Скаліёз як хвароба прафесіі?

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Як пазбегуць “зваротных бакоў” прыгажосці
Многія бацькі чулі ад дактароў: аддавайце дзяцей на танцы, каб выпрацоўвалася правільная пастава. Менавіта па прыгажосць і здароўе дзяцей вядуць у размаітыя харэаграфічныя гурткі, школы, калектывы. Але тут раз — і неспадзяванка! Артапед раптам кажа бацькам юнага танцора пра выхад за межы нормы ў пастаноўцы шыі або пра адхіленні пазваночніка на небяспечную колькасць градусаў. І добра, калі праблема вырашаецца простым сыходам з гуртка. А што рабіць, калі заняткі перайшлі ўжо ў прафесійную стадыю і расстацца з харэаграфіяй неабходна будучай балерыне або майстру спорта?

/i/content/pi/cult/677/14923/ballerina 92_opt.jpegСуперніцтва за кліента

Верагодна, не памылюся, калі назаву харэаграфію адным з самых запатрабаваных масамі відаў пазашкольнай мастацкай самадзейнасці. Заедзь у любое мястэчка — абавязкова знойдзеш там або танцавальны гурток пры школе ці СДК, або бацькоў, якія мараць, каб ён з’явіўся. Не дзіва, што прафесійныя харэографы стабільна ўзначальваюць рэйтынг кадравага дэфіцыту ў галіне культуры ўжо не першае дзесяцігоддзе.

Чым большы горад, тым шырэйшы выбар у будучага танцора. Мясцовая школа мастацтваў заўжды гатовая пазнаёміць з класічным станком, растлумачыць народна-сцэнічны танец, давесці гісторыка-бытавы. Як варыянт — калектыў з першапачаткова абраным жанравым профілем. У буйных гарадах у суперніцтва за кліента ўступаюць і прыватныя клубы з прапановай модных кірункаў — ад хіп-хопу, джаз-фанку і мадэрну да усходніх і лацінаамерыканскіх танцаў. Перад патэнцыйнымі навучэнцамі (і асабліва іх бацькамі) яны казыраюць адаптаванымі праграмамі ад найлепшых харэографаў свету і магчымасцямі гастраляваць па Еўропе.

А ў Мінску перад бацькамі паўстае папраўдзе неабмежаваная колькасць варыянтаў. Пагатоў, клубы і школы ўсё актыўней зніжаюць узроставы парог для пачатку заняткаў. Калі ў часы майго дзяцінства ў харэаграфічныя класы запрашалі, у асноўным, першакласнікаў агульнаадукацыйных школ (балетную адукацыю мы вынесем за дужкі), то сёння нікога не здзівіш шчыльным раскладам заняткаў у дашкольнікаў. На малога, якога ўпершыню прывядуць у танцклас у пяцігадовым узросце, бацькі іншых навучэнцаў паглядзяць з непаразуменнем: іх “аксакалы” ужо гады два як выступаюць на справаздачных канцэртах ды ездзяць на спаборніцтвы ў катэгорыі “супер кідс”.

Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя. Сотні харэографаў ва ўсёй краіне займаюцца з тысячамі дзяцей, пачынаючы ад самага пяшчотнага іх узросту. Дадайце сюды яшчэ трэнераў, якія вучаць спартыўным танцам, бо многія сучасныя напрамкі харэаграфіі засвойваюцца менавіта пад іх крылом. Пасля прыплюсуйце тых, хто яшчэ толькі атрымлівае прафесійную адукацыю. Падаецца, мы павінны быць надзвычай здаровай нацыяй! Чаму ж тады настолькі часта артапеды выносяць танцорам дыягназ “скаліёз”?

Ляпіць, быццам скульптуру

/i/content/pi/cult/677/14923/60e0d9975ab1691ecad6b4a8f86505d3-S.jpgТраўматолаг-артапед здраўпункта Вялікага тэатра Беларусі Нажы Аль Хаек на пачатку размовы прапануе ўспомніць, што стаіць за ўзгаданым мной медыцынскім тэрмінам. Як вядома, пазваночнік складаецца з пазванкоў, якія ўтрымліваюць паміж сабой у вертыкальнай паставе мышцы і звязкі. Скаліёз танцоўшчыкаў часта развіваецца як функцыянальны, бо мышцы, што павінны выраўноўваць пазваночнік, атрымліваюць розныя нагрузкі. “Вінаватай” тут можа быць як сама па сабе асіметрычная нагрузка (падчас класу больш працуюць з адной нагі і хуценька прабягаюць іншую), так і харэаграфічны малюнак, калі харэограф з нумара ў нумар ставіць адных выканаўцаў на левы бок, а другіх — на правы.

Такая, здавалася б, дробязь, як змена звыклай “кропкі” на сцэне, некаму можа выліцца ў сур’ёзныя праблемы са спінай. А яшчэ элементарнае недакладнае выкананне харэаграфічнага элемента, у час не прыкмечанае педагогам. Яно хутка “затанцоўваецца” — і тады ўжо корпус незаўважна для ўладальніка пачынае прымаць нефізіялагічную паставу. І калі даросламу танцоўшчыку гэта можа адгукнуцца залішнімі болевымі адчуваннямі, то для пачаткоўца пагражае сапраўдным скрыўленнем пазваночніка.

Бацькі, атрымліваючы на рукі рэнтгенздымак свайго дзіцяці з адхіленнем пазваночнага слупа, адразу пачынаюць шукаць, хто вінаваты. І першымі пад град папрокаў трапляюць педагогі.

— На зводных канцэртах я пастаянна сустракаюся з калегамі з усёй краіны, і хачу зазначыць, што айчынныя харэографы — вялікія працаўнікі, людзі з найвышэйшай адданасцю прафесіі, якія ставяцца да дзяцей з сапраўднай любоўю і павагай, — кажа дырэктар смалявіцкай узорнай студыі сучаснага бальнага танца “Шарм” Алена Мыцько. — Аднак трэба прызнаць, што павялічылася колькасць выкладчыкаў танцаў, у якіх няма профільнага дыплому. Сама бачыла такіх, хто нахапаўся чагосьці, дзесьці патанчыў — і ўжо лічыць сябе здатным выкладаць. Упэўнена: каб вучыць танцу, неабходна валодаць асновай, якую можа даць толькі харэаграфічная адукацыя.

— Чаму добра браць дзяцей у маленькім узросце? — падхоплівае педагог названай студыі Крысціна Мыцько. — Іх можна ляпіць, быццам скульптуру. Настаўнік павінен кантраляваць, як пастаўлены корпус і нацягнутыя калені. Калі я бачу, што мая навучэнка цягнецца, але сутулай спінай, я выраўноўваю яе. Не трэба ленавацца надаваць увагу, тады не толькі пазбегнеш верагодных фізіялагічных праблем, але і пазбавіш навучэнца многіх недахопаў. Прыкладам, у нас у студыі цудоўна выпраўляецца касалапасць, сутуласць.

Давяраць, правяраць, супрацоўнічаць

Чаго крывіць душой: у кожнай прафесіі ёсць выбітныя творцы, а сустракаюцца і выпадковыя людзі. Аднак ці насамрэч толькі педагогі адказваюць за стан здароўя сваіх навучэнцаў?

Спадарыня Крысціна нагадвае відавочнае: пасля заняткаў дзіця ідзе дадому, і за тое, што адбываецца там, педагог не можа несці адказнасць. Што зробіць харэограф, калі пасля класічнага станка дзяўчынка згорбілася над хатнім заданнем, а хлопчык увесь вечар правёў, скрывіўшыся перад камп’ютарам? Алена Мыцько агучвае і яшчэ адну праблему: многія аматары паспяваюць займацца па некалькіх профілях.

— І я адразу бачу па гнутай спіне, што адзін ходзіць на маляванне ці на фартэпіяна, другі — на валейбол, а трэці — на трэніроўкі па вольнай барацьбе, — дзеліцца яна назіраннямі.

Мае суразмоўцы катэгарычна сцвярджаюць: бацькам не след пакідаць усё на водкуп кіраўніку гуртка. Трэба і самім уцягвацца ў працэс і сачыць, з якой спінай ходзіць пасля рэпетыцый іх крывінка.

— Не варта забывацца, што харэограф часцей за ўсё працуе з групай, а над адным з дваццаці увесь час не пастаіш, — працягвае спадарыня Крысціна. — Таму я ў класе заўсёды кажу: вам паказала, растлумачыла — але на вашым жа сумленні, ці будзеце вы рабіць тое, што ад вас просяць. Многае залежыць і ад характару навучэнца: можна колькі заўгодна паўтараць пра роўную спіну, аднак сёй-той будзе ўпарта прымаць больш зручную яму, але ў прынцыпе няправільную паставу і “затанцоўваць” гэтую няправільнасць.

Канешне, у шматлікіх школах розны ўзровень нагрузкі. У студыях, што спецыялізуюцца на канцэртных праграмах, у хобі-класах менш верагоднасці сутыкнуцца з праблемамі пазваночніка. Складаней там, дзе нацэлены на вынік: у бальна-спартыўных танцах часта ўсплываюць праблемы з каленямі, шыяй, ступнямі. У балеце свой пералік спецыфічных рызыкаў. Няўжо баяцца ды ў прафесію не хадзіць?

“То стан спляце, то распляце”

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Вялікага тэатра Беларусі, заснавальнік прыватнай балетнай школы Марына Вежнавец цвёрда ўпэўненая: скаліёз, калі і з’яўляецца ў навучэнкі, дык не ад фізічных нагрузак, а ад звычкі няправільна трымаць спіну па-за сценамі балетнага класа.

— У класічным балеце ўсё вельмі дакладна прадумана. Цэлы ўрок дзеці трымаюць падцягнуты корпус, а інакш яны не змогуць рухаць нагамі. У статыцы гэта самае лепшае для замацавання мышачнага гарсэту, — тлумачыць візаві. — А ў мадэрне, напрыклад, ці мастацкай гімнастыцы сапраўды могуць быць нязручныя целу рухі. Але калі выкладчык прафесіянал, а танцоўшчык дакладна паўтарае за ім, то і праблем не ўзнікне.

Вядомая настаўніца, якая прывяла да гучных балетных перамог не адну са сваіх юных вучаніц, прызнаецца: для яе не будзе перашкодай узяць у клас дзяўчынку, якой дактары паставілі скрыўленне пазваночніка. Пастаянныя заняткі зробяць мышцы моцнымі, што ў сваю чаргу дапаможа выправіць ранейшыя недахопы: “Прырода настолькі ўсё прадумала ў нашым арганізме, што ён сам будзе працаваць так, як трэба”.

І ўсё ж з праблемамі са здароўем сутыкаюцца і будучыя балерыны, і тыя, у каго дыплом артыста балета ўжо даўно на руках. Аднак пры напрацаванай метадалогіі можна знізіць патэнцыйную рызыку. Для гэтага траўматолаг-артапед Нажы Аль Хаек прапануе хадзіць у спартзалу ці басейн: змена нагрузкі дазволіць задзейнічаць іншыя групы мышцаў і тым самым пазбегнуць іх асіметрычнага развіцця. Не трэба забывацца на масажы — прафесіянал зможа тэрмінова скарэктаваць праблемныя месцы, а таксама на адпачынак — каб аднавіць свае сілы. Правілы простыя, аднак многія артысты адмахваюцца: маўляў, увесь час ідзе на рэпетыцыі і спектаклі.

— На вуліцы я заўсёды вылічу з натоўпу балерыну па паходцы, — працягвае траўматолаг. — Мне гаварылі, быццам нехта з педагогаў настойвае на хадзьбе, падобнай да Чапліна, але гэта не зусім фізіялагічна. Пры кроку калена павінна глядзець наперад — так будзе дакладна размяркоўвацца нагрузка, інакш чакай хуткага болю у суставах. Пры дзіўнай паходцы ўзнікаюць натуральныя выгіны ў шыйным, грудным, паяснічным аддзелах.

У доктара выклікае занепакоенасць і папярэчная плоскаступнёвасць, што сустракаецца амаль у кожнай балерыны з-за пуантаў: “Звод ступні — гэта амартызацыя. Вы ж не паедзеце на машыне без амартызатараў, бо яна будзе трэсціся. Адсутнасць натуральнай амартызацыі ў танцоўшчыка можа парушаць міжпазванковыя храсткі каленнага і тазасцегнавога суставаў. Самы просты выхад з сітуацыі — медыцынскія вусцілкі. Але мала хто на тую прапанову звяртае ўвагу”.

Між іншым, скаліёз можа ўзнікнуць і з дыеталагічных прычын. Вядома, у танцоўшчыкаў ёсць стандарты вагі, аднак вытрымліваць іх неабходна і праз збалансаванае харчаванне.

— Калі ўжываць малую колькасць бялкоў, то мышцы моцна атрафіруюцца і больш не могуць правільна трымаць пазваночнік. Балерыне патрэбна штодзённа прыкладна 100 грамаў чыстага бялку: ён змяшчаецца ў мясе, тварагу, яйках. Асабіста я прапанаваў бы разгледзець варыянт спартыўных харчовых дабавак: ачышчаныя бялкі і амінакіслоты дапамагаюць мышцам аднаўляцца пасля нагрузкі, — раіць спадар Нажы.

Ад сябе дадам, што кантроль за балансам у ежы асабліва важны для юных танцоўшчыкаў у перыяд бурнага росту арганізму.

Доктар неаднойчы працаваў з балерынамі, якія выйшлі на пенсію. У некаторых пацыентак знаходзяць па дзесяць грыж у паяснічным аддзеле пазваночніка. Многія да 35- гадовай мяжы падыходзяць са зношаным арганізмам. Зразумела, высокае мастацтва не можа вымярацца бытавым крытэрыем, трэба ўлічваць спецыфіку жанру, але… ці варта прыносіць сябе ў ахвяру па прынцыпе “або пан, або прапаў”? Можа, і сапраўды танцоўшчыкам лепей крыху больш надаваць сабе ўвагі, каб займацца любімай прафесіяй без сумных наступстваў?

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"