“Жоўтыя зоркі” і сонечны смутак

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Аншлагавая вечарына “Жоўтыя зоркі” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прымеркаваная да Міжнароднага дню памяці ахвяраў Халакосту 27 студзеня, была цікава не толькі музыкай, цудоўным выкананнем добра падабраных твораў, але і самой арганізацыяй. Атрымаўся не шараговы “дацкі” канцэрт, уся каштоўнасць якога — у прысвячэнні значнай падзеі, а цэласны праект як выдатны прыклад патрыятычнага, мастацкага выхавання, асветніцтва і, нарэшце, удалага маркетынгу ў галіне няпростай для ўспрымання акадэмічнай музыкі.

/i/content/pi/cult/677/14932/7.JPGТут было ўсё: ясна выкладзеная ідэя, гістарычны падыход, сінтэз мастацтваў, высокая дакументалістыка і сапраўдная мастацкасць, яднанне людзей розных пакаленняў і сацыяльна-культурных груп. А таксама вельмі добрае анансаванне, што з філарманічнымі падзеямі здараецца не так часта.

А што ж сам праект? У фае ўсіх чакала выстава “Дзесяць чалавек. Дзесяць лёсаў. Адна вайна” — частка праекта Дзмітрыя Шамяткова “Твары суполкі”. Да выразных цяперашніх фотапартрэтаў тых, хто перажыў цяжкія ваенныя годы, дадаліся іх успаміны, занатаваныя чальцамі Мінскага яўрэйскага студэнцкага культурнага цэнтра “Гілель”. Фота і тэксты былі не развешаны па сценах, а стаялі на спецыяльных падстаўках — крыху ніжэй за ўзровень вачэй, каб зручна чытаць было не толькі дарослым, але і дзецям. Да пачатку канцэрта, у антракце і пасля кожны са стэндаў аблеплівалі гледачы. І гэта была не простая цікаўнасць. Мы літаральна чулі галасы сведкаў Халакосту, якіх выратаваў цуд: яны засталіся жывымі, каб данесці да нас свой боль і надзею, што падобнае больш не паўторыцца ніколі.

Збоку на авансцэне — інсталяцыя Валерыі Гайшун, чыя выстава яўрэйскіх лялек аб’ехала палову Беларусі: вешалка, на ёй — чорны мужчынскі касцюм з жоўтай зоркай на грудзях. Гэта знешняя прастата дадаткова падштурхоўвала публіку да роздуму. Бо адсутнасць у выяве не толькі чалавека, але і манекена асацыявалася, да ўсяго, з татальным знішчэннем людзей — і пры гэтым адбіраннем у іх прыналежных ім матэрыяльных каштоўнасцяў.

Спецыяльна для праекта быў сабраны Канцэртны сімфанічны аркестр — з запрошаных музыкантаў, якія працуюць у розных калектывах. Атрымалася яшчэ адна суполка неабыякавых да трагедыі. Сімвалам міжнароднага рэзанансу стаў выхад на сцэну былых вязняў з розных краін і кантынентаў — са свечкамі ў руках і хвілінай маўчання. Былі і сціслыя прамовы. Але самымі яскравымі сталі выказаныя музыкай. Творы падабралі разнастайныя. Слухаючы іх, можна было адчуць не толькі несуцешны боль яўрэйскага народа, але і асаблівасці нацыянальнай культуры, нават знакаміты яўрэйскі гумар — і праз фальклорныя мелодыі, і праз іх стылізацыю.

Гучала сусветная класіка: Кадзіш з Дзвюх яўрэйскіх мелодый Равэля, Уверцюра на яўрэйскія тэмы Пракоф’ева. Адкрыццём для многіх стала кампазітарская творчасць незаслужана забытага расійска-амерыканскага скрыпача першай паловы ХХ стагоддзя, педагога, аўтара музычных твораў розных жанраў і складаў Ёсіфа Ахрона, які быў родам з Польшчы. У яго Яўрэйскай мелодыі для скрыпкі з аркестрам духавая медзь і ўдарныя асацыяваліся ледзь не з касмічнай прасторай. Пранізліва адзінокія гукі арфы падкрэслівалі моцныя долі — бы цяжкія кроплі будучай навальніцы ці сляза, што падае долу з вачэй, утаропленых у зямлю, каб ніхто таго плачу не бачыў.

/i/content/pi/cult/677/14932/8.JPGПрагучала і Арыя для скрыпкі з аркестрам беларускага класіка Льва Абеліёвіча, напісаная ў 1973-м у памяць пра ахвяры Халакоста. Малады дырыжор Юрый Караваеў з уласцівай яму тонкай музычнасцю выявіў у творы спасылкі да музыкі барока і “Страсцей” Баха, прысвечаных пакутам Хрыста. У кадэнцыі скрыпач Сяргей Белазёрцаў-малодшы максімальна “схаваў” запал віртуознасці, вырашыўшы кульмінацыю з папраўдзе бахаўскай “аб’ектыўнасцю”. У рэпрызе былі падкрэслены анёльскія падгалоскі флейты, з-за чаго завяршэнне твора набыло асаблівае святло, адпаведнае фінальнаму мажору. Па-свойму інтэрпрэтавана і звышпапулярнае Adagia Барбера для струнных. Умела адбудаваная кульмінацыя завяршылася нечаканым “абрывам”. Рэпрыза ж стала не паўторам, не вяртаннем у мінулае, а дыстанцыйным аповедам пра яго.

Твор у другім аддзяленні даў назву ўсяму праекту — Канцэрт для аркестра “Жоўтыя зоркі” Ісака Шварца. Сем кантрасных частак сюітнага характару, што выконваюцца без перапынку, складаюцца ў азначаны аўтарам “пурымшпіль у гета”: кампазітар узрушыўся, калі прачытаў у дзённіку адной з вязнярак пра святкаванне ў гета яўрэйскага Пурыма. Пурымшпіль — у некаторым сэнсе аналаг беларускай батлейкі з сюжэтам пра цара Ірада, а менавіта — яўрэйскі народны спектакль з гісторыяй пра персідскага цара, што хацеў знішчыць усіх яўрэяў ды загінуў сам. Невыпадкова ў музыцы Канцэрта так многа тэатральных прыёмаў: “шапаценне” струнных, прасторавая “аўра” літаўраў, імітацыя рэха, супрацьстаўленне медных духавых, што малююць знешнюю атмасферу, і выразных віяланчэльных сола (Іван Рэнанскі) у ролі “вялікай скрыпкі”, персаніфікацыя іншых інструментальных тэмбраў, што выступалі як асобы і складалі вялізны “хор-аркестр”.

Аўтарам ідэі вечарыны і яе арганізатарам выступіла Ганна Лянькова. Яе прабабуля ў ваеннае ліхалецце выратавала яўрэйскую сям’ю — праўнучка ж дае жыццё творча-эканамічнаму супрацоўніцтву, скіраванаму да маральна-патрыятычных і ўласна музычных, мастацкіх вяршыняў. Гэта не адзіны яе праект. У пачатку лютага ў філармоніі пройдзе арганізаваны ёй ужо Трэці фестываль класічнай музыкі “Пакуль не ідуць цітры”, прысвечаны памяці маладой беларускай піяністкі Алёны Цагалка.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"