Жывапісныя трансфармацыі

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

I Мінская міжнародная Біенале сучаснага жывапісу “COLORFEST” арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і грамадскім аб’яднаннем “Міжнародная гільдыя жывапісцаў”. Яе экспазіцыя разгарнулася ў чатырох галерэях Нацыянальнай бібліятэкі — “Ракурс”, “Атрыум”, “Лабірынт” і ў мабільнай экспазіцыі. У нашай краіне падобнае мерапрыемства адбываецца ўпершыню.

 /i/content/pi/cult/165/1493/Transfarmacyi.jpg

Рафаэль Дэ Роза. “Сан Джорджо”.

Удзел у біенале бяруць мастакі з адзінаццаці еўрапейскіх дзяржаў: Беларусі, Украіны, Італіі, Германіі, Англіі, Канады, Арменіі, Эстоніі, Літвы, Малдовы, Грузіі. Экспануюцца 142 творы, храналагічны дыяпазон якіх ахоплівае пяць апошніх гадоў.

Самае вялікае прадстаўніцтва на форуме маюць беларусы: ад нашай краіны выстаўляюцца Руслан Вашкевіч, Сяргей Давідовіч, Геннадзь Драздовіч, Аляксандр Забаўчык, Васіль Касцючэнка, Дзмітрый Сурыновіч, Сяргей Цімохаў, Фёдар Ястраб.

“COLORFEST” ставіць перад сабой мэту садзейнічаць стварэнню станоўчага іміджа Беларусі на еўрапейскім мастацкім полі, падтрымліваць жывапіснае мастацтва і аўтараў, якія ствараюць інавацыйныя работы. На думку арганізатараў, характар сучаснага мастацтва імкліва трансфармуецца ў бок новых арт-практык, якія паступова выцясняюць традыцыйныя віды мастацтва. На адкрыцці гучалі размовы аб тым, што сусветныя сучасныя мастацкія кірмашы і біенале непрапарцыянальна мала ўвагі надаюць жывапісу.

Выстаўка такога маштабу прадэманструе відавочныя змены, што адбываюцца сёння ў гэтым традыцыйным відзе мастацтва пад імклівым уплывам рэчаіснасці.

У аргкамітэце спадзяюцца, што правядзенне мінскай біенале паспрыяе творчым і сяброўскім сувязям, далейшаму пашырэнню міжнароднага аўтарытэта нашай краіны. Адзначым, што ў межах праекта праходзіць конкурс, вынікі якога падвядзе аўтарытэтнае міжнароднае журы на чале з народным мастаком Беларусі Гаўрылам Вашчанкам.

 

Ул. інф.