Вымераць гармонію рэнтгенам

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Калі ўпершыню трапляеш у рэстаўрацыйныя майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея, не пакідае адчуванне, нібы ты ўвайшоў у лабараторыю шалёнага і геніяльнага прафесара з нейкага мультфільма або фэнтазі. Гэта адначасова і мастацкая студыя з карцінамі, развешанымі і раскладзенымі ўсюды, і навуковая бібліятэка, бо ўсе вольныя месцы запоўненыя кнігамі: ад выкшталцоных мастацкіх альбомаў да акадэмічных манаграфій па дакладных навуках. А таксама — набор дзіўных прыбораў, якія ўтвараюць сапраўдную біяхімічную лабараторыю. Не кажучы ўжо пра кабінеты з рэнтген-устаноўкай і камеры з іншым далікатным і “разумным” абсталяваннем. Нават цяжка падлічыць, колькі розных галін ведаў выкарыстоўвае ў наш век сучасная рэстаўрацыя! Таму і нядзіўна, што Дзень беларускай навукі адзначаюць таксама і ў музейных сценах. А ў лабараторыях НДІ спецыялісты часам вырашаюць тыя праблемы, якія ўзнікаюць у гуманітарнай сферы. Гэтае супрацоўніцтва стала ўжо добрай традыцыяй, пра што сведчаць прымеркаваныя да свята матэрыялы нумара. Адна з самых сур’ёзных праблем у музейнай сферы ўсяго свету амаль не заўважная для наведвальнікаў. Мы прызвычаіліся бачыць экспанаты ў найлепшым выглядзе, хаця ў сховішчы яны часцяком трапляюць зусім у іншай кандыцыі. Ды, на жаль, далёка не ў кожным музеі нават Мінска ёсць свае рэстаўратары — не кажучы ўжо пра невялікія рэгіянальныя. Як жа тады вырашыць гэтую праблему ў маштабе краіны?

/i/content/pi/cult/676/14897/KULTURA-S.jpgДык ці былі птушкі?

Фармальна ў Беларусі музеі ў 2007 годзе страцілі статус навуковых устаноў, але ў аснове іх дзейнасці ляжыць менавіта навуковая работа, адным з галоўных кірункаў якой і з’яўляецца рэстаўрацыйны. Ён, у сваю чаргу, аб’ядноўвае дасягненні самых розных галін. Часам здараецца так, што менавіта метады дакладных навук ставяць кропку ў мастацтвазнаўчых дыскусіях. Прыкладам, даследчыкі доўга спрачаліся, ці былі жоравы ў першым варыянце карціны Івана Шышкіна “Балота. Жоравы”, якая з’яўляецца ўласнасцю Нацыянальнага мастацкага. Даследаванні архіўных крыніц далі падставы меркаваць, што птушкі аўтарам былі дамаляваныя пазней, але канчаткова пацвердзіла гэтую тэорыю менавіта рэнтгенаграма.

А карціна Івана Шышкіна “Лес. Яліны” трапіла ў музей для правядзення экспертызы і выяўлення яе сапраўднасці ў рамках следства па адной крымінальнай справе. Супрацоўнікі правялі тады не толькі натурныя даследаванні, што ўключаюць візуальны агляд і параўнанне з іншымі работамі майстра, але рэнтгенныя і хімічныя даследаванні.

Як адзначыў намеснік гендырэктара НММ Сяргей Вечар, такая работа магчыма толькі таму, што музей забяспечаны і кваліфікаванымі кадрамі, і сучасным прафесійным абсталяваннем. Актыўна працуе сектар фізіка-хімічных даследаванняў — а выключна дзякуючы ім можна даведацца рэальны ўзрост мастацкага твора. Да таго ж, падтрымліваюцца шчыльныя партнёрскія стасункі як з айчыннымі, так і з замежнымі профільнымі ўстановамі. У прыватнасці, “К” ужо пісала пра мабільны лазерны эмісійны спектрометр — унікальны апарат для якаснага і колькаснага аналізу элементнага складу твораў мастацтва, распрацаваны ў Інстытуце фізікі НАН Беларусі (гл. № 43 за 2016 год).

Працэс навуковай рэстаўрацыі — з’ява вельмі дарагая, цяжкая і марудная. Нават час, які выдаткоўваецца на работу з музейным прадметам, можа быць вызначаны тэхнічным рэгламентам хіба што прыкладна і ўмоўна. Бо кожны артэфакт — унікальны і непаўторны. Адпаведна, унікальнымі і непаўторнымі з’яўляюцца і яго праблемы. У любы момант штосьці можа пайсці не так, запатрабаваўшы дадатковых даследаванняў альбо, напрыклад, тэрміновай камандзіроўкі да калегаў, каб яны падзяліліся досведам работы з яшчэ не апрабаванай тэхнікай.

Як патлумачыла загадчыца сектара рэстаўрацыі алейнага жывапісу НММ Святлана Дзікуць, у Беларусі вельмі не хапае музейных рэстаўратараў. У адпаведным аддзеле Нацыянальнага мастацкага працуе 25 чалавек. Здавалася б, нямала, але… Суразмоўца праводзіць паралелі з замежнай практыкай. У Вільнюсе існуюць два цэнтры музейнай рэстаўрацыі. Кожны абсталяваны паводле апошняга слова тэхнікі і, галоўнае, забяспечаны кваліфікаванымі кадрамі. У адным з іх, напрыклад, працуе блізу ста чалавек. І яны не сядзяць без справы. У Літве выбудаваная сістэма, дзякуючы якой музеі з розных куткоў краіны могуць аддаваць у гэтыя цэнтры на рэстаўрацыю не толькі бясцэнныя шэдэўры, але і шараговыя музейныя прадметы.

Святлана Дзікуць лічыць вартым пераймання і іншы досвед суседзяў. У вільнюскай Акадэміі мастацтваў студэнты апошніх курсаў маюць магчымасць прайсці спецыялізацыю ў рэстаўрацыйнай майстэрні, арганізаваную па прынцыпах медычнай інтэрнатуры, — і, дзякуючы ёй, на практыцы зразумець, што з сябе ўяўляе гэтая праца. У выніку ў прафесіі застаюцца тыя, каму сапраўды там месца.

— Рэстаўрацыя — гэта перадусім практыка, — дадае суразмоўца. — Ёй нельга навучыцца праз тэорыю: трэба практыкаваць і яшчэ раз практыкаваць.

Адзін на ўсю вобласць

У іншых музеях пра найноўшыя тэхналогіі на службе рэстаўрацыі казаць пакуль не выпадае — як, зрэшты, часцяком і пра саму рэстаўрацыю. Бывае, супрацоўнікі нават вымушаны адмаўляцца ад набыцця каштоўных прадметаў, калі тыя ў нездавальняльным стане.

Прафесійных рэстаўрацыйных рук рэгіёнам не хапае хранічна. Як распавёў “К” галоўны захавальнік фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” Аляксандр Рак, на ўсю Мінскую вобласць ёсць толькі адзін музейны мастак-рэстаўратар. Вікенцій Пузанкевіч аддана працуе ў Заслаўі ўжо не адзін год, спрыяючы захаванню і ратаванню багатых фондаў музея-запаведніка.

Ні пра якія абсталяваныя дарагой апаратурай майстэрні весці гаворку ў гэтым выпадку не даводзіцца. Пры такім фінансаванні, якое мае музей, асноўным інструментам застаецца сам чалавек, яго веды і часта кемлівасць.

— Работы для аднаго спецыяліста вельмі многа, і таму пры ўсім жаданні мы не здатныя дапамагаць нашым калегам з іншых музеяў Міншчыны, хаця такія звароты і бываюць, — тлумачыць Аляксандр Рак. — Максімум, што можам зрабіць у адказ на просьбы калег — гэта вусная кансультацыя. Тым болей, у музеяў часам няма нават грошай ці транспарту, каб даставіць свае прадметы. Ды і для камандзіровак, каб на месцы правесці ўважлівы агляд і даць больш дэталёвыя парады, мы не заўсёды маем сродкі і, галоўнае, час, бо перазагружаныя ўласнымі праектамі. Апрача правядзення рэгулярных планавых рэстаўрацыйных работ, бываюць жа і пазапланавыя — шмат якія прадметы даволі старыя, і з імі розныя непрыемнасці могуць здарыцца проста “ад узросту”. Да таго ж, перад кожнай выставай мы праводзім кансервацыю ўсіх экспанатаў. Гэта — абавязковы пункт у музейнай справе. Але, на жаль, далёка не кожны музей можа сабе яго дазволіць.

Напэўна, ідэальным варыянтам было б стварэнне ўласных рэстаўрацыйных службаў пры кожным музеі, хай сабе нават раённым. Але цяжка не пагадзіцца з тым, што на практыцы гэта, бадай, немагчыма. Дзе ў маленькім гарадку знайсці сродкі на сучаснае абсталяванне? А кваліфікаваныя кадры адкуль там могуць узяцца?

Без належнай тэхнікі правесці і даследаванні твораў мастацтва, і іх рэстаўрацыю часам проста немагчыма. Напрыклад, толькі рэнтген можа паказаць, што пад жывапісным слоем ёсць яшчэ адзін — больш ранні. І такое, як сведчаць музейшчыкі, бывае даволі часта, і не толькі са старымі абразамі, дзе наяўнасць “шматслойнай выявы” — звычайная справа, але і з больш познім жывапісам.

Ці не адзіным музеем Беларусі, які мае свой рэнтген-апарат, з’яўляецца Нацыянальны мастацкі. Іншыя “выкручваюцца” як могуць. Прыкладам, захавальнікі даўніны з Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, дзякуючы наладжанаму супрацоўніцтву з мытнымі структурамі, змаглі прыцягнуць да сваіх даследаванняў рэсурсы фірмы, якая пастаўляе ў краіну экспертна-крыміналістычнае абсталяванне. Іншым разам даводзіцца звяртацца па рэнтген і ў мясцовую паліклініку.

— Нават нягледзячы на нашу неймаверную загрузку, любы музей можа звярнуцца да нас па дапамогу ў пытаннях рэстаўрацыі, і мы нікому не адмовім, — кажа Святлана Дзікуць. — Натуральна, такая работа не можа рабіцца бясплатна, бо Нацыянальны мастацкі нясе на яе вялікія выдаткі. На жаль, далёка не ў кожнага музея ёсць патрэбныя сродкі, таму звяртаюцца да нас не так і часта.

Як тлумачыць рэстаўратарка, вынікі такой сітуацыі даволі сумныя. Адсутнасць рэгулярнага прафесійнага нагляду і, што яшчэ горш, непрафесійная псеўдарэстаўрацыя выходзіць для артэфактаў бокам:

— Часам яны трапляюць да нас ужо ледзь не ў аварыйным стане, а гэта значна павялічвае і аб’ём работы, і яе кошт, і, што яшчэ горш, паніжае шансы на поспех. Таму вырашаць пытанне тут трэба прынцыпова.

/i/content/pi/cult/676/14897/pages-4-5N-S.jpgЦэнтр у музейным квартале

Сітуацыю ў маштабах краіны мог бы выправіць адзіны буйны рэстаўрацыйны цэнтр, здатны служыць патрэбам усіх беларускіх музеяў. Некалькі гадоў таму былі агучаныя планы яго стварэння пры Нацыянальным гістарычным — на плошчах будынка па вуліцы Фрунзе. Аднак жыццё ўнесла ў іх свае карэктывы. Пакуль што музею па-ранейшаму бракуе плошчаў не толькі для рэстаўрацыйнага цэнтра, але і пад фондасховішчы і новыя экспазіцыі. На шчасце, летась справа нарэшце ссунулася з мёртвай кропкі — бліжэйшым часам Нацыянальны гістарычны атрымае новы будынак. Але, як патлумачыла намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Ніна Калымага, стварэнне рэстаўрацыйнага цэнтра там не прадугледжанае: гэта будзе суцэльная экспазіцыйна-выставачная прастора.

У выніку эстафету перахапіў Нацыянальны мастацкі музей. Пад кіраўніцтвам яго генеральнага дырэктара Уладзіміра Пракапцова была распрацаваная канцэпцыя стварэння на базе рэстаўрацыйнага аддзела асобнага цэнтра ў адным з будынкаў музейнага квартала. Увядзенне яго ў эксплуатацыю магло б значна паспрыяць справе ратавання музейных прадметаў — гэта б дало магчымасць пашырыць не толькі плошчы, але і штат супрацоўнікаў. Тым болей, як запэўніў мяне Сяргей Вечар, музейны цэнтр будзе яшчэ больш высокатэхналагічнай установай, чым цяперашнія майстэрні. Адразу пасля прыняцця рашэння аб яго стварэнні пачалі фарміравацца заяўкі на набыццё абсталявання для даследчых і рэстаўрацыйных работ. Многія з іх раней у Беларусі правесці было альбо вельмі праблематычна, альбо наогул немагчыма.

Апрача стварэння рэспубліканскага цэнтра, вырашэнню праблемы рэстаўрацыі музейных прадметаў мае паспрыяць і паўстанне цэнтраў рэгіянальных — скажам, абласных — якія б не толькі выконвалі ўласна рэстаўрацыйныя работы, але і забяспечвалі навукова-метадычнай дапамогай рэстаўратараў з больш дробных музеяў, здзяйснялі рэгулярны агляд іх фондаў, а таксама падрыхтоўку музейных захавальнікаў да прэвентыўнай кансервацыі.

Як мы паведамлялі, стварэнне першага такога цэнтра ўжо ідзе пры Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі (гл. № 45 за 2017 год). Больш за тое, як патлумачыў яго дырэктар Юрый Кітурка, гэты цэнтр будзе мець не проста рэгіянальны, але і міжнародны характар, бо паўстане ў рамках праекта з Музеем Падляшша суседняга Беластока, з якім выйграны сумесны грант.

— Плённае супрацоўніцтва дзвюх устаноў цягнецца ўжо не першы год. Гэта і абмен выставамі, і ўзаемныя паездкі для абмену досведам і павышэння кваліфікацыі, і сумесныя акцыі. Цяпер яшчэ і такі праект, — тлумачыць дырэктар.

Абодва музеі сутыкаліся з аднолькавымі праблемамі. У Беластоку музей не так даўно страціў будынак, у якім быў размешчаны рэстаўрацыйны цэнтр, гродзенскі яго ніколі і не меў, а рэстаўратары месціліся ў памяшканнях, ніякім чынам не прыстасаваных для іх працы.

Згодна з праектам, майстэрні будуць размешчаны ў асобным будынку пачатку ХХ стагоддзя, не так даўно атрыманым гродзенскім музеем. Навукова-даследчы рэстаўрацыйны цэнтр будзе працаваць з усімі музеямі вобласці, многія з якіх не маюць рэстаўратараў у сваіх штатах.

У выніку, “на падыходзе” два музейныя навуковыя рэстаўрацыйныя цэнтры. Спадзяемся, што запасу трываласці, закладзенага ў музейныя прадметы іх стваральнікамі, хопіць, каб дачакацца, пакуль для кожнага з іх знойдзецца свой майстар.

— Вядома, рэстаўрацыя — гэта перадусім людзі, а не абсталяванне, — перакананая Святлана Дзікуць. — Аднак абсталяванне майстэрняў таксама вельмі важна. Бо калі няма мікраскопаў, то чалавечае вока не зможа нечага пабачыць. Вышэй за фізічныя магчымасці не скокнеш, а яны маюць межы. І таму сучасная тэхніка цудоўна дапаўняе класічныя рэстаўрацыйныя сталы, пэндзлі і скальпелі. Хаця, паўтаруся, гэта толькі дадатак да самога рэстаўратара. Якаснае абсталяванне палепшыць якасць работ толькі тады, калі будзе ў “якасных” руках.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА