Вера ў прадвызначанасць

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Да юбілею Леаніда Шчамялёва
У свет, створаны гэтым майстрам, уваходзіш радасна і лёгка. Гэты свет адкрыты і ўсхваляваны, мужны і празрыста чысты. Людзі ў ім вылучаюцца спакойнай прыгажосцю, дабрынёй, схільнасцю да развагаў “пра час і пра сябе”. Мастак асэнсоўвае рэчаіснасць і дае ёй другое жыццё, адлюстроўваючы на палатне свае адносіны, свой настрой, сваю любоў. Дзякуючы творам Шчамялёва, мы быццам заглядваем у душу чалавека і праз яго барацьбу, шчасце, надзею, веру, смутак увачавідкі адчуваем рытмы часу. Рытмы часу і думкі жывапісца. Бо кожнае палатно, як прасвятленне чалавечай сутнасці, дае адказ на пытанне, што шукае, што сцвярджае, што адстойвае сам творца, сведчыць аб яго адносінах да жыцця, раскрывае пафас яго творчасці. І таму любы твор мастака ў роўнай меры становіцца яго праграмай і споведдзю.

/i/content/pi/cult/677/14926/SHCH-114.jpgЯго alter ego

І вось, прыйшоў час, калі народнаму мастаку нашай краіны Леаніду Дзмітрыевічу Шчамялёву спаўняецца 95! Цяжка паверыць у гэтую лічбу. Здаецца, што гэта нейкі ягоны жарт, прыдуманы пад дыктоўку неразлучнага з ім героя палотнаў, які вось ужо амаль 60 гадоў пры мастаку ў ролі вядучага. А раптам гэты вядучы — ён сам? Дакладней, ягоны двайнік — Леанід Шчамялёў, галоўны персанаж карцін, партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажных песень і эпасаў, бліскучых малюнкаў.

Менавіта так. Уся ягоная творчасць — гэта Аўтапартрэт. Асоба, дзівосна светлая і чыстая, незаплямленая канонамі, штампамі і догмамі, часам неспакойная, імклівая, нястрыманая ў эмоцыях, часам спакойная і засяроджаная — да пары.

Але не — лічба 95 рэальная. Шматлікія кнігі, энцыклапедыі, каталогі, альбомы сведчаць: 5 лютага ў маэстра пэндзля ўгодкі — не проста круглыя, а пашанотныя! І ўсё ж, калі размова пра Шчамялёва, нават такім аб’ектыўным сведчанням верыш з цяжкасцю, і на языку круціцца штосьці кшталту радкоў з дзіцячага Хармса: “Еще двадцать, еще тридцать, ну еще туда-сюда, а уж сорок, ровно сорок — это просто ерунда!” Ну, калі памножыць сімвалічныя “сорак” на два ды прыплюсаваць “пятнаццаць” — гэта і будзе самая існая шчамялёўская лічба, якая з’яўляецца чарговым стартавым падмуркам для новых творчых шуканняў.

Успамінаю калег-аксакалаў Леаніда Дзмітрыевіча — Мікеланжэла, Тыцыяна, Паўла Кузняцова, Ван Дангена, Аскара Какошку, Мартыроса Сар’яна, Пабла Пікаса, Хуана Міро, Сальвадора Далі, якія, будучы ў вельмі сур’ёзным узросце, не адыходзілі ад сваіх мальбертаў.

І хаця мой сябра-юбіляр у апошні час не часта бывае ў сваёй майстэрні, у хатніх абставінах ён з алоўкам у руках можа вельмі прыгожа прыгадаць маладосць. Вось пару дзён назад я гасціў у яго і радаваўся таму, як цудоўна для сваіх гадоў выглядае пасівелы маэстра. Як заўсёды, усмешлівы, добразычлівы, жыццялюбны...

Вядома, гады бягуць. Я і сам даўно ўжо не той 25-гадовы юнак сярэдзіны 1960-х, калі ўпершыню сустрэў 42-гадовага Леаніда. Падумаць толькі — столькі дзесяцігоддзяў мы побач, мы — сябры!

Пад крылом лёсу

Нягледзячы на нялёгкія жыццёвыя і творчыя перыпетыі, што выпалі на долю Шчамялёва ў 1960 — 1970-я гады, лёс беражліва ахоўваў Вадалея пад сваім надзейным крылом, не даваў яму аніводнага шанцу збочыць з мастакоўскай каляіны, якую ён абраў адразу ж пасля вайны. Відавочна, заслужыў ён гэтае права — права заўжды заставацца сабой: са сваім баявым, франтавым юнацтвам, з пасляваеннай падзвіжніцкай працай, з адданай і палкай любоўю да жывапісу, да навакольнага свету, да беларускай зямлі, што яго нарадзіла.

У Шчамялёва — усё “сваё”. Таму што ён, ад прыроды надзелены талентам, жыве — і ў сям’і і ў творчасці — у згодзе са сваімі пачуццямі і думкамі. Шлях творцы ён выбраў у маладосці безагаворачна. Што дапамагло яму пераадолець усе нягоды і няшчасці, якія сустракаліся на жыццёвым шляху? Магчыма, энергія Агні — касмічнага агню? Або набліжэнне да межаў загадкавай краіны Шамбалы — месца, дзе сутыкаюцца зямная будзённасць і космас? Няўжо Шчамялёў шукаў гэтае месца ўсур’ёз у далёкія 1960-я гады? “Прыйдзі ў Шамбалу...” Гэта азначае — стань лепшым, раскрый свае магчымасці, служы прыгажосці.

Віталь Цвірка, найбольш паважаны педагог Леаніда Дзмітрыевіча, аднойчы сказаў: “Не веру ў мастацтва, якое сублімуе ганебныя якасці чалавека — злосць, жорсткасць, агрэсіўнасць... Los Caprichos Гоі адлюстроўваюць ступені яго хваробы. А гэта часта падаецца як вялікае дасягненне”. Вельмі неардынарная ацэнка знакамітых афортаў выбітнага іспанца...

Інакш кажучы, творца павінен паказваць свет па законах гармоніі, дабрыні і любові да чалавека, каб глядач мог атрымліваць ад мастацтва радасць і надзею.

/i/content/pi/cult/677/14926/3.JPGІ смутак, і святло

Жывапіс Шчамялёва па палічках не раскладзеш. Не атрымаецца, нават калі іх, гэтых палічак, будзе шмат. Надзвычай шматбаковы яго жывапіс, у ім кожны можа знайсці нешта асабістае. І гэта не залежыць ад таго, француз глядач ці беларус, армянін ці амерыканец, рускі ці літовец, не залежыць ад узросту, прафесіі, светаадчування. Магчыма, таму што ў мастацтве Шчамялёва многае пераплялося. Там ёсць і смутак, і настальгічная журба па незваротна зніклым — па маладосці, па сябрах, якіх ужо няма, па старажытных гарадах і мястэчках, па спрадвечнасці быцця.

Але там многа і святла, фантазіі, казачнасці. У яго творах можна знайсці айчынную гісторыю, вайну, рэвалюцыю, паэзію белага снегу і блакітнага неба, вобразы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Канстанціна Каліноўскага, Льва Даватара, Міколы Гусоўскага, першага Вялікага князя ВКЛ Міндоўга, Аляксандра Пушкіна, Напалеона, Барыса Савінкава, Нестара Махно, шматлікіх сучаснікаў і блізкіх людзей, прыгожыя постаці жанчын і прыгожыя сілуэты коней, зыход лета, велічныя купалы храмаў, туманы ўначы, родную Віцебшчыну, Ясельду, Іслач, а таксама Грэцыю, В’етнам, Іспанію, Францыю, Літву...

Таямніца застаецца

Неяк я спытаў Леаніда: “У мастацтве ўсе шукаюць, і некаму здаецца, што ён знаходзіць залатое зерне, нехта вечна сумняваецца. А ты ці зрабіў сваё адкрыццё?” І вось што ён адказаў: “Магчыма, гэта падасца наіўным, але я веру ў прадвызначанасць: кожны мае свой шлях у жыцці і мастацтве. Чалавек толькі рэалізуе тое, што закладзена ў ім прыродаю. Таму кожны па-свойму адчувае жыццё, мае свой жыццёвы рытм, сваю прастору, свой колер часу, свой маштаб, урэшце. У мастацтве нельга адкрыць новае, у мастацтве можна адкрыць сябе. Жывапіс — толькі адлюстраванне візуальнай зацікаўленасці светам, нават калі мастак сваім палатном гаворыць табе: паглядзі, які прыгожы заход, які дзіўны твар, якія прыгожыя ружы, які асляпляльна белы снег... Добры жывапіс — гэта найперш адлюстраванне праблем духоўнага быцця чалавека, погляд мастака на сусвет, на мінулае і будучае праз прызму асабістага бачання. І не больш. Да гэтага я і імкнуся...”

...Вось ужо больш за паўстагоддзя я мару адкрыць таямніцу мастака — і не магу зразумець, з якой крыніцы бяруцца яго карціны, што вылучаюць тую самую энергію Агні? Чаму я заўжды ў яго майстэрні адчуваю сябе ўтульна, а за яе межамі — не вельмі? Леанід штораз спрабаваў усё гэта растлумачыць. І не растлумачыў да канца. Таямніца застаецца. Я шукаю ў паэтычных зборніках прыдатную для тлумачэння цытату — і не магу знайсці. І думаю, што так яно і павінна быць. Каб мы ведалі, хто і як дыктуе паэту вершы, хто напявае кампазітару музыку, хто водзіць пэндзлем жывапісца, то страцілі б і першага, і другога, і трэцяга. Страцілі б таямніцу жыцця.

Барыс КРЭПАК

Фота Яўгена КОКТЫША

Рэдакцыя “К” сардэчна віншуе народнага мастака, нашага даўняга сябра Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва з Юбілеем!

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"