Ён быў першым ва ўсім

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Памяці музыканта і выкладчыка Валерыя Грыгарука
Увесну ў Брэсце пройдзе Першы абласны конкурс юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя Валерыя Грыгарука. Напярэдадні ў лютым у той жа зале Брэсцкага музычнага каледжа адбудзецца вечар яго памяці, дзе выступяць не толькі яго “дзеці” — выпускнікі розных гадоў, але і “дзеці яго дзяцей” — іх лепшыя выхаванцы. Наспеў час ушанаваць памяць гэтага выбітнага музыканта і педагога.

/i/content/pi/cult/677/14925/img180.jpgЗ узбочыны — у цэнтр

Валерый Грыгарук выкладаў у Брэсцкім музычным каледжы імя Рыгора Шырмы клас ударных інструментаў. У папулярным “Даведніку па аркестры” Уладзіміра Зісмана месца ўдарнікаў сярод акадэмічных музыкантаў, звернутых да класікі пазамінулых стагоддзяў, трапна вызначана як “на ўзбочыне цывілізацыі”. Але ж Валерый Іванавіч ніколі не быў дзесьці “збоку” — заўсёды толькі ў цэнтры! У цэнтры самых значных падзей канцэртнага і грамадскага жыцця, навучальнага працэсу, жыцця калектыву. Дзякуючы Грыгаруку клас ударных інструментаў, які звычайна ўспрымаецца гэткім “дадаткам” да струнных смычковых і духавых, у Брэсце стаў з імі на адну прыступку і нават пачаў лідзіраваць.

Гэта быў строгі і патрабавальны настаўнік. Не выносіў ляноты, падману, дабіваўся пунктуальнасці, каб не было ні хвіліны спазнення на ўрок ці рэпетыцыю. Выхоўваў адказнасць і працавітасць. Усё — на ўласным прыкладзе. Бо працаваў нястомна: не толькі ў адведзеныя для заняткаў гадзіны, але і ў пазаўрочны час, вымагаючы таго ж і ад вучняў.

Як узгадваюць яго выхаванцы, у класе быў вялізны паралонавы матрац, і яны, здаралася, начавалі на ім. Бо зранку займаліся з 6-ці гадзін, а ўвечары — да 23-х, і дадому даехаць не заўсёды паспявалі. Спецыфіка заняткаў на ўдарных інструментах такая, што рыхтавацца дома — праблематычна і нават немагчыма. Ударных вельмі многа, яны ўсе розныя — ці ж можа кожны вучань займець поўны камплект і грукаць на радасць суседзяў? Ударнікі займаюцца ў класе, кожны чакае сваёй чаргі — і яна расцягваецца на ўвесь дзень. А самастойную падрыхтоўку сваіх вучняў Валерый Іванавіч кантраляваў: заходзіў у клас у пазавучэбныя гадзіны, у выхадныя — правяраў, хто, як і чым займаецца. Але ж тое мела сэнс!

Яго першай выпускніцай стала Людміла Тунчык, якая пазней узяла прозвішча мужа — Кліндухова. Цяпер яна прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, узрасціла і ўзрошчвае лепшых ударнікаў краіны (яны, дарэчы, таксама выступяць у канцэрце 9 лютага). Пра Грыгарука заўжды гаворыць, што той быў “педагог ад Бога”: умеў даступна і паступова, бы ўзнімаючыся па лесвічцы, тлумачыць сакрэты прафесійнага майстэрства. Цярпліва дабіваўся граматнага выканання аўтарскага тэксту. І вельмі высока цаніў у вучні музычнасць. Да кожнага знаходзіў індывідуальны падыход, імкнуўся заўважыць яго моцныя бакі і надалей развіваць іх, даводзячы адоранасць да ўзроўню таленту.

Ці разумелі гэта вучні, пакуль у яго займаліся? Наўрад ці: поўнае ўяўленне такіх рэчаў прыходзіць пазней. Але за што яго моладзь шанавала бязмерна, дык гэта за бацькоўскі клопат і добрае сэрца. Усе вучні называлі яго — тата. Былі за ім як за каменнай сцяной, нічога не баяліся. Ён першым прыходзіў на дапамогу: вырашаў побытавыя праблемы (жытло, харчаванне, матэрыяльная забяспечанасць), мог даць грошай, пасяліць у сваёй маці, запрасіць да сябе і шчодра накарміць. Дбайна сачыў за адзнакамі па ўсіх прадметах, падтрымліваў кантакт з выкладчыкамі тэарэтычных дысцыплін, з бацькамі вучняў. Таму ведаў пра сваіх выхаванцаў усё. Пры неабходнасці дапамагаў ім карыснымі парадамі — нават па жыццёвых пытаннях, шукаў для іх добрую працу. Кожнаму дапамог вызначыцца з далейшым лёсам, вельмі хваляваўся за іх поспехі ці няўдачы. Таму не дзіва, што бываў на ўсіх іх вяселлях ды юбілеях, не гаворачы пра найбольш значныя выступленні. На ўсё жыццё запомніла тая ж Кліндухова, калі на сваім першым аспіранцкім канцэрце ўбачыла ў зале Валерыя Іванавіча: той спецыяльна дзеля гэтага прыехаў з Брэста ў Маскву, дзе Людміла працягвала навучанне.

Дадамо, што дарога ў Маскву была для яго звыклай: адтуль ён прывозіў сваім вучням рэдкія на той час, дэфіцытныя, але прынцыпова больш перспектыўныя двухрадковыя ксілафоны. У Беларусі ён стаў першым выкладчыкам сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, які змог забяспечыць гэтымі інструментамі ўсіх сваіх вучняў. Ён сам засвоіў гэты новы па тых часах інструмент і бліскуча вучыў ігры на ім сваіх выхаванцаў.

/i/content/pi/cult/677/14925/14.jpgЗ сям’і чыгуначніка

Яго біяграфія — прыклад таго, як мэтаскіраванасць і працаздольнасць прыводзяць чалавека да высокіх дасягненняў. Валерый Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Капылы Высокаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Пасля трох класаў музычнай школы ў Брэсце, дзе ён іграў на акардэоне, паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча (цяпер гэта і ёсць неаднаразова згаданы вышэй каледж імя Р.Шырмы) — на ўдарныя інструменты. Гэта быў 1960 год, педагогаў па профілі не хапала, і ўдарныя выкладаў… кларнетыст Уладзімір Майгула. Ды для захопленага чалавека, якім быў Грыгарук, цяжкасці станавіліся хіба падставай для пошукаў дадатковых шляхоў прафесійнага росту. Ён рэгулярна ездзіў у Мінск на кансультацыі да таленавітага выканаўцы і педагога Аляксандра Кнотэ. У выніку праз чатыры гады першым на Брэстчыне паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю — вядома, на ўдарныя, дзе займаўся ў Марыі Мінянковай.

У Брэст вярнуўся ў 1975-м — пасля заканчэння кансерваторыі і некалькіх гадоў працы ў Маладзечанскім музычным вучылішчы. Стаў не толькі выкладчыкам каледжа па класе ўдарных, але і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Ён не проста ўкладаў душу ва ўсю сваю дзейнасць, а літаральна жыў на працы. І пры такой нагрузцы — заўсёды добразычлівая ўсмешка, вясёлы нораў, ветлівы погляд праніклівых вачэй. Ён быў адкрыты да стасункаў, з непадробнай цікавасцю слухаў суразмоўцу і сам лёгка мог знайсці займальную тэму для гутаркі.

Усе клопаты, а часам і нягоды працоўнага і сямейнага жыцця падзяляла з Валерыем Іванавічам яго жонка. Выдатная піяністка, таленавіты педагог, яна многія гады працавала канцэртмайстрам у яго класе, суправаджаючы вучняў мужа на ўсіх канцэртных і конкурсных выступленнях. І вучні заўсёды плацілі ёй шчырай удзячнасцю і павагай. Да гэтага часу многія з іх тэлефануюць Таццяне Сямёнаўне і віншуюць яе са святамі, цікавяцца яе справамі, прапануюць сваю пасільную дапамогу.

Акіян вучняў

Калі згадваем Валерыя Грыгарука, першым словам, што ўзнікае ў падсвядомасці, становіцца — першы. У гэтым — увесь ягоны характар. Ён павінен быў стаць першым ва ўсім — самым-самым, гэткім “вечным рухавіком”. Легендарнымі зрабіліся гісторыі пра тое, як ён выгадаваў самую вялікую трусіху на Брэстчыне, і пра гэта пісалі ў абласной газеце. Як злавіў на рыбалцы вялізнага сома, прывёз яго на сваіх “Жыгулях” да вучылішча і з гонарам паказваў усім прыгажуна. Ды ўсё ж самымі дарагімі для яго дасягненнямі былі перамогі вучняў на конкурсах. І тут ён зноў жа першы, таму што здолеў прывезці з конкурсаў рэкордную колькасць першых месцаў у Брэсцкім музычным вучылішчы.

Зусім маладым ён марыў стаць мараком, ды не трапіў у мараходку па стане здароўя. Але ніколі не здаваўся, любіў жыццё і здолеў-такі рэалізаваць сваю “марскую” рамантыку: выгадаваў мора (ды што там мора — акіян) выдатных музыкаў і проста добрых людзей. Ён часта паўтараў ім, што “трэба быць фанатыкамі сваёй справы” і што вучні абавязкова павінны перарасці свайго настаўніка.

Так і здарылася. Сяргей Панасюк стаў намеснікам начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Людміла Кліндухова, як згадвалася вышэй, — прафесарам сталічнай Акадэміі музыкі. Алег Роўда — дырэктарам нашага каледжа імя Рыгора Шырмы. Мікалай Нярэзька — адным з найбольш шанаваных выкладчыкаў каледжа: ён прызнаны “Чалавекам года” Брэсцкай вобласці за 2016 год у сферы культуры, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Вячаслаў Бахур — канцэртмайстрам групы ўдарных сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Валянцін Бабілін — артыстам сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі, Раман Малчанскі — артыстам Канцэртнага аркестра “Няміга”. Спіс можна працягваць да бясконцасці! І ўсе яны памятаюць чалавека, якому гэтым абавязаныя. Яны памятаюць свайго Настаўніка!

Наталля ДРОЗД,
выкладчык Брэсцкага
музычнага каледжа
імя Рыгора Шырмы

Фота з архіваў каледжа
і асабістых збораў