Сапраўдныя колеры Чырвонага касцёла

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Храм, які лічыцца адной з візітовак Мінска, ужо каторы месяц абнесены агароджай, а замест гукаў аргана там часта можна пачуць рокат перфаратара. Асноўным выканаўцам работ з’яўляецца прадпрыемства “Мінская спадчына”, якое спецыялізуецца на рэстаўрацыі архітэктурных аб’ектаў у сталіцы і курыруе аднаўленне гістарычнага цэнтра горада. Многіх мінчукоў і турыстаў цікавіць, як адбываецца грунтоўная рэстаўрацыя Чырвонага касцёла — і наогул, навошта яна спатрэбілася? Тым больш, вонкава ён і да яе пачатку выглядаў нядрэнна.

/i/content/pi/cult/677/14918/2.jpgПатрэба наспела даўно

— Звычайны чалавек можа здзівіцца: маўляў, касцёл жа і так у добрым стане, навошта яшчэ рэстаўрацыя? Але насамрэч, на жаль, гэта было зусім не так, — кажа прараб “Мінскпрамбуду” Андрэй Семянчэня, які непасрэдна адказвае за вытворчасць работ на аб’екце.

Храм, які цудам ацалеў у абедзве вайны і часы барацьбы з рэлігіяй, зазнаў мноства пераўтварэнняў і “ўдасканаленняў”. Пэўны час яго нават хацелі перабудаваць у самы вялікі ў савецкай Беларусі кінатэатр. Тады айчынная інтэлігенцыя будынак адстаяла, і ў ім быў створаны Дом кіно з двума кіназаламі і кавярняй у асноўным корпусе і музеем кінематаграфіі — у вежы.

Усе гэтыя пературбацыі не маглі не сказацца на ягоным цяперашнім стане. З цягам часу замест дахоўкі з’явілася бляха, асобныя цагліны сталі трушчыцца і іх замянялі — далёка не заўсёды на такія самыя і па якасці і па колеры. У выніку, сцены давялося фарбаваць.

Відавочна, прыспеў час правесці поўнае аднаўленне — не проста капітальны рамонт, а паўнавартасную рэстаўрацыю. Ды па магчымасці вярнуць гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой вось ужо паўстагоддзя з’яўляецца касцёл святых Сымона і Алены, яе адпачатнае аблічча. Да ўсяго, назапасілася і мноства практычных праблем: сутарэнні сёння вымагаюць гідраізаляцыі, а інжынерныя сеткі — замены.

Прыбудова прыбудове розніца

Хаця патрэба ў сур’ёзнай рэнавацыі касцёла наспела даўно, ды і гаворка пра гэта вялася ўжо не першы год, некаторыя пытанні ледзь не да апошняга моманту заставаліся нявырашанымі. Так, касцёльны камітэт даволі актыўна прасоўваў ідэю ўзвядзення прыбудовы да галерэі храма. А разам з пачаткам работ на агароджы нават былі аператыўна ўсталяваныя рэндары з выявай эскізнага праекта гэтага двухпавярховага і даволі вялікага збудавання з вежай. Паводле задумы, на яе плошчах мусіў быў размясціцца духоўна-адукацыйны цэнтр.

Аднак як патлумачыў галоўны інжынер “Мінскай спадчыны” Міхаіл Жых, у такім выглядзе на гэтым месцы прыбудовы ніколі не існавала, і таму лагічна, што Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь не ўхваліла прапанову па яе ўзвядзенні.

Аднак пытанне з новай прыбудовай яшчэ да канца не вырашанае. Літаральна днямі ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёлу ў Беларусі прайшла супольная нарада з прадстаўнікамі Беларускага камітэту ICOMOS, Таварыства аховы помнікаў, Беларускага саюза архітэктараў і МГА “Гісторыка” з удзелам адмыслова запрошаных экспертаў. Абмяркоўвалася там акурат імавернае будаўніцтва духоўнага цэнтра. У выніку плённай дыскусіі ўдалося прыйсці да высновы, што анансаваны варыянт прыбудовы з вежай і сапраўды немагчымы, але ад самой ідэі яе ўзвядзення адмаўляцца не варта. Таму пасля зацвярджэння праекта зон аховы будзе прапанаваны новы эскіз, які не павінен пагаршаць умовы ўспрымання і выкарыстання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Як зменшыць дысананс

Як удакладніў спадар Жых, нягледзячы на задуму аб вяртанні касцёлу першапачатковага выгляду, некаторыя пазнейшыя “напластаванні” ўсё ж застануцца. Так, прынятае рашэнне пакінуць трохпавярховую паўкруглую прыбудову да алтарнай часткі — у ёй сёння размяшчаюцца адміністрацыйныя службы парафіі. Аднак і пакідаць яго ў цяперашнім выглядзе таксама не выпадае — тынкаваны фасад вельмі моцна дысануе з усім будынкам. Таму было вырашана ўцяпліць гэтыя сцены і пакрыць іх палімерным матэрыялам, які б імітаваў цагляную кладку.

— Аднак касцёльны камітэт настаяў на замене палімера на клінкерную цэглу, — заўважае Андрэй Семянчэня. — Лічу, гэта правільна. Хаця такое рашэнне і даражэйшае, але затое сам матэрыял больш доўгатэрміновы ды трывалы. На дадзены момант мы чакаем адкарэктаванага праектнага рашэння і будзем прыступаць да работ.

Як расказаў Міхаіл Жых, на дадзены момант вядуцца работы першай чаргі — замена інжынерных канструкцый страхі, вяртанне аўтэнтычнай керамічнай дахоўкі і аднаўленне першапачатковага колеру касцёла, схаванага пад слоем фарбы:

— Спадзяюся, што ніякіх неспадзяванак не здарыцца, і да вызначанага тэрміну — да канца лета — мы ўвесь гэты аб’ём работы выканаем. Нягледзячы на тое, што аб’ект — не проста незвычайны, але і даволі складаны, з графіку не выбіваемся. Вядома, бываюць “нечаканыя” адкрыцці, з’яўляюцца цяжкасці ў правядзенні работ, але мы ўсё вырашаем у рабочым парадку. А паколькі Чырвоны касцёл — гэта вельмі важны для горада помнік спадчыны, мы гранічна адказна падыходзім да кожнай дробязі.

Летапіс храма ў цэгле

А “неспадзяванкі” пры правядзенні работ сапраўды здараюцца. Вялікія праблемы, напрыклад, выклікалі тыя ж работы па ачышчэнні цэглы ад фарбы. Як патлумачыў Андрэй Семянчэня, давялося нават аператыўна мяняць зацверджаную праектам тэхналогію:

— Сцены касцёла амаль на 80% пафарбаваныя, месцамі нават у некалькі слаёў. Напэўна, толькі вежы засталіся некранутымі. Першапачаткова праектам было прадугледжанае зняцце фарбы хімічным растворам. Аднак ён не здолеў адужаць усе яе слаі.
Больш за тое, пачаў уступаць у рэакцыю і з фарбай, і з самой цэглай, і ў выніку на той утвараліся высалы, якія было немагчыма выдаліць. Хто яго ведае, да чаго гэта можа прывесці ў будучыні? Таму давялося перабраць каля пятнаццаці іншых тэхналагічных варыянтаў, пакуль не спыніліся на самым аптымальным. І ўсё гэта — пад навуковым даглядам і з зацвярджэннем зменаў у праектнай дакументацыі.

Ачыстка цэглы ад фарбы займае вельмі шмат часу — усё робіцца ўручную і “індывідуальна”. Затое, шмат дзе сталі праяўляцца адзнакі жыцця касцёлу розных часоў.

— На сцяне добра заўважныя ўсе эпохі гісторыі храма, — працягвае спадар Семянчэня, дэманструючы размаітую кладку. — Вось гістарычная цэгла, з якой і быў пабудаваны касцёл. А вось тут — пазнейшыя ўстаўкі на месцы разбуранай. Адразу ў вочы кідаецца, што савецкая цэгла — іншага памеру. Яна трошкі карацейшая, і каб вытрымаць агульныя габарыты і наблізіцца да арыгінальнага малюнку, цэментныя швы паміж цаглінамі рабіліся значна больш шырокімі. Пад фарбай гэта не было заўважным, а цяпер выглядае жахліва. Таму мы праводзім работы па яе замене. Дарэчы, намі быў адмыслова арганізаваны цэх па вытворчасці цэглы для правядзення работ на Чырвоным касцёле — і звычайнай прастакутнай, і фігурнай.

Важнае пытанне, якое хвалюе не толькі вернікаў: “Ці не будзе для правядзення работ закрыты ўваход і ў сам храм?” У адказ Міхаіл Жых запэўніў, што згодна з планам рэстаўрацыі, закрыццё доступу ва ўнутраныя памяшканні не прадугледжанае — усе работы падчас як першай чаргі, так і другой будуць суадносіцца з раскладам набажэнстваў і не перашкаджаць ім.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА