Клуб-бібліятэка ў “бермудскім трохкутніку”

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Ці “бесперспектыўная” культура Балашэвічаў?
Пасля таго, як я пабываў у гэтым населеным пункце, зразумеў, чаму так баліць сэрца за сельскія бібліятэкі ў рэдактара аднаго з аддзелаў “К” Яўгена Рагіна — шматгадовага іх “даследчыка”. Чаму так непакоіцца яго душа за вёскі, якія з нейкага моманту пачынаюць лічыцца “бесперспектыўнымі”. Я пастараўся быць акуратным у апісанні ўсяго ўбачанага ў Балашэвічах. Найперш таму, што не хацеў незнарок зачапіць пачуцці жыхароў вёскі, якія шчыра вераць: самае лепшае і ў іх, і ў роднай старонкі — яшчэ наперадзе.

Вясковы постапакаліпсіс

Вядома, я здагадваўся, што фота далёка не ўсіх беларускіх вёсачак можна выносіць на вокладкі глянцавых часопісаў як узор іх шчаслівага існавання. Але непасрэдна атрымаць такое… не надта светлае ўражанне мне давялося ўпершыню. Ды і пахмурнае неба над галавой цалкам адпавядала ўбачанаму.

Раней я трапляў у аграгарадкі, і выглядалі яны, у асноўным, даволі ўпэўнена. А Балашэвічы, што не сталі аграгарадком, як склалася адчуванне, у чымсьці капітулявалі перад цяперашнім часам і рэаліямі.

На пачатку мяне “прыбіў” былы будынак бібліятэкі, асабліва яго задні фасад. Следам — апусцелая будыніна, у якой калісьці знаходзілася “кантора”. І “кантрольным стрэлам” стаў суседні, з выгляду жылы дом, які завяршае гэты “бермудскі трохкутнік”. Убачанае нагадала сцэны ваенных дзеянняў, калі адзін бок ужо адступіў, а другі — яшчэ не паспеў заняць пакінутыя ворагам пазіцыі.

Давяршае карціну, канчаткова ўводзячы ў ступар, пабляклы плакат на дзвярах “канторы” з патрыятычным лозунгам і словам “будучыня”. Не ведаю, ці то яго забыліся зняць, ці то адмыслова пакінулі.

Магчыма (і нават несумненна), іншыя часткі Балашэвічаў выглядаюць значна больш прэзентабельна, але ж менавіта па такіх... “нюансах” і мяркуюць пра стан рэчаў у цэлым. Тады і ўсплывае ў памяці прыметнік “бесперспектыўная”. Як аказалася, ён мае дачыненне і да тамтэйшай культуры.

/i/content/pi/cult/677/14930/6.JPGЗнікала ўсё паступова

Да якой маюць адносіны і тры выдатныя дзяўчынкі — Наста, Вераніка і Яна, з якімі я перагаварыў пра іх жыццё-быццё. Тыя, хто мае ствараць будучыню вёскі (прынамсі, хацелася б у гэта верыць), распавялі пра наведванні мясцовага клуба, дзе ладзяцца дыскатэкі і канцэрты, а таксама і пра свой удзел у апошніх. У бібліятэцы яны бяруць чытаць казкі і кніжкі з прыгодамі. А наогул, жывецца ім у Балашэвічах добра. Вадаёмы, пясочная горка, сад, язда на ровары, узімку — на санках.

Клуб, пра які мне паведамілі маленькія вяскоўкі, як самастойнае падраздзяленне культуры ў Балашэвічах аптымізавалі ў 2016-м, падсяліўшы ў яго будынак бібліятэку. З такімі фарміраваннямі — клуб-бібліятэка — я ўжо сутыкаўся, але ўпершыню ўбачыў, як могуць суседнічаць у адным памяшканні глядзельная зала і храм кнігі, калі заднік сцэны аддадзены пад апошні. Таму мне хутка стаў зразумелым здзіўлены погляд кіраўніка ўстановы Ганны Шуст, калі я спрабаваў выведаць у яе, якія ж усё-такі аб’яднанні дзейнічаюць канкрэтна пры клубе.

— Як вы сабе гэта ўяўляеце — пры адной штатнай адзінцы адначасова весці бібліятэчныя справы і хоць бы адзін гурток? — нарэшце, не вытрымаўшы маёй настойлівасці, яна задала мне рытарычнае пытанне. —
Абыходзімся толькі канцэртамі, прымеркаванымі да якіх-небудзь святаў.

Знікалі гурткі паступова — да свайго цяперашняга поўнага вымірання — паводле строгага ланцужку падзей. Спярша балашэвiцкi ДК ператварыўся ў клуб, а потым... Глядзіце вышэй.

Зрэшты, і гэтая стадыя эвалюцыі можа быць не апошняй. У сяле ходзяць чуткі, што праз год-два апошні аплот культуры Балашэвічаў могуць ліквідаваць. Пачуўшы пра тое, знікае ўсякае жаданне зласловіць і кпіць пра “зручнае для працы суседства” клуба і бібліятэкі.

У Балашэвічах пражывае каля трохсот чалавек. У сярэднім, за працоўны дзень бібліятэкі ў яе заходзяць недзе восем з іх — узяць кніжку, пагартаць яркі часопіс, даведацца з газеты пра тое, што адбываецца ў астатнім свеце (пры наяўнасці камп’ютара, інтэрнэту ва ўстанове няма). Дарэчы, газеты і часопісы на дом таксама выдаюцца. Часам, занудзіўшыся па наведвальніках, спадарыня Шуст бярэ літаратуру ды сама адпраўляецца па хатах. І не
толькі сваёй вёскі: у яе абавязкі ўваходзіць і штомесячнае абслугоўванне бліжэйшых населеных пунктаў, пазбаўленых такіх устаноў.

З папаўненнем бібліятэкі навінкамі — тымі, што не са спісу сацыяльна значнай літаратуры — стала горай. За апошні год фонд прырос усяго 50 асобнікамі. Выкручваецца Ганна Іванаўна, забяспечваючы кругазварот выданняў: яна раз на месяц наведваецца ў кнігасховішча Цэнтральнай раённай бібліятэкі Глуска, дзе і бярэ “свежачок”. Як толькі творы перачытаюць, бібліятэкар здае іх назад і атрымлівае чарговыя паступленні. Ну, а густы сваіх землякоў яна ведае выдатна: гэтаму — гістарычны раман, таму — Данцову, іншаму — кнігу Алеся Марціновіча.

/i/content/pi/cult/677/14930/5.JPG— У ранейшай бібліятэцы, — “дабіла” мяне прыкладам з рэчаіснасці спадарыня Шуст, — быў дзіцячы аддзел. Пераехаўшы, ён скурчыўся да аднаго стэнда.

Кампенсуе “ўсушку” Ганна Іванаўна тым, што разам з дзецьмі працягвае вырабляць з дрэва, саломы, пластыліну розныя рэчы. Знайшлося ў памяшканні месца і маленькаму куточку, звязанаму з краязнаўствам. “Праўда, зборам гістарычнага і фальклорнага матэрыялу сёння мы амаль не займаемся. І захоўваць яго няма дзе, і лік ахвотных да пошукаў моцна скараціўся. А большую частку са знойдзенага ў свой час перадалі ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей”.

Але зусім ужо рук Ганна Шуст не апускае:

— Стараемся па меры сіл і магчымасцяў працаваць у любых умовах. Так, усяго стала менш — экскурсій, заняткаў, праектаў, экалагічных акцый — але да таго часу, пакуль жыхарам нашай вёскі культура патрэбна, яна ў ёй жыць будзе, нягледзячы ні на што!

Жыццё ўсё адно ідзе

Упэўненая ў гэтым і былы дырэктар Дома культуры, потым і клуба Любоў Долбік, што адслужыла на гэтых пасадах амаль 35 гадоў, а цяпер кіруе СДК у суседнім аграгарадку Засценак Усцярхі:

— Балашэвічы памятаюць розныя часы. Тут быў вялікі калгас, школа і дзіцячы садок, але і па эканамічных прычынах, і з-за пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі вёска стала чэзнуць. Калі глядзець праўдзе ў вочы, цяпер — не найлепшыя для яе гады. Але і надта бедаваць я б не стала. Абрады тут аднаўляліся, народныя традыцыі захоўваюцца. Праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы — хай і не ў тых маштабах, як раней. Але надта ўжо змрочным жыццё Балашэвічаў я б не назвала. Не можа яно быць такім, калі ў вёсцы жывуць людзі шчырыя і адкрытыя!

А яшчэ адным “лоцманам” па культуры Балашэвічаў стала прадавец крамы Галіна Гембіцкая — майстар вышывання гладдзю (між іншым, яна 10 гадоў адпрацавала мастацкім кіраўніком у ДК). Сваё мастацтва — а спецыялізуецца яна на рушнiках — рэгулярна дэманструе i за межамі вёскі на розных выставах. Гаворачы пра асаблівасці гэтага рамяства ў дадзенай мясцовасці, Галіна Васільеўна адзначыла, што вышываюць тут (а рукадзельніцы і сёння ёсць ледзь не ў кожнай хаце), у асноўным, кветкі і іншыя расліны. І так павялося спрадвеку.

Каментарый Галіны ГЕМБІЦКАЙ:

— Культурнае жыццё ў нас згасала паступова. Сышлі тыя, хто яго арганізоўваў, залучаючы і аднавяскоўцаў. Якія вячоркi раней у клубе былі! На святы збіралася ўся вёска, і амаль кожны прымаў удзел у канцэртах. А сёння... Мала таго, што людзі з’язджаюць, дык яшчэ і настрой змяніўся, цісне на нас усіх нешта. Мы ж разумеем, што, калі нічога не зрушыцца, справы будуць горай і горай.

А мы ж таксама любім тыя ж кніжкі чытаць! Уся вёска, напэўна, у бібліятэку запісаная, а не стане яе — дык што нам рабіць? Чакаць бiблiёбуса? Ну, як-небудзь яшчэ сябе забаўляць будзем. Добра, што Любоў Іванаўна некалі стварыла фальклорны ансамбль “Сяброўкі”, які і дасюль час ад часу збіраецца па сваёй ініцыятыве. Гэта ж наша аддушына ў жыцці! Не надта, па шчырасці, простым.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"