Два Міхаілы ў лёсе Алега

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Беларусаў, асабліва творчых, раскідана па свеце нямала. Хтосьці з іх за межамі радзімы асаблівага поспеху не дасягнуў, але ёсць і тыя, хто не выходзіць са святла сафітаў. У іх ліку — Алег БЛЯХАРЧУК, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца салістам знакамітага Хору Турэцкага. Калі мы дамаўляліся на інтэрв’ю, ён папрасіў мяне задаваць яму не толькі сур’ёзныя пытанні, што я і паспрабаваў зрабіць.

/i/content/pi/cult/677/14928/BL-4.jpgАмаль сур’ёзна

— Рызыкну пачаць з такога пытання. Прозвішча ў вас даволі-такі... дзёрзкае. Ці часта вы чуеце жарты на гэты конт?

— Прозвішча я ніколі не саромеўся. Можа, проста глыбока не задумваўся над iм, бо гэта тое, што пераходзіць чалавеку ў спадчыну. З вялікай павагай стаўлюся да сваіх продкаў, цікаўлюся гісторыяй нашай сям’і. Прызнаюся, шукаў цёзак па прозвішчы на прасторах інтэрнэту, і толькі ва Украіне змог сяго-таго знайсці. Мабыць, гэта таму, што мой тата родам з Заходняй Беларусі — Іванаўскі раён, вёска Юхнавічы. А адтуль да Украіны — усяго некалькі кіламетраў. Дарэчы, у дзяцінстве кожнае лета я праводзіў менавіта там і па прыездзе дадому ў Мінск гаварыў на вельмі смешнай мове — сумесі рускай, беларускай і польскай. Часта жартую, што наша прозвішча не паспелі перакласці на рускую, а так быў бы я цяпер Олег Жестянщиков, бо “бляха” ў перакладзе з беларускай — “жесть”...

Пра тое, каб з мяне кпілі з-за прозвішча, не прыгадаю. Я — хлопчык дужы, мог і адказаць. Таму, мабыць, і пабойваліся. А наогул, у маім дзяцінстве мы “сябравалі вуліцай” і думалі, як паганяць мяч або паспяваць песні пад гітару, а не як укалоць таварыша ў якой-небудзь “сацыяльнай сетцы”, ды яшчэ і ананімна.

— Чуў такое меркаванне, што Міхаіл Турэцкі, бацькі якога, дарэчы, родам з Беларусі, добра ўладкаваўся, набіраючы ў свой мужчынскі калектыў другія галасы, якім ніколі не стаць, дапусцім, прэм’ерамі ў оперных тэатрах. Таму, маўляў, ніхто артыстаў Хору і не пераваблівае...

— Не паспрачаешся: Міхаіл Турэцкі ўладкаваўся добра. Але хачу звярнуць вашу ўвагу, што і мы, артысты Хору, таксама нядрэнна ўладкаваліся. За такі немалы творчы шлях кожны з нас набыў вядомасць, ва ўсіх салістаў ёсць свае прыхільнікі. Гастралюем, можна сказаць, па ўсім свеце, выступаем на самых лепшых пляцоўках Амерыкі і Еўропы. Спявалі ў Аўстраліі, Кітаі — усяго і не пералічыш. За 2017 год мы далі больш за 110 сольных канцэртаў, не лічачы карпаратыўных выступаў, здзейснілі 115 пералётаў, прабылі ў паветры агулам 280 гадзін! Не кожны артыст можа пахваліцца такім гастрольным графікам.

Не вельмі разумею, што такое “другі голас”, калі не лічыць харавую партытуру. У нашым калектыве кожны голас — першы, адзіны і непаўторны. А чаму? Па-першае, таму, што ўсе яны абсалютна розныя і ахопліваюць увесь дапушчальны дыяпазон, уключаючы жаночую каларатуру. Па-другое, у артыстаў ёсць магчымасць паказаць голас ва ўсёй красе, і рэпертуар падбіраецца так, каб кожны мог выступіць сольна ў рамках нашага канцэрту. А наконт працы прэм’ерамі ў оперных тэатрах, дык гэта не да нас. У нас не было і няма такіх амбіцый. Бо ўсе мы — эстрадныя выканаўцы з выдатнай класічнай адукацыяй. Часам нават жартуем, што яна нам перашкаджае.

І так, пра перавабліванне. На самой справе, не згадаю, каб каго-небудзь з нас запрашалі ў іншы калектыў, а вось да нас прыходзілі праслухоўвацца, але... Думаю, быць прэм’ерам у тэатры нават лягчэй, чым спяваць у нашым ансамблі. Мы гэтаму вучыліся хто 15, а хто і 17 гадоў!

— У Беларусі ёсць свае аналагі Хору Турэцкага — напрыклад, арт-гурт “Беларусы” або ансамбль “Чысты голас”. Пры якіх умовах вы былі б гатовыя ў адзін з іх перайсці?

— Пра гэтыя калектывы, канешне, ведаю, ды і наогул сачу за музычнымі тэндэнцыямі на маёй радзіме. З усімі салістамі “Чыстага голасу” падтрымліваю шчыльныя зносіны. А яго мастацкі кіраўнік Валерый Прыгун — мой аднакурснік па музычнай вучэльні імя Глінкі і кансерваторыі. Нас звязвае ўжо 36 гадоў сяброўства, і па большай частцы не музычнага, а асабістага! Але не магу пагадзіцца з тым, што пералічаныя вамі калектывы з’яўляюцца аналагамі Хору Турэцкага, бо ў кожнага з іх свой шлях, стыль, манера выканання, рэпертуарная палітыка. А ўмовы пераходу можна абгаварыць... Жарт!

Ад мэтра да мэтра

/i/content/pi/cult/677/14928/t.jpeg— Артысты Хору могуць у нечым пераканаць свайго кіраўніка? І які ён — Міхаіл Барысавіч Турэцкі — па-за аб’ектывамі тэлевізійных камер?

— Пераканаць яго “з лёту” практычна немагчыма, але пасля развучвання або ў першыя паказы песні становіцца ясна, наколькі яна ўдалася. Бо менавіта публіка ставіць гэты жаданы знак якасці. Міхаіл Барысавіч валодае ўнікальнай інтуіцыяй, часцяком бачыць тое, што не можам убачыць мы ўдзесяцёх. Бывае, мы супраць нейкай песні, а ён настойвае! І ў выніку аказваецца правы — публіка яе прымае.

Пра Міхаіла Барысавіча гаворым толькі добрае, бо… гэтае інтэрв’ю ў Расіі таксама могуць прачытаць, так? Гэта музыкант з вялікай літары! Не кожны можа арганізаваць калектыў, які атрымае сусветную вядомасць. Дыктатар! А як без гэтага? Нехта ж павінен несці адказнасць за холдынг, ім створаны. Ды і артысты — кожны са сваім характарам. А Турэцкі згуртаваў іх у адзінае цэлае. За 27 гадоў існавання калектыву не было крызісаў, звязаных з якім-небудзь непаразуменнем унутры яго.

— Ёсць у вашай біяграфіі шасцігадовая старонка, звязаная з аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. А як бы вы яго ахарактарызавалі?

— Міхаіл Якаўлевіч у маім жыцці адыграў вялікую ролю. Прыйшоў я ў вакальны гурт аркестра ў 1992 годзе і вельмі хутка стаў салістам — “зоркай беларускай эстрады”, як тады аб’яўлялі на канцэртах Алена Спірыдовіч або Ірына Смольская. Дзякуючы працы ў калектыве, атрымаў магчымасць выступаць з прафесіяналамі. Сапраўдны кайф, калі ты стаіш на авансцэне, а за спінай у цябе паўнавартасны эстрадна-сімфанічны аркестр. І ўсё толькі ў “жывым” выкананні! Выступы на фестывалях “Славянскі базар у Віцебску”, “Залаты шлягер”, на іншых канцэртах — усё гэта дазволіла мне разняволіцца і набыць вопыт, які вельмі дапамагае і па сёння.

Больш за дваццаць гадоў ужо не працую ў аркестры, таму якім стаў Міхаіл Якаўлевіч, судзіць не магу. Але, думаю, яго жыццёвыя
прынцыпы засталіся нязменнымі, а галоўны з іх — чалавечнасць. Ён заўсёды рабіў усё магчымае для артыстаў аркестра, да яго можна было звярнуцца з любым пытаннем, і ён дапамагаў. За парадай прыйшоў да яго і я — у момант выбару паміж аркестрам і поп-гуртом. І пасля таго, як выслухаў Фінберга, прыняў правільнае рашэнне. Здароўя яму і дзякуй за ўсё!

— Была ў вас і праца ў ансамблі Юрыя Антонава...

— Мне сапраўды пашчасціла працаваць з гэтым выдатным спеваком і кампазітарам. Будучы юнаком, спяваў яго песні пад гітару, і нават не мог марыць пра тое, што мы калісьці апынёмся ў адной камандзе. У 1995 годзе ў Юрыя Міхайлавіча быў юбілей, 50 гадоў, і ён хацеў адзначыць гэтую дату грандыёзным канцэртам у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы. Вядома ж, пафасу мог дадаць “жывы” аркестр. Антонаў меў досыць сур’ёзнае беларускае мінулае, і ён звярнуўся з прапановай аб супрацоўніцтве да свайго сябра, Міхаіла Фінберга. Для выканання песень Юрыю Міхайлавічу патрэбны быў бэк-вакал, які я і ўзначаліў. Са мной у гэтым міні-гурце спявалі яшчэ дзве салісткі аркестра. Пасля таго канцэрта выступленняў было няшмат, але яны расцягнуліся на два гады. Што магу сказаць? З таленавітымі людзьмі заўсёды прыемна працаваць!

— Калі не памыляюся, вы з’яўляліся ў музычных серыялах у якасці камэа. Можа, і з вялікага кіно паступалі прапановы аб здымках? Пры такой знешнасці вам прамая дарога ў тое мастацтва...

— Хор Турэцкага толькі аднойчы эпізадычна з’явіўся ў фільме “Амністыя ад прэзідэнта” — вось і ўсё. А са знешнасцю быў такі выпадак. Мой першы досвед працы ў хоры — шасцімесячны кантракт у Амерыцы. Там вакол нас круціліся розныя прадзюсары, і неяк адзін з іх сказаў: “Калі б ты жыў у Амерыцы, з тваёй знешнасцю быў бы зоркай”. Але я ж сціплы, і ў ЗША не застаўся. Напэўна, трэба цяпер шкадаваць пра гэта.

— Ды навошта? Ваш хор выдатна трымае нос па творчым ветры, выконваючы тое, што ў дадзены момант папулярна і ў пост-Саюзе, і ў астатнім свеце. Да рэпу не думалі звярнуцца?

— Што тычыцца “носа па ветры” — вы маеце рацыю. Мы вельмi шмат рэпетыцыйнага часу праводзім у падборы рэпертуару. Вывучаем, прапануем, спрачаемся, спрабуем, прымаем, выключаем. Бывае, хтосьці бразне дзвярыма і сыходзіць, але гэта рэдка. Наш рэпертуар разнастайны, стараемся задаволіць кожнага гледача ў зале. Хтосьці любіць класіку — вось вам! Камусьці патрэбны рок — калі ласка. Шансон? І ён у наяўнасці. Жаночая арыя? Таксама выканаем. Ды і рэп выкарыстоўваем — праўда, у невялікіх колькасцях.

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва, так што чакаем любыя прапановы. Вось прачытае хтосьці гэтае інтэрв’ю, напіша песню, нам яна спадабаецца — азалоцім!

Даведка

Алег БЛЯХАРЧУК, 51 год. Нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. Працаваў артыстам хору на беларускім радыё і тэлебачанні, з’яўляўся салістам Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь (цяпер Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі). З 1996 года — у Хоры Турэцкага.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"