Нам не ўсё адно...

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Зазірнуўшы на сайт Другіх Еўрапейскіх гульняў, якія маюць адбыцца ў Мінску ў 2019 годзе, я быў здзіўлены адной акалічнасцю: там няма інфармацыі культурніцкага характару. Між тым, спартыўную падзею, якая паводле фармату блізкая да Алімпіяды, немагчыма ўявіць без такога складніку, як адмысловая культурная праграма.

/i/content/pi/cult/677/14924/opt.jpegНа момант, калі я пішу гэтыя радкі, да адкрыцця Гульняў засталося крыху болей за 500 дзён. Беручы да ўвагі, колькі яшчэ трэба зрабіць, каб Гульні прайшлі ўзорна, часу няшмат. Аднак зыходзячы з мабілізацыйнага патэнцыялу нашай дзяржавы і беларускай грамады, выразна праяўленых пры арганізацыі ў нашай сталіцы Чэмпіянату свету па хакеі, можна не сумнявацца, што ўсё будзе так, як задумана. Што 4 тысячы спартсменаў з 50 краін, якія прыедуць да нас спаборнічаць па 23 дысцыплінах 15-ці відаў спорту, а таксама заўзятары і проста турысты, атрымаюць у Мінску толькі станоўчыя эмоцыі.

Мне, аднак, думаецца, што было б недаравальна не скарыстаць Гульні як унікальную магчымасць для распаўсюду ў свеце ведаў пра Беларусь, для прапаганды нашай культуры і гістарычнай спадчыны. Хай бы нашы госці, засяродзіўшыся на спартыўным чынніку мерапрыемства, хоць краем вока і свядомасці зачапілі музеі, мастацкія галерэі, тэатры і помнікі дойлідства. Ды і цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў мусяць даць гледачам добрае ўяўленне пра краіну-гаспадыню.

Я памятаю яшчэ Маскоўскую алімпіяду 1980 года. Мінск разам з Ленінградам і Кіевам стаў месцам правядзення групавога футбольнага турніру. Зразумела, гэта была добрая магчымасць сказаць важкае слова пра Беларусь на мове культуры. Але на справе нашы лепшыя творчыя сілы былі камандзіраваныя ў Маскву, дзе яны презентавалі шматнацыянальнае савецкае мастацтва. У Мінску ж, склалася адчуванне, засталіся адны “Харошкі”, якія былі вымушаныя завіхацца і за сябе, і за адсутных. Не было адмыслова зробленых для замежных турыстаў канцэртных праграм, тэатральнага рэпертуару, музейных і выставачных экспазіцый. Прасцей кажучы, усе ўстановы культуры сталіцы і рэспублікі працавалі ў звыклым рэжыме, не робячы нават памкненняў скарыстаць сітуацыю для прапаганды нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны. Яно, зрэшты, і зразумела: тады азіраліся на Маскву, а чыноўнікі з цэнтра ініцыятывы на месцах надта не ўхвалялі.

Спроба скарыстаць культурны патэнцыял дзеля ўмацавання станоўчага іміджу Беларусі была зроблена ў часе хакейнага Чэмпіянату свету 2014 года. Сталічныя музеі парупіліся пра замежнікаў, павялічылася колькасць гідаў з веданнем асноўных моў свету, былі распрацаваныя экскурсіі па сталіцы і да знакавых культурных аб’ектаў за яе межамі. На выставах сучаснага мастацтва, што ладзіліся падчас чэмпіянату, пераважалі творы, разлічаныя на густ гледача, які знаёмы з актуальнымі сусветнымі трэндамі. Гэта вельмі карысны досвед. Ён спатрэбіцца нам на Еўрапейскіх гульнях. Але, адзначу, што ў культурніцкім сегменце чэмпіянату ўсё ж дамінаваў забаўляльны чыннік, а не папулярызатарскі.

Мне хочацца думаць, што сярод спецыялістаў, якія непасрэдна займаюцца падрыхтоўкай Гульняў, ёсць не толькі знаўцы спартыўнай галіны, але яшчэ і культуролагі, гісторыкі, мастацтвазнаўцы. А калі іх няма там сёння, яны з’явяцца ў бліжэйшы час. Гэтыя спецыялісты павінны распрацаваць культурную праграму Гульняў такім чынам, каб госці прасякнуліся непадробнай цікавасцю да нашай спадчыны, а беларусы — гонарам за сваю Айчыну. Менавіта яны маглі б вызначыць, якія кнігі, даведнікі, буклеты пра Беларусь павінны распаўсюджвацца для турыстаў, што рэкламаваць на бігбордах, на якія падзеі нашай тысячагадовай гісторыі мусяць звяртаць увагу гіды.

Зрэшты, без ўсяго гэтага можна абысціся, засяродзіўшыся ў час Гульняў выключна на відовішчах забаўляльнага характару. Але ж толькі нам не ўсё адно, што пра нас думаюць у свеце.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"