Бурштынавае святло Сяргея Пісарэнкі

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

У лідскай галерэі-майстэрні GA11ERY прайшла выстава Сяргея Пісарэнкі “Свая тэрыторыя”. Яна атрымалася лірычнай і задуменнай, пяшчотнай і светлай, вытанчанай і ўзнёслай.

/i/content/pi/cult/677/14933/t.jpegТэрыторыя мастацтва не мае межаў. Але кожны творца шукае свае непаўторныя сюжэты, колеры і лініі, сваю тэрыторыю мастацтва. Прастора натхнення для Сяргея Пісарэнкі — розныя куточкі Беларусі. Словазлучэнне “родны кут” у яго мастацтве набывае асаблівае гучанне, бо знітоўвае глабальнае і лакальнае значэнні. Здаецца, увесь Сусвет — родны кут для мастакоўскага бачання і сузірання, але і ў кожным куточку простай сялянскай хаты Сяргей Пісарэнка знаходзіць новы вобраз, які пасля з’явіцца на яго палотнах.

Пейзажы, інтэр’еры, нацюрморты, аўтапартрэт… Наведвальнікі выставы ўбачылі жывапіс розных жанраў. Большасць твораў напісаная зусім нядаўна — у перыяд з 2013 па 2017 гады. Дарэчы, назву выставе падарыў... кот. Карціна “Свая тэрыторыя” адразу прыцягвае ўвагу гледачоў. У сялянскай хаце, седзячы на куфры, сярод вясковага посуду і прылад працы, кот адчувае сябе гаспадаром на сваёй тэрыторыі. Яго крыху іранічны і ўважлівы позірк ды вочы, якія свецяцца ў паўзмрочным інтэр’еры, надаюць простым матэрыяльным рэчам адценне загадкавасці і таямнічасці. Здаецца, увесь “Сялянскі рыштунак” ведае штосьці значнае пра жыццё чалавека і дазваляе выйсці за межы стэрэатыпнага ўяўлення, выйсці і ўдыхнуць свежага паветра! А вось “Стары сад” і родныя мясціны Чэслава Немэна. Музыка, роздум, успамін... Але і добрая ўсмешка, бо паўнавартаснымі “героямі” карціны з’яўляюцца… індыкі. Уважлівае назіранне за прыродай, жывёламі і раслінамі дапамагаюць мастаку заставацца шчырым, адкрытым для непасрэдных творчых уражанняў.

Так, вандруючы з адной пары года ў другую, мы аказваемся перад квітнеючай яблыняй на аднайменным творы. Частка пялёсткаў апала, а іншая — яшчэ радуе вока сваёй белай надзеяй на добры ўраджай. Пройдзе няшмат часу, і спелыя жоўтыя яблыкі “распавядуць” сваю знаёмую і, у той самы момант, незвычайную гісторыю (“Торба з яблыкамі”, 2013).

/i/content/pi/cult/677/14933/pt.jpegРэалістычныя нацюрморты і пейзажы Пісарэнкі не з’яўляюцца простым адлюстраваннем навакольнага свету. На мой погляд, асноўная тэма выставы — лірычнае разважанне пра блізкае і далёкае, пра шляхі, сцяжынкі, пуцявіны, што знітоўваюць нас адно з адным праз мастацкія вобразы. Майстэрня Сяргея Пісарэнкі напоўнена зіхаценнем, тонкім гучаннем колеру, паэзіяй радасці і ўзнёсласці (“Майстэрня”, 2017). “Мастацтва — гэта форма працы душы”, — кажа Сяргей. Сапраўды, захоўваючы сваю натуралістычнасць, на палатне вобразы становяцца іншымі, насычанымі душэўнай цеплынёй і новым бачаннем творцы.

Для мяне жывапіс Сяргея Пісарэнкі, перш за ўсё, сонечны. Гэта тое сонца, якое сваім мяккім, утульным святлом пяшчотна абдымае навакольнае асяроддзе. Такое бурштынавае, глыбіннае святло не асляпляе вочы, не крычыць, а шэпча, лагодна атуляе цяплом і дае энергію для жыцця. Менавіта праз цудоўныя сонечныя промні (“Сонечны прамень”, 2016) штодзённасць пераўтвараецца ў дзіўныя мроі, летуценні, а простыя рэчы набываюць незвычайныя якасці. Вясковыя краявіды напаўняюцца таямнічым хараством і адкрываюць, бы залатым ключыкам, дзверы ў нашае сэрца. Сонечнае святло — маленькі дзьмухавец (“Дзьмухавец”, 2016), які дыхае радасцю і, здаецца, ведае, што такое мастацтва.

Кацярына ЯНЧЭЎСКАЯ, мастацтвазнаўца,
г. Ліда