Рэктар і яе Alma mater

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Рэктар БДУКіМ — пра навуку, кадры і будучыню ўстановы
Рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў не так даўно стала Аліна КОРБУТ. Супрацоўнікі ўстановы (пра гэта нам вядома дакладна) былі задаволены: адказную пасаду заняў не чалавек збоку, а свой, даўно вядомы. Аліна Анатольеўна прайшла ва ўніверсітэцкіх сценах усе прыступкі: і навучальныя — была студэнткай, аспіранткай, і кіруючыя. Да нядаўняга часу яна працавала першым прарэктарам. Так што кар’ерны рост — цалкам заканамерны і лагічны. Таму рэдакцыя “К” вырашыла не губляць час і пазнаёміцца з рэктарам як мага бліжэй. Забягаючы наперад, зазначым: сустрэча адбылася, як кажуць палітыкі, пры выключным задавальненні абодвух бакоў — на вышэйшым узроўні ўзаемадаверу і ўзаемакарысці.

/i/content/pi/cult/677/14917/UI-_DSC9175-S.jpgФота Юрыя ІВАНОВА

— Хачу выказаць удзячнасць нашай “Культуры”, — пачала гаворку Аліна Корбут, — за тое, што летась на яе старонках з’явілася больш за сорак неблагіх публікацый пра Універсітэт. Вельмі хацелася б, каб далейшыя стасункі сталі больш сістэмнымі і адлюстроўвалі ўсе кірункі нашай дзейнасці. Увогуле, асноўныя праблемы галіны культуры заўсёды звязаны з падрыхтоўкай кадраў…

Далей Аліна Анатольеўна зазначыла, што ва Універсітэце яна, можна сказаць, вырасла: студэнтка, аспірантка, выкладчыца, старэйшая выкладчыца, дацэнт кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці, намеснік дэкана, дэкан факультэта завочнага навучання, першы прарэктар, рэктар. Ніколі не мела яна кар’ерных амбіцый, але, відаць, мы не можам праграмаваць асабістае жыццё, сваю працу. Аліна Корбут вельмі паважае свой Універсітэт — не толькі як alma mater, але і як нацыянальны адукацыйны, навуковы, выхаваўчы цэнтр для нашай творчай моладзі. Па яе словах, галоўная задача ўстановы — вывучэнне, развіццё, захаванне ды распаўсюджванне нацыянальнай традыцыйнай культуры. Аднак, на сёння толькі гэтым абмяжоўвацца нельга. Пад пільнай увагай — і новыя праекты, практыкі, тэхнікі сучаснага мастацтва. Спалучэнне яго з традыцыйнай культурай — задача найпершая. І па многіх спецыяльнасцях і спецыялізацыях можна адсачыць гэтыя працэсы. Не менш важны накірунак развіцця — міжнароднае супрацоўніцтва.

— Каб падтрымліваць імідж сучаснага ўніверсітэта, — працягвала Аліна Корбут, — мы выходзім на міжнародны рынак, павышаем экспарт адукацыйных паслуг. Абменьваемся студэнтамі і выкладчыкамі, нарошчваем маштабы замежных стажыровак. У нас — 125 дамоў з універсітэтамі розных краін. Гэта Кітай, Казахстан, Расія, Украіна, Польшча, Італія… На сёння — 450 замежных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў — каля 13 — 14 працэнтаў ад агульнага кантынгенту. Асобны гонар — наяўнасць дысертацыйных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх работ. Таму Год навукі прайшоў вельмі плённа. Адбылося 16 абарон дысертацый, у тым ліку, абараніліся і пяць кітайскіх аспірантаў. Паводле абноўленага рэйтынгу Webometrics, Універсітэт узняўся на чатыры пазіцыі і сярод 57 нашых ВНУ займае 18 месца. Для нас гэта прэстыжна, бо мы не класічны, а профільны ўніверсітэт.

— З чаго пачалі рэктарскую дзейнасць?

— З баявога хрышчэння — акрэдытацыі ВНУ за апошнія пяць гадоў. Яна аказалася першым выпрабаваннем. Потым была праверка адпаведнасці якасці адукацыі. Пасля прафсаюзы правяралі ахову працы. Прыйшлося засвоіць усю фінансава-гаспадарчую дзейнасць. Вось такая своеасаблівая школа маладога байца ў мяне атрымалася. А ўвогуле, для любога кіраўніка самае галоўнае, як падаецца, — гэта кадры, фінансы, прасоўванне ўстановы на рынку знешнім і ўнутраным. За гэта ў першую чаргу і ўзялася. Хаця з кадрамі ў нас сітуацыя неблагая, добры рэзерв створаны яшчэ пры папярэднім кіраўніку. Стараемся пераемнасць захоўваць. Гадуем на кафедрах змену. Нам вельмі важна рыхтаваць самім сабе навукова-педагагічныя кадры.

/i/content/pi/cult/677/14917/UI-27.jpg— Ваш сайт мае і версію на кітайскай мове. Вы абраныя ганаровым прафесарам аднаго з кітайскіх універсітэтаў. Які карысны досвед можна пазычыць у кітайскіх сяброў?

— Кітайцы — вельмі арганізаваны, працаздольны народ. У Кітаі — сталыя школы народна-песеннага, народна-інструментальнага мастацтва. Нашы выкладчыкі там стажыруюцца і пастаянна прывозяць дадому штосьці новае ў методыцы выкладання. Мы стварылі сумесны акадэмічны хор. Кітайскія студэнты знаходзяцца ў складзе нашых аркестраў. Словам, узаемаўплыў — вельмі сур’ёзны. І дысертацый шмат, якія створаны менавіта на стыку дзвюх культур. Рыхтуем сёлета сумесны музычны фестываль, у якім будуць заняты нашы школы мастацтваў. Каля сотні гасцей чакаем і з Кітая. Мяркуецца, што фестываль пройдзе летам. Тут яшчэ і прафарыентацыйны нюанс. Кітайскія старшакласнікі пазнаёмяцца з Універсітэтам, Мінскам — і, магчыма, хтосьці захоча стаць нашым студэнтам…

— Нашы абітурыенты на фоне кітайскіх выглядаюць горш?

— Не магу так сказаць. Збольшага да нас паступаюць вельмі таленавітыя маладыя людзі. У працэсе навучання іх трэба толькі накіроўваць. Ёсць, натуральна, тыя, майстэрства якіх трэба пастаянна адшліфоўваць.

/i/content/pi/cult/677/14917/_opt1.jpeg— Конкурсы пры паступленні не знізіліся?

— На пэўныя спецыяльнасці нават выраслі. Штогод вывучаем рынак, прагназуем запатрабаванасць спецыяльнасцяў праз чатыры гады — падчас выпуску. Гэта цяпер вельмі строга адсочваецца. Мы ў дадзеным сэнсе — самаарганізаваныя. Так што імкнёмся прагназаваць будучыню.

— У гэтым плане ці ёсць прэтэнзіі да раённых аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі?

— Пры размеркаванні ў нас заўжды прысутнічаюць прадстаўнікі гэтых аддзелаў. Ёсць спецыяльнасці, за якія літаральна бойка ідзе. Пабываў студэнт на практыцы, работнікі культуры паглядзелі, на што ён здольны, у выніку — тры заяўкі на гэтага выпускніка. Натуральна, мы глядзім, які заробак будзе ў такога маладога спецыяліста, якое жыллё, як будуць рэалізоўвацца ягоныя магчымасці. На працягу апошніх гадоў у нас 100-працэнтнае размеркаванне. Так што асаблівых праблем, дзякуй богу, няма.

— Але ж мала дзе ў раёнах маладым работнікам культуры прапаноўваецца жыллё, нават інтэрнаты ёсць далёка не паўсюдна.

— Тады дамаўляемся з уладамі такіх раёнаў, каб установы часткова кампенсавалі арэнднае жыллё. Гэта не так дорага ва ўмовах раёнаў.

— Які працэнт вашых выпускнікоў застаецца на першым працоўным месцы, а які знікае пасля адпрацоўкі?

— Большая частка застаецца. Шэраг выпускнікоў разбіраюць дзяржаўныя калектывы, нашы базавыя арганізацыі.

— Між тым, кадравая праблема ў маштабах раёнаў існуе і нязменна ўскладняецца. Практыкі без спецыяльнай адукацыі сыходзяць на пенсію, пасады сельскіх работнікаў культуры там-сям займаюць людзі без адукацыі і вопыту. Нават таленавітых дзяцей бацькі часам адгаворваюць паступаць да вас, бо ў перспектыве іх чакае малы заробак. Па вашым меркаванні, прафарыентацыя ў раёнах ладзіцца не на належным узроўні?

— Каб мы думалі толькі аб высокіх зарабках, усе б вучыліся на праграмістаў і працавалі ў ІТ-сферы. І творцаў не было б! Калі ў дзіцяці ёсць здольнасці і жаданне развіваць талент, ставіць яму нейкія заслоны тут — злачынства. Большасць нашых абітурыентаў — людзі матываваныя. Пастаянна ладзім анкетаванне сярод першакурснікаў і пераконваемся, што яны зрабілі свядомы жыццёвы выбар. Што тычыцца прафарыентацыі і ступені яе эфектыўнасці… Тут можна пагаджацца і не пагаджацца з нейкімі традыцыйнымі, класічнымі формамі працы. Мы ж больш актыўна пачалі наведваць рэгіёны. Дзейнічае рада па прафарыентацыі, наладжаны рэгулярныя выезды у пэўныя абласныя і раённыя цэнтры. Вось яе сябры па графіку працуюць месяц, скажам, на Віцебшчыне, наступны — на Гомельшчыне… Задача не толькі ў тым, каб распаўсюдзіць рэкламныя матэрыялы, паказаць відэаролік ці патлумачыць сутнасць той ці іншай універсітэцкай спецыяльнасці. Мы выязджаем з мастацкімі калектывамі, з канцэртнымі нумарамі. А пасля феерычных выступленняў студэнты сыходзяць са сцэны і размаўляюць з дзецьмі і іхнімі бацькамі. Гэта самы пераканаўчы аргумент для тых, хто яшчэ сумняваецца, і мінулы год пераканаў нас ў эфектыўнасці менавіта такой формы працы. На пэўныя спецыяльнасці конкурс павысіўся, практычна няма і адлічэнняў па прычыне не правільнага выбару прафесіі. Актыўна пазіцыянуем сябе і ў сацыяльных сетках.

/i/content/pi/cult/677/14917/UI-7.jpg— Але ў сельскім клубе і бібліятэцы пакуль не сустрэнеш работніка са спецыяльнай вышэйшай адукацыяй. Ці наступяць такія часіны? Вашы студэнты ці не з першага курса знаходзяць у сталіцы падпрацоўку, на сталічнае месца працы і арыентуюцца. У крайнім выпадку працуюць ў абласных ці раённых цэнтрах. Сяло — як зямля нязведаная?

— Гэта не зусім так. Калі ёсць цікавыя і годныя прапановы з боку сельскіх устаноў культуры, нашы выпускнікі едуць туды. Акрамя таго, ёсць мэтавікі, якія навучаюцца на падставе трохбаковах дамоў паміж заказчыкам кадраў, ВНУ і студэнтам, і свае ўмовы мы выконваем. Усе заяўкі ад раёнаў заўжды задавальняюцца. Зыходзячы з кадравых запатрабаванняў, фарміруем агульную лічбу прыёму. У 2016 годзе набіралі шэсць мэтавікаў, летась — дзевяць. Тут такая небяспека ёсць. Мэтавікі ідуць па-за конкурсам. Часам у больш таленавітага абітурыента, які паступае на агульных правах, іншым разам зніжаюцца шансы паступіць. Мы павінны забяспечыць галіну кадрамі, але і усяляк абараняем інтарэсы нашых выпускнікоў. У аграгарадках, дзе створаны належныя ўмовы для працы і жыцця, праблем з кадрамі не існуе. У маленькіх вёсках, пра якія вы кажаце, такіх умоў менш. Ёсць праблема і з кадрамі.

— У многіх раёнах работнікі культуры жывуць у райцэнтрах, а працуюць на раёне. Некаторыя студэнты абсалютна не знаёмыя з вясковым побытам. Мо жадання ехаць працаваць на сяло было б большым, калі б студэнты, пачынаючы з першых курсаў, ездзілі б на практыку ў канкрэтную вёску, а па яе выніках стваралі б курсавыя работы, якія б перараслі ў дыпломныя, а потым — і ў аўтарскі праект? І студэнт прызвычаіўся б да вёскі, і вёска — да яго.

— Нашы фалькларысты і рэжысёры масавых святаў робяць такія дыпломныя работы. Іншая справа ў тым, што мы таксама прымаем заяўкі на праходжанне практыкі. Вось колькі ёсць такіх заявак, столькі мы і задавальняем. Нават студэнта знаходзім, які жыве недзе паблізу ад месца будучай працы. І дамову адпаведную складаем.

— Інстытут культуры Беларусі стаў Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ды ўвайшоў у структурны склад БДУКіМ. Наколькі эфектыўнай аказалася такая аптымізацыя?

— Гэта ўжо другое па ліку далучэнне. Пра першае нічога не скажу. А пры другім былі пэўныя складанасці. Маю на ўвазе чалавечы фактар, зацвярджэнне штатнага раскладу. Юрыдычны адрас стаў адзіным. Людзі, натуральна, хваляваліся: што іх чакае? Хто стане кіраўніком? Што будзе з заробкам? Як прайшло інтэграванне Інстытута ў структуру БДУКіМ? Пераканана, што ўсе гэтыя цяжкасці пераходнага перыяду мы паспяхова пераадолелі.

Дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Аляксандр Філіпаў, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, дадаў, што змены насілі толькі пазітыўны характар. Адразу пачалі з рамонта корпуса. Да навучальнага працэсу далучаны і выкладчыцкі склад БДУКіМ, а таксама — тэхнічныя магчымасці ўніверсітэта. На бюджэтнай і на платнай аснове цяпер займаюцца каля двух тысяч слухачоў. Захаваліся і іншыя функцыі Інстытута: вядзенне шэрагу інфармацыйных рэсурсаў (баз дадзеных). Аптымізацыя адбылася не за кошт скарачэння функцый, а за кошт скарачэння кіруючага персаналу. Такім чынам заробак сённяшніх супрацоўнікаў Інстытута ўзняўся, у сярэднім, працэнтаў на трыццаць, і людзі, безумоўна, гэта адразу адчулі. Аляксандр Анатольевіч запэўніў, што ў перспектыве магчыма і актывізацыя іншых мерапрыемстваў — рэспубліканскіх конкурсаў сярод клубных устаноў і аўтаклубаў. Галоўнае, каб былі адпаведныя запыты з боку заказчыкаў: абласцей і раёнаў. Карацей, Інстытут “усынавілі” і імкнуцца годна яго ўтрымліваць. “К” са свайго боку імкнецца гэты працэс адсочваць ды асвятляць.

— Пры дапамозе кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці, якой кіруе Алена Макарава, на старонках “Культуры” цягам мінулага года публікаваліся матэрыялы пад рубрыкай “Лабараторыя”, дзе гаворка ішла пра тое, што з навейшых сусветных практык навука прапаноўвае культуры. Адзін са шматлікіх дапаможнікаў, “народжаных” на кафедры, так і называецца: “Тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці”. На наш погляд, такую кніжку павінен мець кожны работнік культуры краіны. А наклад яе — толькі 160 асобнікаў…

— Калі ёсць такая патрэба, наклад будзе паўтораны. А для гэтага ад рэгіёнаў патрэбны хоць адзін ліст з просьбай даслаць такі дапаможнік.

— Зноў гаворка пра раённую ініцыятыву, на якую — хранічны брак. Якімі метадамі магчыма яе стымуляваць?

— Сёння ўжо ішла гаворка аб прафесійных конкурсах. Гэта цудоўная матывацыя для нашых работнікаў культуры. Тут трэба добра падумаць і адрадзіць тое, што давала калісьці належны эфект. Якімі б прывабнымі не былі новыя формы дзейнасці, але і ад традыцыйных не варта адмаўляцца.

Пра навуковае забеспячэнне культуры гаворку працягнуў прарэктар па навуковай дзейнасці Віктар Языковіч. Ён зазначыў, што ва Універсітэце створаны навуковыя школы ў розных галінах гуманітарных ведаў, якія паспяхова развіваюцца сёння. Год навукі ва Універсітэце адзначаны правядзеннем буйных міжнародных канферэнцый, выданнем прыкметных манаграфічных работ. Добрых поспехаў калектыў універсітэта дамогся ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама ў галіне студэнцкай навукі. Калектывы ўстановы паспяхова працуюць над выкананнем заданняў па навуковаму забеспячэнню дзейнасці Міністэрства культуры. Імі створана шмат навукова-метадычных напрацовак па сацыякультурнай і музейнай дзейнасці ў самых розных ракурсах, развіцці культуры аграгарадкоў, выкарыстанні батлейкі… Супрацоўнікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў таксама распавядаюць слухачам пра новыя тэхналогіі культурнай дзейнасці.

— Аліна Анатольеўна, некалькі слоў пра ваш савет па грамадскіх сувязях, якім кіруе наш былы калега Юрый Іваноў.

— У яго ўвайшлі знакамітыя дзеячы культуры і мастацтва краіны — наша нацыянальная эліта. Творцы рэгулярна ладзяць сустрэчы са студэнтамі, праводзяць майстар-класы, далучаюць моладзь да творчага працэсу. Гэта вельмі натхняе нашых юнакоў і дзяўчат. Савет нават актывы фінансавыя прыцягвае. Такім чынам ўзнікла мемарыяльная аўдыторыя Уладзіміра Мулявіна, дзе праходзяць заняткі. Неўзабаве ля галоўнага корпуса Універсітэта плануецца ўсталяваць сімвалічную скульптуру. Якую канкрэтна, пакуль вырашаецца. Зразумела, што гэта павінен быць сімвал культуры і мастацтва Беларусі. Будзем спадзявацца, мецэнатаў для рэалізацыі дадзенага праекта таксама адшукае савет па грамадскіх сувязях.

— Мы гаварылі пра перспектывы нацыянальнай культуры. А якімі бачацца перспектывы ўніверсітэцкія? Ва ўмовах нестабільнай рынкавай эканомікі, яшчэ больш нестабільнай аптымізацыі, калі няўхільна знікаюць установы культуры, а ўслед за імі — і вёскі, наколькі дакладна акрэслівае Універсітэт тактыку і стратэгію свайго развіцця?

— Пра рынкавую эканоміку і аптымізацыю сеткі ўстаноў культуры. Гэтыя працэсы, безумоўна, закранулі і нас. З 1 студзеня ў нас зацверджаны таксама новы штатны расклад. Скарацілі адміністратыўны апарат. Студэнты гэтых змен не адчулі. Ніяк не пацярпеў і навучальны працэс. Пры гэтым мы не адстаём ад часу. Лічу, што тыя пазітыўныя змены, якія адбыліся пры папярэднім кіраўніцтве Універсітэта, скіравалі нашу дзейнасць на практыкаарыентаванае навучанне студэнтаў. Яны ці не з першага курса ўцягнуты ў праектную, прафесійную дзейнасць (канцэрты, мюзіклы). У гэтым кірунку мы і будзем развівацца. Пастаянна шукаем новыя метады — цяпер вось абмяркоўваем магчымасці дыстанцыйнага навучання.

Канешне, штосьці пастаянна будзе мяняцца. У тым ліку і колькасць студэнцкага кантынгенту. Завочная форма навучання, безумоўна, патрэбна, але не па такіх спецыяльнасцях, як, скажам, харэограф. Тут, пагадзіцеся, неабходна поўнае ўключэнне ў працэс вучобы. Каб застацца сапраўдным цэнтрам захаванасці нацыянальнай культуры, па-ранейшаму будзем рыхтаваць фалькларыстаў, прыкладзем намаганні, каб адкрыць адпаведную спецыяльнасць у магістратуры. Заканчваць будзем будоўлю спартыўна-культурнага цэнтра, зробім бягучы рамонт карпусоў і інтэрнатаў. І будзем усяляк зарабляць для гэтага грошы. Не толькі канцэртнымі мерапрыемствамі — і праз прадзюсарскі цэнтр “Арт-мажор”. Развіццё міжнародных стасункаў, экспарт адукацыйных паслуг — таксама ўмова для нас абавязковая. Для таго, каб заставацца для іх цікавымі, два гады таму адкрылі магістратуру па мастацтвазнаўстве з выкладаннем на англійскай мове. Зараз вывучаем пытанне стварэння англамоўнай магістратуры па культуралогіі. Словам, будзем працаваць і пастараемся рабіць гэта якасна. Будучыня ўяўляецца мне аптымістычнай.

Пытанні задавалі
Ілья СВІРЫН, Дар’я
АМЯЛЬКОВІЧ. Настасся ПАНКРАТАВА, Юрый
ЧАРНЯКЕВІЧ, Яўген РАГІН.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"