Пачаўся продаж сертыфікатаў на “Славянскі базар у Віцебску”

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Асноўныя мерапрыемствы XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў пройдуць з 12-га па 16-га ліпеня (дадатковыя, як звычайна, адбудуцца да адкрыцця форуму і па яго закрыцці).

/i/content/pi/cult/677/14920/31213956.1_opt.jpeg1 лютага ўжо паступілі ў продаж падарункавыя сертыфікаты наміналамі ў 10, 20, 30, 50 і 100 рублёў, якія з 23 лютага па 18 ліпеня можна абмяняць на білеты. На першым этапе іх рэалізацыі будуць даступныя білеты на сольныя праекты ў Летнім амфітэатры; на другім, што распачнецца 23 сакавіка, — на ўсе канцэрты на гэтай сцэне; на трэцім, аб пачатку якога паведамяць пазней, — на іншых пляцоўках.

Сталі вядомыя і некаторыя імёны артыстаў, якіх прыме горад на Заходняй Дзвіне. Публіку ў Амфітэатры чакае сапраўды сенсацыйны канцэрт з двух аддзяленняў з удзелам Горана Брэгавіча і яго Wedding and Funeral Orchestra і Эміра Кустурыцы з The No Smoking Orchestra (на здымках). Дзве гэтыя культавыя творчыя постаці некалі пасварыліся вусьмерць, і вось ужо каторы год добразычліўцы спрабуюць навесці паміж імі ранейшыя сяброўскія масты. Як ведаць, можа, на віцебскай зямлі здарыцца іх канчатковае прымірэнне? А Кустурыца, дарэчы, у рамках кінапраграмы фэсту прадставіць гледачам свой апошні фільм “Па Млечным Шляху”. Весяліць гаспадароў і гасцей форуму стане, у прыватнасці, расійскі праект “Comedy Family. Супершоу”. Адным жа з фінальных акордаў “Славянскага базару-2018” будзе сольнік гурта “Мумий тролль”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"