Марфалогія горада — ад сярэднявечча да класіцызму

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Не так даўно ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшла ў свет манаграфія доктара архітэктуры, прафесара БНТУ Юрыя Чантурыі “Беларускае горадабудаўнічае мастацтва: сярэднявечная спадчына, рэнесанс, барока, класіцызм у сістэме еўрапейскага дойлідства”. Паўтысячы старонак і амаль тысяча выяваў — гэта толькі колькасныя паказчыкі, якія сведчаць пра важкасць фаліянта ў нашай гістарычнай навуцы.

Аўтар упершыню выканаў дасканалы аналіз і тэарэтычна абагульніў нацыянальнае горадабудаўнічае мастацтва эпох Сярэднявечча і Рэнесансу, а таксама барока і класіцызму ў яго пастаянным узаемадзеянні з дойлідствам Расіі і Заходняй Еўропы. Шырока і падрабязна паказана культура горадабудаўніцтва, разгледжаны прасторавая арганізацыя паселішчаў, іх грамадскіх цэнтраў і асобных комплексаў забудовы.

Даследаваны 115 гарадоў Беларусі, вывучаны каля 650 архіўных гісторыка-картаграфічных і іншых выяўленчых дакументаў, распрацаваны больш за 200 графічных рэканструкцый. У выніку, выяўленыя гістарычныя заканамернасці арганізацыі паселішчаў: функцыянальныя, марфалагічныя, стылявыя, кампазіцыйныя, метралагічныя.

Аўтар упершыню дае цэласнае навуковае ўяўленне аб эвалюцыі горадабудаўніцтва ў другой палове XVI — першай палове XVIII стагоддзя. Паводле Чантурыі, яно ўключала тры напрамкі развіцця — на аснове нерэгулярных планіровачных структур старажытнарускага генезісу, сярэднявечных па характары гатычных рэгулярных структур, а таксама структур рэнесансных. Адзін з новых аспектаў працы — выяўленне асаблівасцяў гарадоў, збудаваных паводле ўзораў раннехрысціянскіх сталіц і біблейскіх правобразаў.

У даследаванні даказана, што класіцыстычнае горадабудаўніцтва другой паловы XVIII — першай паловы XIX стагоддзя — частка вялікай культуры еўрапейскага класіцызму — было тыпалагічным, структурна-планіровачным і эстэтычным феноменам, які грунтуецца на засваенні гістарычнага досведу. Распрацавана разгорнутая тыпалогія і прасочана сістэма прынцыпаў кампазіцыі архітэктурных ансамбляў плошчаў, а таксама іншых комплексаў — вуліц, кварталаў, манастыроў.

Фундаментальную працу, якая ўключае болей за 900 малюнкаў, можна лічыць важным этапам у развiццi нацыянальнай гісторыка-горадабудаўнічай навукі. Не выклікае сумневу, што манаграфія, якая, па сутнасці, стала вынікам амаль 50-гадовай навуковай дзейнасці аўтара, будзе карыснай не толькі для навукоўцаў, студэнтаў і аматараў мінуўшчыны, але і для “практыкуючых” архітэктараў-праекціроўшчыкаў, а асабліва — для тых прадстаўнікоў уладных структур, ад якіх залежыць сённяшняе аблічча гарадоў. Як пераканаўча даводзіць спадар Чантурыя, у нашых продкаў ёсць чаму павучыцца.

Ала ШАМРУК,
доктар мастацтвазнаўства