Таямніцы творчай эвалюцыі

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Эвалюцыянаваць у адным стылі, ісці па адной мастацкай сцежцы — найскладаная задача. А Міхаіл Рагалевіч, выстаўка якога праходзіць цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі, акурат выбіраў кардынальна розныя шляхі для самавыяўлення. Больш за 60 палотнаў у дзвюх вялікіх залах, і на кожным кроку можна ўбачыць эксперыменты з колерам, тэхнікай, сюжэтамі і сродкамі, што выкарыстоўваюцца мастаком.

 /i/content/pi/cult/165/1492/Tajamnicy.jpg

М.Рагалевіч. “Свята”.

Калі прачытаеш біяграфію Міхаіла Вікенцьевіча, а пасля пастаіш сам-насам з карцінамі, адчуеш, што гэты чалавек стаў загадкай яшчэ ў большай ступені, чым пасля першага, павярхоўнага знаёмства. Ён прафесіянал у вытанчаных імпрэсіяністычных пейзажах апошніх гадоў (“Майскі сонечны дзень”), між тым як наўмысна грубавата, зусім па-сезанаўску, распраўляўся з краявідамі і людзьмі на іх, з мёртвай натурай у пачатку сваёй творчасці (“Вясна”, “Нацюрморт з белым кубкам”). Яго сучасныя алейныя партрэты наіўныя, зусім без дэталей адзення, ценяў і настрояў (“З рук у рукі”), а ў той жа час малюнкі пастэллю вельмі дакладныя, выяўляюць характар чалавека. І што самае дзіўнае: на фоне класічных пейзажаў і партрэтаў, якімі радаваў мастак апошнія гады, шокам успрымаецца карціна 1965 года “Рашаючы ўдар”, на якой паказаны два чалавекі, захопленыя гульнёй у більярд. Магутная энергетыка, што промнямі зыходзіць ад іх пальцаў і вачэй, усяго экспрэсіўнага фону, ніяк не становіцца ў адзін шэраг з сённяшнімі пяшчотнымі, светлымі фарбамі.
Зразумела тады, чаму на экспазіцыі творы не размяшчаюцца згодна з нейкай сістэмай — ці па храналогіі, ці па стылю, ці па жывапісных жанрах: Рагалевіч не падпарадкоўваецца сістэматызацыі. Ды такое адчуванне асістэмнасці, якое ўзнікае, усё адно пазітыўнае. Ён таямнічы, гэты чалавек з вачыма, што глядзяць нібы ўнутр сябе, і з жыццёвым шляхам, які, бадай, з самага пачатку не настройваў на пазітыў і творчасць. Зараз 75-гадовы мастак у бальніцы, таму на адкрыцці ён не прысутнічаў. Але шмат цёплых слоў у кнізе водгукаў будуць яму добрымі лекамі. 

Алена САБАЛЕЎСКАЯ