1500 артыкулаў пра Купалу

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

31 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя першага тома персанальнай энцыклапедыі “Янка Купала”, які пабачыў свет у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

/i/content/pi/cult/677/14921/DSC_0401_opt.jpegЯк распавяла “К” вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Воранава, гэта багата ілюстраванае энцыклапедычнае выданне ўключае каля 1500 артыкулаў — біяграфічных, літаратуразнаўчых, крыніцазнаўчых, бібліяграфічных і нават геаграфічных. Яны даюць шырокі даведачны матэрыял пра жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі, распавядаюць пра гісторыю ўшанавання і даследавання спадчыны нацыянальнага генія.

— Нагадаю, што яшчэ ў 1986 годзе “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выдала ў адным томе энцыклапедычны даведнік “Янка Купала”, — адзначыла суразмоўца. — З таго часу прайшло больш за тры дзесяцігоддзі, адбылося шмат змен у грамадска-палітычным жыцці краіны, адкрыліся многія, раней забароненыя, творы Купалы, а таксама абставіны яго грамадскай і літаратурнай дзейнасці. Менавіта з гэтай прычыны выданне новай энцыклапедыі — актуальная патрэба сённяшняга часу.

Падчас прэзентацыі з вуснаў прамоўцаў неаднаразова падкрэслівалася думка пра тое, што персанальная энцыклапедыя “Янка Купала” з’яўляецца інтэрнацыянальным праектам. У выданні ўтрымліваецца інфармацыя не толькі пра беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва, але і пра прадстаўнікоў замежжа, якія звязаны з творчасцю паэта. Напрыклад, пра кітайскага мастака Ао Тэ, які стварыў партрэт Янкі Купалы, пра Хізры Газіевіча Асадулаева, які ўпершыню ў беларускай літаратуры пераклаў вершы паэта на карацінскую мову, і многіх іншых.

У выданні таксама ідзе гаворка пра перакладчыкаў твораў Купалы на рускую, казахскую, грузінскую, балгарскую, татарскую і іншыя мовы. Асобна ў энцыклапедыі вылучаны тэмы: “Армянская літаратура і Янка Купала”, “Англамоўны свет і Янка Купала”, “Азербайджанская літаратура і Янка Купала”… Акрамя таго, у кнізе сабраны звесткі пра месцы, дзе ў свой час пабываў Купала: у Расіі, Грузіі, Славакіі, Фінляндыі.

/i/content/pi/cult/677/14921/DSC_0406-S.jpgПры садзейнічанні Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў выданне ўвайшлі артыкулы пра Льва Дашкевіча — аўтара мастацкіх фотапартрэтаў Купалы 1923 і 1924 гадоў, пра дваранскі род Замбжыцкіх, які валодаў маёнткам Вязынка, а таксама больш за 300 ілюстрацый.

Першы том энцыклапедыі “Янка Купала” багата ілюстраваны рэпрадукцыямі карцін і фотаздымкамі. Усяго пад вокладкай першага тома абноўленай энцыклапедыі сабраны артыкулы ад “А” да “З”. Тыраж выдання — 1500 асобнікаў. Сярод аўтараў артыкулаў — навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і шэрагу ўніверсітэтаў краіны.

Дарэчы, летась купалаўскай тэматыцы былі прысвечаны і іншыя кнігі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”: “Янка Купала” ў серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя”, а таксама кніга вершаў для дзяцей “Хлопчык і лётчык”.

Як неаднаразова адзначалася падчас прэзентацыі энцыклапедыі, праца над маштабным праектам працягваецца. Так, сёлета плануецца выданне другога тома энцыклапедыі і кнігі аднаго верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?” у перакладзе на 100 моў свету.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"