“Лялечкі”, грыбны квас ды экалогія

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

У культуры нельга похапкам, адно толькі — грунтоўна і засяроджана. Так хлебароб у чаканні сяўбы сартуе насенне, рыхтуе сеялкі, ужо сёння працуе на будучы важкі ўраджай. Нацыянальная культура ўвогуле паяднаная з сельскагаспадарчым цыклам, бо абслугоўвае яго, надае духоўнасці, дадае да працы песню. Так, зіма для работніка культуры — час асэнсавання. Аглядваемся, аналізуем, робім высновы, вучымся, хто на чужых памылках, хто — на сваіх. Хтосьці спявае песню, хтосьці складае яе.

/i/content/pi/cult/676/14911/pages-10-11-copy-S.jpg

Прыклад грунтоўнасці ды засяроджанасці — абрадавая дзейнасць мастацкага кіраўніка Рэчыцкага гарадскога палаца культуры (Гомельскі раён) Людмілы Грызуновай, яе памочніка, удзельніка мастацкай самадзейнасці клуба аматараў народнай і эстраднай песні “Зараніца” Дзяніса Сцепаненкі і іх паплечнікаў-калег. Гэта яны распавялі рэдакцыі, што амаль 25 гадоў на рэчыцкай зямлі існуе калядна-тэатральная традыцыя. Адраджэннем фальклорна-этнаграфічнай спадчыны мясцовага Палесся займаюцца сябры клуба “Жывіца”. Галоўнае, што да звычаяў продкаў далучаецца моладзь, аб’яднаная клубам “Сям’я”. “Калядныя сустрэчы” сталі для іх традыцыйнымі. Сёлета мерапрыемствы адбыліся ў бібліятэцы імя Надзеі Крупскай горада Рэчыца. А ёсць яшчэ суполка фальклорна-этнаграфічнага дзеяння і калядавання па падворках “Добры вечар, шчодры вечар!” Рэканструяваць абрад дапамагалі носьбіты традыцыі Надзея Шынгірэй і Вера Мельнік з вёскі Коззе. А песенны складнік абраду забяспечыла “Жывіца”. Гэтыя песні запісаны ад носьбітаў яшчэ ў 1960 — 1970-я гады мінулага стагоддзя. А найлепшай пявунняй ды прыпевачніцай лічыцца ў раёне Ніна Скараход — старэйшая ўдзельніца “Жывіцы”. Стары ж новы год усе сустрэлі ў аматараў беларускіх традыцый Алены і Алега Цэйкаў.

Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава паведамляе: “Супрацоўнікі нашых клубных устаноў цягам двух тыдняў, у адпаведнасці з мясцовай традыцыяй, ладзілі калядныя вячоркі. У апошні дзень Калядак, 18 студзеня, каманда калядоўшчыкаў РЦК наведала ўдзельнікаў клуба ветэранаў “Полымя” і работнікаў суседняга швейнага цэха”.

У Дзятлаўскім раёне, піша Настасся Голуб, распачалі этнаграфічны праект “Народнаму скарбу — век векаваць”. Ён скіраваны на адраджэнне і захаванне народных абрадава-святочных традыцый. 21 студзеня ў вёсцы Ахонава правялі абрад “Пасадзіць Каляду на дуб”. Рэй тут вёў, натуральна, мясцовы фальклорны гурт. Абрад адносіцца да сямейна-бытавых: у апошні дзень Калядаў збіраліся за сталом усёй сям’ёй, выстаўлялі на стол кісель, грыбны квас, студзянец, клёцкі, квашаную капусту, селядзец, сала, сыр…

Калядную варажбу ладзілі ў аграгарадку Бялкоўшчына, што ў Смаргонскім раёне. Супрацоўнікі РЦК распавядаюць, што ўдзельнікі аматарскага тэатра мініяцюр “Весялухі” падрыхтавалі святочныя віншаванні, а вакальны гурт “Чараўніцы” выканалі задзірыстыя прыпеўкі.

І яшчэ адна навіна са Смаргоншчыны. Раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці “Расчынім акенца творчасці” адкрылі тут канцэртнай праграмай Вішнеўскага дома культуры, якім кіруе Ала Дыро. Пачаўся агляд з тэатралізацыі, потым прагучала песня “Віфлеемская зорачка”. Вішнеўская зямля мае вялікі творчы патэнцыял. Пра гэта сведчылі выступленні інструментальнага ансамбля “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Святланы Манчак, салістаў Карыны Міхалькевіч, Насці і Дзяніса Дыро, Лідзіі Дубавіцкай і Вікторыі Неўскай, вакальна-інструментальнага гурта “Настальгія”, артыстаў тэатра мініяцюр.

Бібліятэчны нюанс святочнай панарамы — ад Тамары Круталевіч, загадчыка аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай райбібліятэкі. “У новы год — з новай кнігай” — так называецца наша чарговая акцыя, — піша аўтар. — Звернута яна да навучэнцаў мясцовай гімназіі. Гаворка — пра каляднае апавяданне. Бібліятэчны міні-тэатр “Калядныя ліхтарыкі” паспрабаваў адлюстраваць асаблівасці гэтага літаратурнага жанру… А было яшчэ ў нас літаратурнае калядаванне. Сабраліся на яго жанчыны пенсійнага ўзросту, але маладога светаўспрымання. Калядоўшчык-бібліятэкар прапанаваў ім плойму сюжэтаў калядных апавяданняў, кожнае з якіх заканчвалася маленькім цудам”.

Зімовыя святы прайшлі, і ўжо хочацца вясну гукаць, Але ўсяму — свой час, тым больш, што бяжыць ён — не дагоніш. Здавалася, зусім нядаўна ў Абухаве (Гродзенскі раён) быў створаны ансамбль танца “Лялечкі”, а вось ужо гэты Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь адзначае саракагоддзе. Намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ганна Сіманенка піша, што кіруе ансамблем Надзея Урукіна. За гэты час вырасла не адно пакаленне “лялечак” — каля 300 юнакоў і дзяўчат. 25 выхаванцаў скончылі Гродзенскі каледж мастацтваў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Сёння ў ансамбле — больш за 60 удзельнікаў узростам ад 5 да 17 гадоў не толькі з Абухава, але і з іншых вёсак раёна. Нават з Гродна ўдзельнікі прыязджаюць. А гэта пра многае кажа. “Пра “Лялечак” памятаюць у Турцыі, Германіі, Сербіі, Чэхіі, Балгарыі, Польшчы, Катары, Літве, Латвіі, Расіі, ва Украіне. Калектыў — двойчы ўладальнік гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Андрэй Струнчанка паведамляе, што ў Мазалаўскім сельскім доме культуры (Віцебскі раён) пачалася арт-акцыя з нагоды 80-годдзя з дня ўтварэння Віцебскай вобласці. Працуе выстава работ выкладчыка індустрыяльна-педагагічнага каледжа і кіраўніка гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці Мазалаўскага СДК Вольгі Ганчаровай. Там экспануецца больш за 20 работ, выкананых у розных тэхніках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Акцыя скончыцца ў лютым вялікім канцэртам мастацкай самадзейнасці.

А вось бібліятэка аграгарадка Каменны Лог, што на Ашмяншчыне, прапануе падарожжы па запаведных мясцінах Беларусі. Натуральна, вандроўкі завочныя, віртуальныя. Бібліятэкар установы Алена Таўкінь піша, што мерапрыемства — частка раённай праграмы “Экалогія. Кніга. Грамадства”. Чытачы паспелі “пабываць” у Белавежы, Налібоцкай пушчы, у Нацыянальных парках “Прыпяцкі”, “Нарачанскі”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"