Няма чаго баяцца гледача

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Тэатру лялек неабходны індывідуальнасці
Здавалася б, ужо колькі тэатр імкнецца разбурыць чацвёртую сцяну, што разводзіць па розныя бакі акцёра і гледача, але часцяком тая барацьба не ідзе далей за словы. Ды і само тэатральнае жыццё для публікі занадта рэгламентаванае: у фае — да першага званка, пасля трэцяга і да фінальнай заслоны — у глядзельнай зале, а далей — праз гардэроб ды на выхад. Многім не хапае ваколтэатральнай атмасферы, але ці не самі тэатралы баяцца размовы са сваёй аўдыторыяй? Пра закрытасць ад публікі, перспектывы прафесіі лялечніка і чаканне новага тэатральнага дома “К” пагутарыла з галоўным рэжысёрам Брэсцкага тэатра лялек Аляксандрам ЯНУШКЕВІЧАМ.

/i/content/pi/cult/677/14927/DSC_6595-SS.jpg— Геаграфія вашых пастановак за мінулы год уражвае: Перм, Ульянаўск, Краснаярск, Падмаскоўе. І гэта не ўлічваючы плённай дзейнасці ў Брэсце. Адкуль такая рэжысёрская няўрымслівасць?

— А чаго сядзець? Я не з тых, хто любіць разважаць: “А вось добра было б…” Разумею, што гады ідуць, і толькі ў прэсе я ўсё яшчэ “малады” рэжысёр. Гэта падштурхоўвае ехаць туды, дзе мне цікава. Ты “ўжывую” бачыш, як працуе тэатральная сістэма ў суседзяў. Напрыклад, у Расіі мяне ўражвае, колькі магчымасцяў маюць не толькі дзяржаўныя, але, нават, і прыватныя тэатры. Там вельмі моцна працуе Саюз тэатральных дзеячаў, дзяржава падтрымлівае. Пастаноўшчыкі могуць прэтэндаваць на рэгіянальныя, краявыя, федэральныя гранты. Для моладзі — стыпендыі і фінансаванне дэбютаў, каб пачаткоўцы ў прафесіі змаглі заявіць пра сябе. У нас, на жаль, гэта асобная тэма.

— Летась вас запрашалі ў Міжнародную летнюю школу СТД Расійскай Федэрацыі ў якасці педагога. Чым быў цікавы гэты вопыт?

— Там я бачыў надзвычай працаздольную моладзь. Яны разумеюць, навошта прыехалі, таму займаюцца з неверагоднай аддачай і лёгка выдаюць ідэі. Яны безразважныя і дзівакаватыя ў найлепшым значэнні гэтых слоў! Ды ў кожнага знясе дах, калі 24 гадзіны ў суткі ты можаш займацца творчасцю без абмежаванняў, калі сярод тваіх педагогаў — спрэс імёны: А. Пепяляеў, Б. Паўловіч, а на майстар-класы прыязджаюць Додзін, Збруеў, Калягін! Уявіце, некаторыя ўдзельнікі звальняліся са сваіх тэатраў дзеля навучання ў летняй школе! Уласна ў маёй групе такіх было з паўдзясятка. Напэўна, іх пасля ізноў возьмуць у родныя калектывы, але сам факт! Іншая тэма: чаму на пачатку новага тысячагоддзя ў Расіі — ды і ў Беларусі такога хапае — працягвае жыць своеасаблівы “прыгонны тэатр”, калі адміністрацыя не пускае нікуды сваіх акцёраў?

— Для вас той педагагічны досвед не першы — у Пермі вы вялі ўласны курс лялечнікаў. Магчыма, саспелі, каб распачаць педагагічную дзейнасць у Беларусі?

— Ведаеце, у летняй школе я канчаткова зразумеў, што не трэба рыхтаваць артыста тэатра лялек нейкім адмысловым вучэбным курсам — асабліва ў наш час сінтэзу жанраў. На мой погляд, дыплом з радком “акцёр тэатра лялек” адразу ўзводзіць пэўныя рамкі. Напрыклад, вучаць вадзіць трысцінавых лялек, якіх амаль нідзе ўжо не выкарыстоўваюць. Чатыры гады хаваць студэнта за шырмай і бясконца разбіраць з ім сістэмы лялек, па маім разуменні, немэтазгодна. Выпускнік такога курсу часцяком баіцца свайго цела і голасу, таму імкнецца прыкрыцца той жа выратавальнай шырмай. Яму больш карысна было б развіваць мову, пластыку, драматычнае мастацтва. Уласна, тэатру лялек у першую чаргу патрэбны індывідуальнасці — за гэтым яго будучыня. Калі адоранаму акцёру цікавы гэты жанр, тыдзень-другі трэнінгу дазволіць яго засвоіць.

— У Акадэміі мастацтваў ужо не першы год не набіраюць акцёраў-лялечнікаў. На вашу думку, праблемы тут няма? І ці не адчуваеце вы недахоп прафесіяналаў у тэатры лялек?

— Праблема ў кадрах заўжды актуальная. Наколькі я ведаю, БДАМ плануе у бліжэйшы час такія наборы. Праблема ў іншым: тэатр лялек многія ўспрымаюць на ўзроўні самадзейнасці. Таленавіты акцёр, выбіраючы куды ісці, аддасць перавагу драматычнаму тэатру, бо існуе стэрэатып: выйду на сцэну, там сафіты і ўсе глядзяць на мяне. А лялька, як быццам, адцягне ўвагу ад неардынарнай асобы! Таму ў нас недахоп і адчуваецца.

— Сыходзячы з Пермскага тэатра лялек, вы тлумачылі свой крок яшчэ і тым, што не кіраўнік па сваёй сутнасці. Але ў Брэсце ў вас ізноў тая самая пасада…

— Гэта дзве вялікія розніцы. У Пермі мастацкі кіраўнік мусіў адказваць не толькі за рэпертуарную палітыку, але і за бюджэт, што і было маім галаўным болем. У Брэсце я займаюся выключна прафессіяй.

— З якім калектывам прасцей за ўсё знаходзіць агульную мову?

— З тым, які прагне працаваць. У расійскіх тэатрах лялек заробак акцёраў у параўнанні з беларускімі калегамі большы, рынак для рэалізацыі сябе ў прафесіі шырэйшы. Мо таму ў той жа Пермі артысты падаліся мне больш заспакоенымі. Часам здаралася чуць нешта накшталт: “Я ж артыст, вазьміце мяне і чым-небудзь займіце”. Вытокі такога ўтрыманства не зусім зразумелыя, але гэта — адна з самых страшных рэчаў, у што можа ператварыцца артыст. У Беларусі прафесійны рынак маленькі, людзі спадзяюцца самі на сябе. У Брэсце я бачу мабілізаваны калектыў, які за гады без тэатральнага жылля збіўся ў кагорту. Тут акцёры ідуць да рэжысёра са сваімі прапановамі — і гэта вельмі добра!

— У лютым маленькіх берасцейцаў чакае прэм’ера “Мой бацька — птушка”. На які крытэрый вы абапіраецеся, калі шукаеце літаратурную аснову для пастаноўкі?

— Павінна загарэцца “лямпачка”, узнікнуць адчуванне, што гэта — маё. Можна ўзяць Чырвоны Каптурык, Карлсана, Дзюймовачку, але іх столькі ўжо было пастаўлена, што ў рэжысёра застаецца адзін выхад — адмысловая інтэрпрэтацыя. Успрымаць глядач здатны ў меру свайго культурнага пласта. І тут трэба быць падрыхтаваным, што кожны другі абавязкова ўяўляе сабе “як павінна быць”, а такія чаканні хутчэй за ўсё не спраўджваюцца. У выніку два варыянты развіцця падзей: або пойдуць скаргі ў тэатр, або людзі скарацца і прызнаюць гэта аўтарскім прачытаннем.

У сучасным, нявывучаным матэрыяле ёсць пэўная свабода. А абраная мной кніга англійскага пісьменніка Дэвіда Алманда, як высветлілася, добра перарабляецца ў п’есу. Я зачапіўся за пераклад Вольгі Варшавер адразу, бо гэта жывое, новае, яго яшчэ ніхто не ставіў. Тэатр падорыць Брэсту ў пэўным сэнсе сусветную прэм’еру! Па маім адчуванні, беларускаму тэатру ў рэпертуарным плане ўвогуле вельмі не хапае сучаснасці.

— Але ў адным з інтэрв’ю вы гаварылі, што сучасная беларуская драматургія — не лялечная. Што тады выводзіць на сцэну тэатра лялек?

— Вось гэта самае складанае пытанне, пытанне без адказу. У новай беларускай / рускай / польскай драме важны чалавек. З недахопамі, з вартасцямі — яго сутнасць “агаляюць” перад публікай. А лялька — гэта ўсё ж дадатковая рэальнасць — нешта, што прыносіць яшчэ адзін сэнс. Вось гэтае “нешта” новай драме непатрэбнае. Ці то мы адстаём ад новай драмы, ці яна пайшла наперад — невядома… Драматычныя тэатры ў гэтай сітуацыі адназначна ў выйгрышы, аднак, на маё здзіўленне, многія “новай” драмай наўмысна не карыстаюцца. Разумею, некаторыя лічаць тыя п’есы чарнухай: маўляў, у нас любяць забаўляльны тэатр, дзе трэба “акультурвацца”, а не задумвацца. Вельмі шкада! Калі ёсць такі алмаз, то яму проста неабходная сцэнічная агранка. Мы усё азіраемся па старанах, а свое лічым нікчэмным.

— Ці не таму вы звярнуліся да класікі, узяўшы да пастаноўкі ў Брэсце коласаўскую “Новую зямлю”?

— Па шчырасці, я засумаваў па беларускай мове. А яшчэ ўсё склалася нават фармальна — тэатру неабходна новая зямля. Разлічвалі ж, што ў 2017 годзе новы будынак расчыніць дзверы. У спектаклі закладзена тое чаканне свайго кутка. Ад таго, што мы да гэтай пары тулімся ў кінатэатры з убогімі сценамі, з жудаснымі аблезлымі фасадамі, пастаноўка гучыць яшчэ больш балюча.

— У нашай размове вы пазначылі шмат недахопаў у тэатры. У новым будынку ці будзе магчымасць запоўніць гэтыя лакуны?

— Канцэпцыя развіцця нашага тэатра ў новым будынку маштабная і вельмі сур’ёзная. Але яна ажыццявіцца толькі ў выпадку, калі будзе фінансаванне, бо сёння Брэсцкі тэатр лялек выжывае сам, не маючы нават дастатковых грошай на далейшыя пастаноўкі. Пры такой карціне на ўсе нашы пачынанні давядзецца забыцца. І шкада, бо мы маем унікальны прэцэдэнт: у найноўшай гісторыі краіны ўпершыню ўзведзены будынак спецыяльна для тэатра! Ён проста абавязаны стаць культурным цэнтрам Брэста! Тэатр павінен быць адчынены з раніцы да вечара, незалежна ад таго, ці ідзе ў гэты час спектакль. У праект закладзены дзве сцэны, выдатныя грымеркі, вялікія майстэрні, дзівосны ўнутраны дворык, накрыты празрыстым дахам, тэхніка і абсталяванне. Гэта шматгадовая мара і праца мастацкага кіраўніка М. Шавеля.. У будынку можна абыграць кожны закуток: ладзіць выставы, лекцыі і перформансы, адкрыць тэатральную школу. Неабходна ўзаемадзейнічаць з педагогамі, якія прыводзяць класы, — каб падрыхтаваць дзяцей да паходу ў тэатр.

Нам хацелася б ахапіць самыя розныя тэатральныя праявы: бэбі-тэатр, імерсіўны тэатр, чыткі і гэтак далей. У мяне ўвогуле ёсць ідэя, каб гледачы мелі магчымасць калі-нікалі граць на прафесійнай сцэне. У Германіі гэта — найноўшы павеў. Паспрабаваўшы сябе ў якасці выканаўцы, глядач становіцца бліжэй да разумення тэатральнага мастацтва. Гэта вельмі цудоўна, бо, як падаецца, сяму-таму за шчасце было б існаванне беларускага тэатра… без гледача. Маўляў, рабі, што хочаш, і не трэба хвалявацца, як цябе ўспрымуць. Пагадзіцеся, гучыць абсурдна. Не трэба закрывацца ад гледача і няма чаго яго баяцца.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"