Шагал яднае краіны

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Як ужо паведамляла “К” XVIII Міжнародныя Шагалаўскія чытанні прайшлі у Віцебску з 15 па 17 чэрвеня.

 /i/content/pi/cult/165/1491/Shagal.jpg
Чытанні ўрачыста адкрыліся ў Беларускім тэатры “Лялька”. Удзельнікі і госці
выступілі з прывітальнымі словамі, былі падведзены вынікі міжнароднага праекта “Марк Шагал — Марк Ротка: мастацтва без межаў”.
За 17 гадоў на Шагалаўскіх чытаннях прагучала 160 дакладаў пра мастака. Сёлета навукоўцы паглыбілі тэму — акцэнты зрабілі на асяроддзі Шагала. Так, старшы навуковы супрацоўнік Эрмітажа Эра Корабава выступіла з паведамленнем “Іосіф Бродскі і Марк Шагал”, навуковы супрацоўнік аддзела графікі Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна Надзея Дзяркач пазнаёміла прысутных з перапіскай Марка Шагала і Паўла Эцінгера, галоўны бібліятэкар аддзела па справах з грамадскасцю Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі Інта Дубоўска распавяла аб публікацыях пра Шагала ў латвійскай прэсе...
Па перакананні дырэктара Музея Марка Шагала Людмілы Хмяльніцкай, пасля чарговых Шагалаўскіх чытанняў з’явіцца нямала новых выданняў.
У рамках чытанняў прайшла прэзентацыя выстаўкі “Авангард у Латвіі” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі, а ў Віцебскай абласной філармоніі адбыўся фартэпіянны вечар Таццяны Брыжанёвай (Санкт-Пецярбург). 

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск
На здымку: Давід Сімановіч і Людміла Хмяльніцкая.
Фота аўтара