэта дало станоўчы вынік.

На думку Клімава, у некаторых айчынных установах неапраўдана вялікі штат. Для ўнутранага рэфармавання ён прапануе новы арганізацыйны канфігуратар. У суседніх краінах усё часцей ствараюцца музейныя холдынгі, кластары, аб’яднаныя музеі, і такая форма дазваляе канцэнтраваць кадры, фінансы, тэхналогіі для адэкватнага адказу на выклікі часу, рацыянальна пераразмяркоўваць сродкі, развіваць інфраструктуру.

— Хуткасць руху да кардынальных змен вызначаецца нарматыўнай базай. На жаль, у музейнай сферы яна састарэла. Нават Кодэкс аб культуры, у многіх аспектах, не адпавядае запатрабаванням сённяшняга часу, — падкрэсліў дакладчык. — Няма распрацаваных палажэнняў адносна функцыянавання музеяў у сучасных эканамічных варунках, дзяржаўна-прыватнага партнёрства, працы на фінансавых рынках, а таксама капіталізацыі прадметаў гісторыі і культуры. У Беларусі назіраецца вострая неабходнасць сталай працы з нарматыўнымі базамі — найперш уключэння ў іх новых пастулатаў. Рашэннем гэтай задачы магло б стаць стварэнне пры адным з вядучых музеяў краіны цэнтра музейнай дакументацыі і экспертызы, здатнага аказваць метадычную дапамогу і кансультацыі ў складанні экспазіцый, выставак, атрыбуцый.

Прагучала на пасяджэнні і выказванне пра адсутнасць у краіне цэнтра, які рабіў бы поўную экспертызу музейных прадметаў. Са слоў Сяргея Клімава, гэтая акалічнасць часам вельмі моцна ўплывае на кошт набыцця прадмета ў экспазіцыю: “Вядомыя выпадкі, калі за ідэнтычныя рэчы нашы музеі выдаткоўвалі сумы, адрозныя адна ад адной у два-тры разы”.

Як заўважыў дакладчык, у нас немагчыма вызначыць сапраўдны кошт многіх прадметаў, бо няма свабоднага рынкавага продажу. За мяжой гэтыя задачы вырашаюць аўкцыённыя дамы — гэта на сённяшні момант адзіная празрыстая форма пакупкі. На думку Сяргея Клімава, настаў час для стварэння іх у Беларусі.

Болевыя кропкі на тэатральнай восі

/i/content/pi/cult/678/14937/8.JPGПраблемы развіцця тэатральнага мастацтва краіны раскрыў Уладзімір Карачэўскі. Дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі казаў пра складанасці з нацыянальным рэпертуарам. Ён акцэнтаваў: з’явілася плеяда айчынных драматургаў, чые п’есы ставяць, чытаюць, перакладаюць не толькі на постсавецкай тэрыторыі, а часам нават у такіх экзатычных краінах, як Уругвай. Аднак у нас са спектаклямі па п’есах маладых драматургаў справы куды складаней: у многіх тэатрах сучасная беларуская драматургія практычна не прысутнічае.

— Часта нежаданне дзяржаўных рэпертуарных тэатраў узяць у афішу такі матэрыял абгрунтавана высокімі камерцыйнымі рызыкамі, — патлумачыў прамоўца.

З маладымі драматургамі актыўна працуе Цэнтр сучаснай драматургіі пры РТБД і Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры пры Акадэміі мастацтваў. Эвалюцыянуе фармат Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Спадар Карачэўскі лічыць, што паступова гэты форум павінен стаць адной з галоўных тэатральных падзей Беларусі.

— Наспеў час ладзіць конкурсы для драматургаў на стварэнне п’ес пэўнай тэматыкі з добрым прэміяльным фондам, — упэўнены Уладзімір Міхайлавіч, і ў якасці пазітыўнага вопыту прывёў нашумелае творчае спаборніцтва “Францыск Скарына і сучаснасць”, вынікам якога сталі добры зборнік п’ес і тры новыя спектаклі ў рэспубліканскім рэпертуары. Таму РТБД у бягучым годзе плануе правесці разам з АСБ “Беларусбанк” новы конкурс — гэтым разам на стварэнне арыгінальнай п’есы камедыйнага жанру для драматычных тэатраў.

Дакладчык дадаў: сёння тэатрам у рэгіёнах не хапае фінансавання не толькі на новыя пастаноўкі і гастролі, але часам нават і на ўласнае ўтрыманне. З меркавання спадара Карачэўскага, мясцовыя ўлады маглі б аказваць падначаленым ім тэатрам большую дапамогу. Адна з самых болевых кропак — праблемы рэжысёрскіх і акцёрскіх кадраў. З прычыны нізкіх заробкаў і адсутнасці жылля стала немагчыма затрымаць маладых спецыялістаў у рэгіёнах.

Прыгадаў Уладзімір Міхайлавіч і цяжкасці з падборам і павышэннем кваліфікацыі спецыялістаў тэхнічных службаў — рэжысёраў па святле, гукарэжысёраў, загадчыкаў пастановачнай часткі.

— Не заўсёды выкананне планаў па колькасці спектакляў, гледачоў, пастановак з’яўляецца эфектыўным паказчыкам работы, — заявіў спадар Карачэўскі. І патлумачыў сваю выснову: эфектыўнасць вымяраецца якасцю спектакляў, значнасцю праектаў, іміджам калектыву, узнагародамі; найлепшае дасягненне тэатра — запатрабаванасць у публікі, пазнавальнасць яго актораў, інтарэс СМІ да яго дзейнасці, зацікаўленасць у супрацоўніцтве партнёраў і мецэнатаў, удзел у міжнародных фестывалях і стварэнне сумесных праектаў.

Прыярытэт — этнакірунку

/i/content/pi/cult/678/14937/9.JPGСёлета спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва атрымаў калектыў Акцябрскага раённага Дома рамёстваў за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных ткацкіх рамёстваў і актыўную выставачную дзейнасць. На калегіі Міністэрства культуры начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская падкрэсліла: менавіта дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, у краіне захоўваецца традыцыйная культура. Нездарма прыярытэтным кірункам дзейнасці ўстаноў культуры раёна застаецца адраджэнне, захаванне і папулярызацыя народнай спадчыны.

Амаль трыццаць гадоў таму была вызначана асноўная стратэгія развіцця сферы культуры ў раёне, якая ўключае адраджэнне свят народнага календара і рамёстваў, што пабытавалі на дадзенай тэрыторыі, падтрымку і развіццё аўтэнтычных калектываў, стварэнне дзіцячых і маладзёжных фальклорных ансамбляў і груп. Ужо ў 1992 годзе з’явіліся 7 устаноў новага тыпу — Дамоў народнай творчасці. Цяпер у раёне функцыянуе 247 клубных фармаванняў, 74 з якіх — фальклорнага кірунку, у тым ліку 48 — дзіцячых, бо асаблівая ўвага надаецца менавіта заахвочванню маладога пакалення да вывучэння і пераймання народных традыцый.

Свой вопыт культработнікі дэманструюць на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Так, у лістападзе пры судзеянні Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Акцябршчыну наведалі ўдзельнікі творчай стажыроўкі беларусаў замежжа. Прадстаўнікі дзевяці краін навучаліся нацыянальным рамёствам, песням і танцам.

— Сапраўдным брэндам і гонарам раёна стаў Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, — канстатавала спадарыня Беразоўская. — Кожны форум збірае больш за тысячу ўдзельнікаў. Традыцыйна ў фестывальныя дні адбываецца да трыццаці мерапрыемстваў, у тым ліку семінары, майстар-класы, навукова-практычныя канферэнцыі, па выніках якіх выдадзены шэраг публікацый, даведнікаў, абаронены дыпломныя працы па этнаграфіі і фальклоры. Дзякуючы “Берагіні”, у рэспубліцы створана мадэль этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі, распачаты фальклорны рух, і моладзь, далучаная да яго, папулярызуе ўзоры традыцыйнай культуры сваіх рэгіёнаў. Толькі ў Акцябрскім раёне за гады правядзення фестывалю паўстала больш за 20 такіх калектываў.

Стратэгіі пасля рэканструкцыі

/i/content/pi/cult/678/14937/10.jpgЯк зазначыў на пачатку свайго выступу генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў, падпарадкаваная яму ўстанова на сёння з’яўляецца папраўдзе першакласным еўрапейскім прадпрыемствам, на якім можна ствараць кіно. За мінулы год кінастудыяй у рамках сацыяльнага заказа было створана 5 фільмаў ігравога фармату (адзін — камерцыйны), 15 фільмаў неігравога фармату, 9 — анімацыйных. За гэты ж перыяд былі аказаны паслугі вытворча-тэхнічнай базы 119 заказчыкам, з якіх толькі пяць — нерэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Да снежня 2018 года прададзены выключныя правы на асноўны пакет самых запатрабаваных фільмаў кінастудыі. А гэта 174 найменні. На пэўныя назвы дамова падпісана да 2019 года. У выніку, за студзень-снежань 2017 года было рэалізавана маёмасных правоў на суму 270 тысяч рублёў з рэзідэнтамі краіны, 788 тысяч рублёў — з нерэзідэнтамі, што значна перавышае лічбы даведзенага плану. Як падкрэсліў спадар Поршнеў, летась тэрыторыя продажу правоў на прадукцыю кінастудыі значна пашырылася: да заказчыкаў з краін экс-СССР дадаліся партнёры з Германіі, Францыі, Эстоніі, Бельгіі, Люксембургу. За мінулы год стужкі “Беларусьфільму” пабывалі на больш як паўсотні міжнародных фестывалях, некаторыя вярнуліся дадому з прызамі.

У мэтах забеспячэння інтарэсаў студыі “Беларусьфільмам” праводзіцца праца ў кірунку самастойнай рэалізацыі маёмасных правоў на прадукцыю ўласнай вытворчасці. Установа наўпрост вядзе перамовы ў справе пракату карцін на айчынных і замежных тэлеканалах — у прыватнасці, робяцца захады дзеля ўмацавання сваіх пазіцый на рынку Кітайскай народнай рэспублікі, актывізаваны перамовы па дыстрыб’юцыі прадукцыі ў Францыі, Польшчы, Канадзе. Пашырана і прысутнасць кантэнту кінастудыі на папулярных лічбавых платформах у інтэрнэце. Запланаваны ўдзел у міжнародных кінарынках, што будуць праводзіцца сёлета.

— А таксама на кінастудыі вядзецца актыўная праца па арганізацыі экскурсійнай дзейнасці, — распавёў выступоўца. — Падчас пробных экскурсій у кастрычніку-снежні мінулага года кінастудыю ўжо наведала некалькі соцень чалавек. Заяўкі працягваюць паступаць, таму для іх апрацоўкі будзе стварацца самастойны экскурсійны аддзел.

З улікам завяршэння рэканструкцыі кінастудыя разлічвае забяспечыць вытворчасць у год не менш як 6-ці фільмаў ігравой формы (адзін нацыянальны, адзін дзіцячы, адзін дэбютны і тры камерцыйнага плану), а таксама 25 стужак неігравых і 8 анімацыйных. Для павышэння акупнасці стратэгія вытворчасці будзе збудавана гэтак, каб фільм з буйным бюджэтам выходзіў раз на два гады, астатнім жа часам пашырыцца вытворчасць карцін з бюджэтам 500 тысяч долараў, сярод якіх маюць здымацца камедыі і фільмы для сямейнага прагляду.

— Гэта забяспечыць сталую прысутнасць айчынных стужак у пракаце і, у сваю чаргу, павысіць працэнт абарачэння ўкладзеных у іх сродкаў, — выказаў упэўненасць гендырэктар.

У якасці станоўчага прыкладу ён падаў фільм Вячаслава Нікіфарава “Тум-Пабі-Дум”, што выйшаў на пачатку месяца ў шырокі пракат, і, паводле слоў спадара Поршнева, паспяхова збірае гледачоў ды ўжо мае неблагія касавыя паказчыкі.

/i/content/pi/cult/678/14937/11.jpgЯк перспектыўную форму працы кінастудыя разглядае пашырэнне камерцыйнага распаўсюджання фільмаў праз інтэрнэт. Адміністрацыю ўстановы натхняе прыклад карціны “Сляды на вадзе”, якая за чатыры месяцы прысутнасці ў Сеціве сабрала 5 мільёнаў праглядаў. Распрацавана комплексная сістэма падыходаў не толькі да вытворчасці новага годнага прадукту, але і да пытанняў яго суправаджэння, вываду на ўнутраны і міжнародны рынак, дзеля чаго вырашана выкарыстоўваць сучасныя механізмы рэбрэндынгу.

Бесперапыннасць адукацыйнай мадэлі

У сваім выступленні рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава ўзняла праблемы бесперапыннай адукацыі ў сферы музычнага мастацтва. Прыгадаўшы надзвычай эфектыўную сістэму з больш чым 150-гадовай гісторыяй, пакладзенай у падмурак сучаснай прафесійнай музычнай адукацыі Беларусі, выступоўца задумваецца над пытаннем, які ж цяпер лёс гэтай спадчыны.

— Сёння паспяхова функцыянуе трохступеневая сістэма прафесійнай падрыхтоўкі музыкантаў, — патлумачыла рэктар. — Яна мае дзве разнавіднасці. У першым варыянце шлях будучага музыканта да вяршыні прафесіі праходзіць праз музычную школу, музычны каледж, кансерваторыю. У гэтым ланцужку кожная з устаноў мае аўтаномныя мэты і адукацыйны кантэнт. У другім варыянце адукацыя да паступлення ў кансерваторыю набываецца ў адной установе — гімназіі-каледжы мастацтваў. Гэты вучэбны комплекс дазваляе ажыццявіць бесперапынны адукацыйны працэс, на ўсіх этапах якога захоўваецца дакладная арыентацыя на высокія крытэрыі выканальніцкага майстэрства.

Красамоўныя лічбы: паводле вынікаў уступнай кампаніі ў Акадэмію музыкі за апошнія два гады, 75 працэнтаў першакурснікаў — былыя навучэнцы гімназіі-каледжа.

Яшчэ адна наспелая праблема: пільная патрэба перагляду цяперашніх спецыяльнасцяў для сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацый. У агульнадзяржаўным класіфікатары Рэспублікі Беларусь у раздзеле “Мастацтва музычнае”, аб’яднаўшым усе музычныя спецыяльнасці, кідаецца ў вочы прыкметная нераўнавага: тры спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзесяць — на ўзроўні вышэйшай адукацыі першай ступені, адна — на ўзроўні вышэйшай адукацыі другой ступені.

— І гэта пры ўмовах бесперапыннай адукацыі, якая прадугледжвае наяўнасць музыкантаў усіх спецыяльнасцяў і ў каледжы, і ў ВНУ. Пагадзіцеся, сітуацыя выглядае недарэчна, — дадала спадарыня Дулава.

Рэктар БДАМ прапанавала для новага праекта класіфікацыі спецыяльнасцяў алгарытм узыходжання ад спецыяліста, які валодае рамяством (на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі — пяць спецыяльнасцяў), да сапраўднага майстра сваёй справы, фармаванне якога падаецца магчымым толькі ва ўмовах вышэйшай адукацыі (чатыры спецыяльнасці). Такім чынам, на ўзроўні сярэдняй адукацыі выпрацоўваецца выканальніцтва, на ўзроўні вышэйшай адукацыі — мастацтва. Гэткі падыход паспрыяе ўзбуйненню спецыяльнасцяў, дапаможа зняць дубліраванне спецыяльнасцяў рознага ўзроўню кваліфікацыі і забяспечыць пераймальнасць майстэрства гэтых узроўняў.

Выступоўца не мае сумневу, што вянчаць мадэль бесперапыннай адукацыі музыкантаў мусяць дзве формы паслядыпломнай адукацыі: аспірантура і — як варыянт на гэтым жа ўзроўні — страчаная ў Беларусі на сёння асістэнтура-стажыроўка. Для яе вяртання неабходна распрацаваць змяненні і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Яшчэ адзін кампанент, які можа аб’яднаць установы культуры: навукова-адукацыйны творчы кластар. З меркавання Кацярыны Дулавай, у яго, акрамя ўстаноў адукацыі, павінны ўвайсці — у якасці заказчыкаў кадраў — вядучыя канцэртныя і музычна-тэатральныя арганізацыі краіны. Галоўныя ідэі такіх кластараў — аптымізацыя, пошук, адбор, адукацыя і працаўладкаванне таленавітай моладзі. “Гэта перспектыўная мадэль паслужыць упарадкаванню падрыхтоўкі ў сферы мастацтва, выпрацоўцы комплекснага плану дапамогі нашым таленавітым маладым музыкантам”, — падсумавала прамоўца.