Трэці з гітарнага куфэрка

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Чаму Віктар Смольскі — наш чалавек у Нямеччыне — не стаў бы будаваць трасу для “Формулы-1“ у Беларусі?
Напэўна, было б правільным паставіць гэтага музыканта першым у шэрагу ягоных калегаў, у якіх я браў інтэрв’ю, паколькі і ў свеце гітарнага мастацтва ён вядомы больш, ды і валодае на “выдатна” не толькі гэтым інструментам. Але так ужо выйшла, што меў зносіны я з ім пасля гутарак з Валерыем Дзідзюлем і Ірынай Ігнацюк.

/i/content/pi/cult/675/14894/opt.jpegЁсць такая краіна — Беларусь

— Летась не стала вашага бацюшкі — выдатнага беларускага кампазітара Дзмітрыя Смольскага, здабытка айчыннай культуры. Чаму самаму галоўнаму ён вас навучыў у творчасці?

— Рабіць усё з поўнай аддачай, бескампрамісна, займацца тым, што падабаецца. Рабіць такую музыку, якую самому прыемна слухаць, а не падладжвацца пад моду, камерцыю. Быць у творчасці шчырым. Аддавацца ёй на ўсе сто працэнтаў, каб пасля ніколі не было сорамна за зробленае.

— Дзмітрый Браніслававіч вельмі добразычліва ставіўся да таго, што яго сын iграе рок. Больш за тое, у вас ёсць сумесныя работы ў гэтым жанры. Што яму падабалася ў ім?

— Бацька стаў мяне падтрымліваць усім, чым мог, убачыўшы, што я вельмі сур’ёзна стаўлюся да заняткаў на гітары. Калі мы пачалі ствараць сумесныя творы, напрыклад, “Сімфонію для электрагітары”, яго зачапіла ў маёй музыцы менавіта рокавая энергія. Ён часта прысутнічаў на маіх канцэртах, і яму вельмі падабалася атмасфера ў зале. Калі ў яго пыталіся, ці не занадта гучна, ён адказваў, што гэтая музыка павінна такой быць, таму што такая энергія якраз патрабуе пэўнай гучнасці. Ён добра ставіўся і да року, і да джаза, і ў прынцыпе да любой музыкі, якая зроблена прафесійна.

— Вы шмат працавалі з рознымі сімфанічнымі аркестрамі, у тым ліку з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з якіх крытэраў падбіралі той ці іншы калектыў для ўвасаблення вашых задумак?

— Як правіла, з маладзёжнымi аркестрамі працаваць было прасцей і цікавей. Так, зборны склад мінскіх музыкантаў з розных аркестраў і барселонскі маладзёжны філарманічны аркестр падыходзілі мне лепш за ўсё. Класічныя калектывы больш кансерватыўныя, яны не заўсёды могуць граць рок-музыку. Збольшага таму, што аркестравыя музыканты не любяць граць роўна, не любяць музыку, якую я раблю. А многія маладыя музыканты самі слухаюць “цяжкую” музыку, разумеюць яе, любяць і, адпаведна, аддача ад іх выканання зусім іншая.

— Мне здаецца, цалкам лагічным быў бы праект, скажам, рок-опера, якую вы стварылі б, грунтуючыся на беларускім гістарычным матэрыяле.

— У цяперашні час на сур’ёзныя канцэптуальныя праекты асабліва няма попыту. Людзі сёння не слухаюць музыку ў такім фармаце. Заключыць кантракт на выпуск рок-оперы вельмі цяжка, паколькі яе будзе нялёгка рэалізаваць. Хаця мне было б вельмі цікава ўзяцца за такі праект, можа быць, калі-небудзь, нягледзячы ні на што, я гэта і зраблю. Тым больш, што ў Беларусі сапраўды хапае цікавага гістарычнага матэрыялу. У мяне нават была думка зрабіць рок-оперу на базе оперы бацькі “Сівая легенда”. Але я выдатна разумею: гэта вельмі цяжка прапанаваць на Захадзе. Не кажучы ўжо пра тое, што мне пастаянна даводзіцца распавядаць людзям у Еўропе, дзе на карце гэтая Беларусь. Як ні дзіўна, пра існаванне нашай краіны, якая знаходзіцца дастаткова недалёка, многія тут нават не ведаюць. Адпаведна, з яе гісторыяй таксама мала хто знаёмы.

Ад старога чую

— На нейкім этапе вы відавочна перараслі агульны ўзровень Rage — гурта, увогуле, для кагосьці культавага...

— У нейкі момант мне сапраўды стала сумна з Rage. Я хацеў развівацца далей і эксперыментаваць з больш прафесійнымі музыкантамі, пашыраць свой музычны кругагляд. Таму і стварыў уласны гурт Almanac і працягваю браць удзел у іншых праектах. Гэты музычны абмен вельмі важны для майго творчага росту. Таму што чым больш вопытным ты становішся ў прафесійным плане, тым цікавей вучыцца чамусьці новаму. Адчыняецца ўсё больш дзвярэй, пачынаеш разумець тое, што раней зразумець было цяжка, гарызонты магчымасцяў пастаянна пашыраюцца.

— Ці прынята за мяжой аднаму гітарысту тэлефанаваць іншаму і нешта такое яму гаварыць: “Стары, я б у вашым апошнім альбоме на тваім месцы зрабіў бы так і так”? Альбо: “Быў на вашым учарашнім канцэрце, вось па гэтых пасажах у мяне да цябе пытанні”?

— Бывае, але рэдка. У асноўным, музыканты маюць зносіны на фестывалях, на канцэртах кантактаў значна менш. Там усе заняты сваёй справай і не папраўляюць адзін аднаго, бо ў кожнага музыканта ўласны стыль выканання. Дыялог нараджаецца, калі граеш разам ці робіш сумесныя праекты. Я, напрыклад, часта ўдзельнічаю ў музычных сэйшанах, дзе мы супольна імправізуем і джэмім. Гэта самыя лепшыя зносіны, таму што пасля якраз узнікае шмат пытанняў і з’яўляецца маса новых творчых ідэй.

/i/content/pi/cult/675/14894/ALMANAC-S.jpg

Гурт Almanac. Віктар — другі справа.

Дзве Радзімы

— Сапраўдным аматарам хард-рока вядома, што Віктар Смольскі яшчэ і аўтагоншчык. Быў бы ў вас вагон грошай, інвеставалі б іх у будаўніцтва трасы “Формула-1” у Беларусі?

— Каб я ўсур’ёз задумаўся пра гоначную трасу ў Беларусі, то “Формулу-1” не будаваў бы — як гонка яна стала даволі сумнай. Зрабіў бы трасу для ралі-кроса, які аб’ядноўвае класічнае ралі і кальцавыя гонкі. Для гледачоў гэта самая відовішчная, а для кіравання — адна з самых цяжкіх трас. Ралісты для мяне — гоншчыкі № 1. У звычайным ралі вельмі цікава прымаць удзел, але яго нецікава глядзець. А ралі-крос набірае ўсё большую папулярнасць у заўзятараў на Захадзе. Каб нешта падобнае задумалі зрабіць у Беларусі, з велізарным задавальненнем паўдзельнічаў бы ў такіх гонках. Акрамя гэтага, новы трэнд на Захадзе — аб’ядноўваць музыку і спорт. Усё часцей “жывыя” канцэрты праводзяць на аўтамабільных шоу. Я лічу, што такі фармат стаў бы папулярны і ў Беларусі.

— Сёй-той з беларускіх музыкантаў шукаў вашай падтрымкі, спрабуючы “раскруціцца” на Захадзе...

— ...але пакуль з гэтага нічога добрага не выйшла. Адны не адолелі нагрузку, бо каб працаваць у той жа Германіі, трэба ўвесь час знаходзіцца там, што не так проста з-за візавых праблем. Іншыя не выканалі складаную прававую кантрактную сістэму. У апошнія гады прабіцца на Захадзе стала значна цяжэй, паколькі няма той фінансавай падтрымкі, якую забяспечвалі раней гуказапісвальныя фірмы. Ды і беларускі рынак не асабліва ім цікавы, паколькі кампакт-дыскі там амаль не прадаюцца. На Захадзе наогул несур’ёзна ставяцца да нашых музыкантаў, таму што дрэнна іх ведаюць. Некаторыя беларускія гурты спрабуюць выязджаць за мяжу і там працаваць, але за якія-небудзь паўгода ўскочыць у сучасны заходні шоу-бізнес практычныя нерэальна. Хоць магчымасць такая, у тэорыі, ёсць ва ўсіх. Важна, з якой аддачай людзі ўкладваюцца ў працу. Усе чамусьці думаюць, што на Захадзе гуказапісвальныя кампаніі іх адразу ж ацэняць высока, выпусцяць альбом, дадуць грошы на тур. У рэальнасці, каб зачапіцца ў тым бізнесе, трэба ўвесь час знаходзіцца тут, быць навідавоку, пастаянна граць на канцэртах, ездзіць з імі, заваёўваць новых фанатаў, заводзіць карысныя знаёмствы з іншымі музыкантамі, з прадзюсарамі і быць вельмі актыўнымі ў інтэрнэце. Натуральна, усё гэта патрабуе сур’ёзных часавых і фінансавых укладанняў.

— Ёсць нешта такое, што падштурхнула б вас вярнуцца на радзіму назусім?

— Пражыўшы большую частку жыцця ў Германіі, магу сказаць, што ў мяне ўжо дзве Радзімы. Мой менталітэт моцна памяняўся, таму ў Германіі адчуваю сябе нядрэнна. Але я б з вялікім задавальненнем прыязджаў у Беларусь значна часцей...

 

Даведка

Віктар СМОЛЬСКІ, 48 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. У 1984 годзе скончыў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер — Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) па класе віяланчэлі. У 1989 годзе — Мінскае музычнае вучылішча імя Міхаіла Глінкі (цяпер — Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Міхаіла Глінкі) па класе гiтары. У 1986 годзе ўвайшоў у склад маладзёжнай студыі ансамбля “Песняры”. У 1988-м заснаваў сталічны гурт “Инспектор”. Быў удзельнікам такіх вядомых у свеце метал-музыкі калектываў, як Mind Odyseey і Rage. Лідар гурта Almanac, мультыінструменталіст, кампазітар, прадзюсар, педагог, аўтагоншчык. З 1993 года жыве ў Германіi.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"