Гудзевічы: фальклорная місія выканальная

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Як зрабіць, каб моладзь не шлындала
Напэўна, назваць гэты аграгарадок сталіцай беларускага народнага ткацтва было б, усё ж, занадта гучна. Але тое, што такі мастацкі промысел сярод іншых займае ў Мастоўскім раёне асаблівае месца — факт бясспрэчны. Таму і выбар майго правадніка па “культурных” Гудзевічах быў наканаваны — чалавекам гэтым павінен быў стаць той, хто і адраджаў там гэта рамяство. Пагатоў, знакамітая ткачыха Вера Ігнатаўна БЕЛАКОЗ, як мне па сакрэце паведамілі мясцовыя добразычліўцы, заўсёды “сячэ” тое, што думае. А для “К” гэта і трэба!

/i/content/pi/cult/676/14913/pages-10-112-S.jpg

Караткевіч і Дзед Бялун

Знакаміты Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей справіць сёлета сваё 50-годдзе. А пачынаўся ён у мясцовай школе стараннямі краязнаўцы Алеся Белакоза. Заслужанага настаўніка і заслужанага дзеяча культуры Беларусі, на жаль, не стала ў 2016 годзе, але справа яго жыве. Алесю Мікалаевічу прысвечаны і асобны стэнд у музеі. Матэрыялы для яго спярша падбіраліся зыходзячы са школьнай праграмы, а ў далейшым тэматыка пашыралася, як і задачы ўстановы ў цэлым. У 1981-м школа з будынка з’ехала, і ён быў цалкам аддадзены пад экспанаты.

Экспазіцыя сапраўды ўражвае: у яго залах знаходзяцца і вырабы рамеснікаў, і карціны прафесійных ды самадзейных мастакоў, і многія ўнікальныя артэфакты, звязаныя з гісторыяй нашай літаратуры. Як для вясковага музея, колькасць рарытэтаў тут проста зашкальвае. Напрыклад, сярод прадстаўленых кніг ёсць эпахальная для нашай нацыі “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча 1896 года выдання — а іх ва ўсім свеце мо толькі пару асобнікаў і засталося. Ёсць асадка, якой Уладзімір Караткевіч пісаў раман “Каласы пад сярпом тваім”. Усяго ў асноўным фондзе каля 17 тысяч прадметаў. Нават гэта яшчэ не ўсё!

У 1981 годзе на тэрыторыі, якая належыць музею, з’явіўся яго этнаграфічны аддзел — хата, стылізаваная пад сярэдзіну XIX стагоддзя. А побач з ёю цяпер стаiць драўляная статуя Дзеда Бялуна — апекуна падарожнікаў і тых, хто заблукаў у лесе. Наведвальнікам гэтай часткі ўжо па-сапраўднаму музейнага комплексу прапануюцца разнастайныя тэматычныя праграмы з народнымі песнямі, танцамі і гульнямі.

У 2012 годзе музей стаў адным з партнёраў праекта транспамежнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна па ўключэнні этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць. Дзякуючы немалому гранту ў музеі былі праведзеныя рамонтныя работы, палепшылася яго інфраструктура. Нарэшце з’явіліся сапраўдны гардэроб і санвузел, не забыліся і на шапік з сувенірамі. Праўда, рээкспазіцыя закранула пакуль толькі чатыры выставачныя залы, прысвечаныя акурат літаратуры і ткацтву, а яшчэ тры чакаюць сваёй чаргі. Як толькі крыніцы фінансавання для гэтага знойдуцца, установа і запрацуе на ўсю сваю літаратурна-краязнаўчую моц.

— У нашай музейнай дзейнасці ёсць рэчы, якія мы робім, каб выканаць пастаўленыя перад намі фінансавыя абавязкі, і ёсць тое, што робім для душы, — сказала мне дырэктар музея Кацярына Басінская. — Пры выкананні плана платных паслуг, а менавіта наведвальнасці, арыентуемся, перш за ўсё, на навучэнцаў — мясцовых і тых, якія прыязджаюць на экскурсіі. А для душы ў нас — залы, прысвечаныя ткацтву — народнаму рамяству, якім Гудзевічы і славяцца.

Ля вытокаў адраджэння “фірмовага” ткацтва стаяла настаўніца пачатковых класаў Вера Белакоз, жонка Алеся Мікалаевіча, якая ўсё ў той жа школе ў 1970 годзе стварыла адпаведны гурток. А ў 1990-х ужо ў музеі працавала некалькі гадоў зала практычнага ткацтва (цяпер установа праводзіць майстар-класы), тады ж і пачалася збірацца калекцыя падвойных дываноў, самы стары з якіх — 1898-га года. Тэхналогія іх вытворчасці занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У планах музея — стварэнне майстэрні па вырабе такіх дываноў. І — душа душой, але… у будучыні адна з “ткацкіх” залаў павінна дапоўніцца матэрыяламі, звязанымі з кавальствам, салома- і лозапляценнем, вырабамі з дрэва. Балазе, у гэтым краі спакон веку квітнелі самыя розныя ўмельствы.

Карацей кажучы, развіццё ўнікальнага музея не спыняецца і сёння, ужо пасля сыходу з жыцця яго заснавальніка. І таму ўзнікае натуральнае пытанне: чаму ў такі ўнікальны музей не валяць валам турысты? Кацярына Вітальеўна прызналася, што пакуль не ўдалося ўстанавіць больш цесныя кантакты з турагенцтвамі, якія маглі б са свайго боку забяспечваць рэгулярны прыток экскурсантаў.

Каментарый Веры БЕЛАКОЗ:

— Мне цікава ўсё, што адбываецца ў музеі. Радая той асаблівай увазе, якая нададзеная ў ім ткацтву. Шкада толькі, знікла зала народнай медыцыны — цяпер ад яе застаўся адзін стэнд. Ды і многія іншыя старадаўнія прадметы пахавалі ў сховішча. Кажуць, калі адчыняць астатнія залы, усё вернецца на свае месцы. Паглядзім. І, напэўна, было б правільным надаць музею імя Алеся Мікалаевіча — усё ж ён стаяў ля вытокаў гэтай установы. Але пасля смерці майго мужа раптам пайшлі размовы, што ў стварэнні музея — не толькі яго заслуга, што нехта яму яшчэ дапамагаў. “Хто?” — пытаюся я. У адказ — маўчанне. Дзіўна для мяне гэта ўсё і крыўдна!

Парасткі цягі да роднага

У загадчыцы Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры Антаніны Чэрнік свая крыўда таксама ёсць.

— Увесь час мы сутыкаемся з тым, што дзецi, якія прыязджаюць на нашы мерапрыемствы з Гродна і іншых гарадоў вобласці, аказваецца, нічога не ведаюць пра беларускі вясковы побыт, — панаракала яна. — Нават песень народных не ведаюць. Больш за тое — ім гэта нецікава. Хто вінаваты? Вядома, і школа ў тым ліку. Мабыць, ёсць у нас настаўнікі, якія так “прышчапляюць” любоў да гісторыі краіны, да яе культуры, што навучэнцам усё гэта ў выніку абыякава. І я, быць можа, рэзка скажу, але мне вельмі хацелася б паглядзець у вочы таму чалавеку, які такі прадмет, як спевы, пакінуў толькі для пачатковых класаў. Што хлапчукі і дзяўчынкі, нават чацвёртакласнікі, за гэты час зразумеюць пра беларускую музыку, што запомняць з яе? Натуральна, амаль нічога. Адкуль тады любові да яе ўзяцца?

Установа імкнецца ліквідаваць прабелы ў адукацыі, абуджаючы ў падлетках патрыятычныя парывы — напрыклад, серыяй вяснова-летне-восеньскіх iмпрэзаў пад агульнай назвай “Гудзевіцкі фэст”, які арганізуецца ў садружнасці з музеем. У яго рамках сваё мастацтва дэманструюць ткачыхі, танцоры, музыканты. Цэнтрам распрацаваны шэраг анімацыйных праграм, якія не проста забаўляюць, а ўводзяць у свет беларускіх традыцый. У аграгарадку першымі ў Мастоўскім раёне сталі шырока адзначаць і Купалле.

— І місія наша вынікі дае, — пасвятлела тварам Антаніна Мікалаеўна. — Падлеткі, якія прыязджаюць у Гудзевічы, мне неаднаразова казалі, што мы, работнікі Цэнтра, сваімі мерапрыемствамі на іх паўплывалі. Некалі ў зусім яшчэ маленькіх дзетках, якія ўпершыню пабывалі ў аграгарадку, спачатку прабіліся першыя парасткі цягі да нацыянальнай культуры, а па меры сталення нарадзілася і сапраўдная цікавасць да яе.

Фінансава ўстанова адчувае сябе нармальна, на правядзенне буйных святаў дадатковыя сродкі ёй вылучаюцца, яе апаратура і абсталяванне не так даўно былі абноўленыя, у пазамінулым годзе зроблены рамонт фасада, летась — пастаўленыя тры шклопакеты. “Можа, хацелася б і папаўнення сцэнічных народных касцюмаў, — задумаўшыся, вымавіла загадчыца. — Але ўпэўненая, што гэтая праблема хутка вырашыцца”.

Каментарый Веры БЕЛАКОЗ:

— Я яшчэ, быццам бы, нядаўна з сяброўкамі хадзіла ў Цэнтр — у клуб “Гарачыя сэрцы”. Казалі пра тое-сёе, песні спявалі, гарбату пілі. Але цяпер ужо перасталі туды хадзіць, старэнькія мы — мне вунь 84 гады. А мясцовай моладзі, мне здаецца, Цэнтр не надта патрэбны. Раней хоць дыскатэкі ў ім былі, цяпер — ужо не. Моладзь або ў горад паступова з’язджае, або шлындае па Гудзевічах без толку, нават бацькам па гаспадарцы не дапамагае.

І ўсё гэта сведчыць, што, нягледзячы на тыя відавочныя поспехі, якіх дасягнулі работнікі культуры ў Гудзевічах, працы ў іх яшчэ вельмі і вельмі багата. Ды, зрэшты, а дзе яе сёння бракуе?

Мінск — аграгарадок Гудзевічы Гродзенскай вобласці — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"