Тэрпсіхора з шармам

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Узорная студыя сучаснага бальнага танца “Шарм” прадстаўляла Смалявічы ў канцэртнай праграме “Міншчына — ты сэрца Беларусі”. Вечар, прысвечаны 80-годдзю Мінскай вобласці, адбыўся ў сярэдзіне студзеня ў Палацы Рэспублікі.

/i/content/pi/cult/676/14912/pages-10-11-SS.jpgПра “Шарм” у вобласці распавядаць не трэба: узорны калектыў — неад’емны ўдзельнік шматлікіх мерапрыемстваў самага высокага ўзроўню. У студыю прымаюць дзяцей з чатырох гадоў і вядуць на працягу дзесяцігоддзяў. Многія выхаванцы сталі амаль што часткай сям’і заснавальніцы студыі Алены Мыцько. Тут няма ўзроставай “столі”: кожны танцуе столькі, на колькі хапае азарту і любові да танца. Ды і выбар у прыхільнікаў Тэрпсіхоры велізарны: у студыі можна навучыцца бальным, усходнім, сучасным танцам. Для адточвання майстэрства — частыя выступленні, прычым не толькі ў Смалявічах, але і ў канцэртных залах краіны і нават за межамі Сінявокай. Як прызнаецца Алена, сцэны мясцовага ДК падчас не хапае для маштабных нумароў, а зала не ўмяшчае ўсіх ахвотных падтрымаць выступоўцаў.

— Мы з 2002 года сябруем з французамі. На працягу шаснаццаці гадоў ладзім канцэртныя праграмы для мэрыі гарадоў Кулонь і Бюлі-ле-Мін. Летась тры дні запар выступалі з двухгадзінным сольнікам “Віват, “Шарм”. Нашым выхаванцам (гэтым разам выязджаў асноўны састаў ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў) апладзіравалі 600 чалавек! — распавяла дырэктар смалявіцкай студыі Алена Мыцько.

Беларусы імкнуцца не паўтарацца, у кожны свой прыезд дэманструюць новыя нумары. Толькі адно застаецца нязменным: блок беларускіх танцаў, з якімі спадарыня Алена лічыць сваім абавязкам пазнаёміць замежных сяброў — “Лявоніха”, “Купалінка”, “Беларуская полька”.

Жыццё студыі настолькі пераплялося з Францыяй, што адна з яе удзельніц пачала працаваць на дзве краіны: Караліна Мыцько з’яўляецца педагогам “Шарма” і адначасова вядзе харэаграфію ў Францыі. Французы высока ацанілі беларускі прафесіяналізм: у 2017-м Караліна атрымала ўзнагароду ад мэра горада ў намінацыі “Найлепшы педагог сярод выкладчыкаў-жанчын па танцах у Бюлі-ле-Мін”.

Фота з архіва студыі

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"