Рэжысёр з жалезнай хваткай

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

28 студзеня народнаму артысту СССР Міхаілу Пташуку споўнілася б 75 гадоў. Напярэдадні памятнай даты “К” перагледзела галоўныя стужкі майстра, каб “убачыць” іх з пазіцыі сённяшняга дня. Сёння, калі глядзіш фільмы Міхаіла Пташука, прыходзіш да высновы, што гэты рэжысёр цалкам мог бы здымаць у Галівудзе. Даць яму адпаведныя магутнасці, бюджэт — і атрымалася б эпічная стужка пра Другую сусветную вайну. У той самы час, гэта быў і рэжысёр шчырай грамадзянскай пазіцыі, якая прасочваецца ў ягоных апошніх фільмах. І шмат у чым ён аказаўся прарокам, адлюстраваўшы ў кіно боль і надлом свайго пакалення.

/i/content/pi/cult/676/14916/page-15-copy-5.jpg“Вазьму твой боль” (1980)

Менавіта пра гэтую стужку па творы Івана Шамякіна Міхаіл Мікалаевіч гаварыў, што яна дапамагла яму ўсвядоміць сваю нішу — псіхалагічнага ваеннага кінематографа. Уладзімір Гасцюхін — галоўны артыст рэжысёра — дакладна трапляе ў вобраз героя, які пакутуе ад злачынства, што засталося без пакарання. У родныя мясціны вяртаецца былы паліцай Шышкевіч, які забіў маці і сястру героя. Працаваць і жыць побач з ім Іван не можа, з іншага боку — Шышкевіч ужо адседзеў свой тэрмін, перад законам ён — чысты.

У фільмах Пташука галоўны канфлікт — гэта сутыкненне характараў. Фон для рэжысёра другасны, і часцей за ўсё “паўсядзённы” — драмы і канфлікты адбываюцца ў пакоях дамоў, у казённых кабінетах, у кабіне машыны… Вайна перажываецца ў душы герояў. І ў “Вазьму твой боль” “спружыну” дзеяння трымаюць акцёры, “выстрэльваючы” ў перадачы ўнутраных драм. Паліцай, паводле Шамякіна, і ў пасляваенны час аказваецца забойцам, што спрашчае яго ўспрыманне. Але душэўныя пакуты Івана паказаны папраўдзе пераканаўча.

/i/content/pi/cult/676/14916/page-15-copy-4.jpg

“Чорны замак Альшанскі” (1984)

Аўтарам сцэнарыя быў сам Уладзімір Караткевіч. Стужка пачынаецца з таго, што галоўны герой глядзіць хроніку злачынстваў фашыстаў па тэлевізары. “Прайшло 40 гадоў пасля вайны, — кажа дыктар, — але з кожным годам адкрываюцца ўсё новыя факты фашысцкіх ліхадзействаў. Для іх тэрміну даўнасці няма”. Нягледзячы на тое, што фільм заяўлены ў гісторыка-прыгодніцкім жанры, адпаведныя ўводзіны задаюць паралель паміж злачынствамі князя Альшанскага і ХХ стагоддзем. Ды і малады шляхціц Валюжыніч — ён жа ў фільме і гісторык Косміч — кідаючы князю ў твар словы пагарды ў час іх сутыкнення, сваімі манерамі нагадвае постаці герояў Вялікай Айчыннай.

Ды ўсё ж галоўны недахоп дзвюхсерыйнай тэлевізійнай карціны — зацягнутаць і хуткая, нават імклівая, а таму і скамечаная развязка. Уражваюць сцэны смяротнага пакарання Валюжыніча і Гражыны, вяртанне памяці і смерць Лапатухі, аднак большую частку дзеяння камера прыкаваная да твару Косміча. Пэўнае напаўненне асяродка героя дэталямі не пазбаўляе ад адчування абмежаванасці ў выбары візуальных сродкаў. Ды і беларускасць паказаная зусім умоўна — у фільме на беларускай мове не гаворыць нават філолаг Змагіцель.

У сваім рамане Уладзімір Караткевіч абірае форму дэтэктыва, каб распавесці пра гісторыю Беларусі — яна, па-сутнасці, і з’яўляецца тут галоўнай гераіняй, неабходным парталам, што вядзе да сучаснасці і да нявыкрытых злачынстваў. Трактоўка гэтай гісторыі Міхаіла Пташука — больш прыземленая. Рэжысёр схоплівае дух твора Караткевіча, выбудовае сувязь паміж XVII і ХХ стагоддзямі, але ў візуальным плане дазваляе сабе няшмат.

/i/content/pi/cult/676/14916/page-15-copy-3.jpg“Знак бяды” (1986)

Адна з наймацнейшых экранізацый Васіля Быкава. Бліскучы бенефіс Ніны Русланавай, якая грае Сцепаніду, ды Генадзя Гарбука ў ролі Петрака. Міхаіл Пташук у гэтай стужцы дэманструе выбітную рэжысёрскую хватку, калі складаныя псіхалагічныя калізіі сюжэта перадаюцца з вялікай увагай і піетэтам. Першая серыя фільма глядзіцца на адным дыханні. Хаця гэта цяжкая для псіхікі карціна, дзе вайна паказваецца як уварванне не проста ў дом звычайнага працаўніка, а ў яго асабісты свет, свядомасць, становячыся квінтэсэнцыяй чалавечай несправядлівасці.

Карціна атрымала галоўны прыз на міжнародным кінафестывалі ў Сопаце і міжнародную прэмію BBC за найлепшую замежную стужку. Кажуць, што ў англійскім пракаце яна абышла нават “Узвод” Олівера Стоўна. І гэта падаецца цалкам магчымым.

/i/content/pi/cult/676/14916/page-15-copy-2.jpg

“Кааператыў “Палітбюро”, або Будзе доўгім развітанне” (1992)

Гратэскны фарс, які ператвараецца ў трагедыю. Гэты фільм, як і зроблены напярэдадні “Наш бронецягнік”, раскрываюць Міхаіла Пташука ў іпастасі аўтара-даследчыка, і, у пэўным сэнсе, дысідэнта. Ёсць гісторыя пра тое, што “Наш бронецягнік”, у якім падымаецца тэма ГУЛАГа, выпусцілі на экраны праз рукі Міхаіла Гарбачова. Генсеку ЦК КПСС даслалі карціну разам з іншымі замежнымі стужкамі на дачу ў Фарос. Міхаіл Сяргеевіч адразу пасля прагляду патэлефанаваў старшыні Дзяржкамітэта СССР па кінематаграфіі і даў дабро на запуск кіно ў пракат, пазначыўшы фільм першым перабудоўчым кінатворам.

Як бы там ні было, але “Наш бронецягнік” па сцэнарыі Яўгена Грыгор’ева з удзелам Уладзіміра Гасцюхіна, Міхаіла Ульянава, Аляксандра Філіпенкі і сёння глядзіцца вельмі смелым кіно. “Кааператыў “Палітбюро”, дзе галоўную ролю іграе Аляксей Пятрэнка, лагічна працягвае думкі рэжысёра пра тое, кім з’яўлялася савецкая ўлада для людзей, і куды, урэшце, яна прывяла народ.

У гэтых дзвюх стужках майстра выкарыстоўвае фатаграфію як сродак пагружэння ў гісторыю персанажа (“Наш бронецягнік”) або метафару спалучэння мінулага і сучаснага (“Кааператыў “Палітбюро”). Апошняя работа майстра невыпадкова сабрала пяць узнагарод на міжнародных кінафестывалях: у фільме ёсць пераканаўчы вобраз, моцны сцэнарый і брутальная развязка ў духу ліхіх 1990-х.

/i/content/pi/cult/676/14916/page-15-copy.jpg“У жніўні 1944-га” (2000)

Шырокавядомая сёння і прызнаная адной з найлепшых ваенных карцін “У жніўні 1944-га” падчас свайго стварэння перажыла нямала выпрабаванняў. Аўтар сцэнарыя — Уладзімір Багамолаў, па рамане якога “Момант ісціны” стваралася карціна, з-за рознагалоссяў з рэжысёрам зняў сваё імя з фінальных цітраў. Шмат канфліктаў было і з прадзюсарамі карціны. Фільм выратавала толькі асабістае ўмяшальніцтва Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Што ў выніку? Шэсць намінацый на Нацыянальную кінапрэмію Расіі “Ніка”, адны з найвядомых роляў Яўгена Міронава і Уладзіслава Галкіна (які атрымаў “Ніку” ў намінацыі “Адкрыццё года”), любоў гледачоў. Стужку расцягнулі на цытаты, і многія рэжысёры сёння намагаюцца дасягнуць таго саспенсу, якім з першых кадраў заварожвае карціна. Міхаілу Пташуку ў фільме ўдалося выкарыстаць аўтарскі досвед рэалістычнай драмы ў сучасным фармаце. Па сутнасці, рэжысёр злучыў псіхалагічны трылер і ваенную драму — і атрыманы мікс аказаўся настолькі арганічным і ўдалым, што ідэалагічны бок сышоў на другі ці нават трэці план.

“Альбо шэсць “Нік”, альбо — ніводнай”, — такімі былі словы Міхаіла Мікалаевіча напярэдадні яго паездкі ў Маскву. Як вядома, рэжысёр загінуў па дарозе на цырымонію кінапрэміі.

Міхаіл Пташук — рэжысёр з моцнай прафесійнай і асабістай хваткай, які браўся за складаныя тэмы і ставіў перад сваім пакаленнем складаныя пытанні. Такім ён успрымаецца сёння ў сваіх кінатворах, якія з’яўляюцца неацэннай спадчынай беларускага кіно.


Так атрымалася, што газета “Культура” сталася тым выданнем, якое ўзяло апошняе інтэрв’ю ў майстра перад яго ракавой паездкай у Маскву. Карыстаючыся нагодай, даем вытрымкі з гутаркі, што адбылася ў красавіку 2002 года.

Пра дзяцінства

— Я вырас у той пасляваенны час, калі ў кожнага чалавека на слыху было толькі адно слова — вайна. Маё пакаленне проста ўсмактала гэта слова, як кажуць, з малаком маці. І як не ўсмактаць — я, напрыклад, вырас у вёсцы, дзе з аднаго боку нашага дома жыў сусед, які распісаўся на сцяне Рэйхстага і памёр ад галечы, да таго ж калекам, а з другога боку — жанчына, у якой родныя былі паліцаямі. Вось вобраз майго дзяцінства і вобраз Беларусі: ваеннай і пасляваеннай. І ўсе выдатна жылі побач, быццам і не было вайны, быццам ніхто не дайшоў да Рэйхстага, ніхто не быў у паліцаях. І мы, дзеці гэтых людзей, сябравалі паміж сабой. Але не дай Бог курыцы той суседкі залезці на градку да маёй бабкі! Тады яна крычала: “Сволач паліцэйская!” Ускалыхвалася памяць ад самай маленькай дэталі. Так прайшло маё дзяцінства.

Пра апошні праект

— Я і сапраўды думаў: як можна праз 60 гадоў паказаць вайну? Што можна ў гэтай тэме зрабіць новага? Масавымі сцэнамі ўжо нікога не здзівіш, і ў “Выратаваць шарагоўца Раяна”, і ў “Сталінградзе” — проста выдатныя батальныя сцэны. Якая ідэя здольная аб’яднаць два народы: амерыканскі і беларускі? І прыдумаў такое. Амерыканская жанчына апынулася да 1939 года ў Іспаніі альбо нейкай іншай краіне Еўропы, дзе сустрэла вайну. І яна бяжыць ад вайны, а вайна даганяе яе. Але ўцякаючы ад вайны, яна выратоўвае дзяцей: і французскіх, і іспанскіх, і польскіх, і нямецкіх, і яўрэйскіх… І, нарэшце, трапляе ў Беларусь. А там яе падбірае і дапамагае ёй беларуская жанчына, у якой самой пяцёра дзяцей.

Як расказвала мне бабка, у часы вайны людзей, якія былі ў вялікай небяспецы, хавалі ў ямы. Пад гумнамі рылі ямы і хавалі туды бедачын. Гэтыя людзі маглі жыць толькі ноччу. Так здарылася і з нашай амерыканкай. І вось, дзве жанчыны вядуць гэтае жудаснае начное жыццё. Тая амерыканка, якая ў вочы не бачыла плуга і барану, спазнае іншы свет. Яна разам з нашай беларускай працуе, вырошчвае хлеб… дзеля дзяцей. Вось такая ідэя ў мяне ўзнікла. Я буду здымаць карціну для амерыканцаў, але мне хацелася б падкрэсліць і мае карані.

Пра эвалюцыю ваеннага кіно

— Я прааналізаваў усю савецкую літаратуру аб вайне: Бакланава, Гросмана, Астаф’ева… Усе пісалі баталіі, эпапеі аб вайне, а Быкаў пісаў апавяданні: ён, яна — і вайна ў іх душах. І ў гэтай камернасці, “лакальнасці” і ёсць эвалюцыя сённяшнага кіно. Я ў палоне быкаўскай літаратуры ўжо шмат гадоў, і мне хочацца, каб у маёй новай карціне была гэткая Сцепаніда...

Пра “Партызанфільм” і ваеннае пакаленне

— У тыя гады, калі гэты ярлык быў начэплены, ён утрымліваў долю іроніі. Маўляў, “Беларусьфільм” нічога не здымае, акрамя вайны і партызан. Але я лічу, што лепшыя нашы карціны менавіта па гэтай тэме — што вельмі натуральна, бо ў нас загінуў кожны чацвёрты. Аднак сёння з’яўляецца вобраз новага героя, чымсьці падобнага да сучаснага салдата, які ваяваў у цяперашніх гарачых кропках.

Тое пакаленне, якое ўзяло вайну на сябе, мужнае пакаленне, людзі, што прайшлі лагеры, фронт, — яны вельмі жывучыя. Яны пражылі ў галечы, у працы, але захавалі дух. Той дух, які выратаваў іх там — ён застаўся ў іх і сёння, і яны жывуць за кошт гэтага духу.

Кожны новы фільм аб вайне спраектаваны на ўсе войны — і мінулыя, і сучасныя. Напрыклад, у “Браце” мне падабалася адна ідэя. Людзі, якія вярнуліся “з таго свету”, маюць павышанае пачуццё справядлівасці. Тут яны гулялі, пілі, а там дзялілі адну лусту хлеба. Гэтыя людзі вяртаюцца і бачаць, што тут не так, як на вайне, і яны прагнуць той “ваеннай” справядлівасці.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"