А колькі, пане дабрадзею, ваш жарэбчык каштуе?

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Зэльвеншчына: рэнесанс Ганненскага кірмашу
Калі ў раённага цэнтра няма легенды, яе варта прыдумаць. А калі ёсць? Трэба яе давесці да кандыцыі культурна-гістарычнай каштоўнасці і эканамічнай значнасці. Сапраўдны брэнд — не яркі лапік на састарэлым адзенні. Ён павінен працаваць. На станоўчы імідж раёна, яго турыстычную ды інвестыцыйную прывабнасць. А на Зэльвеншчыне і прыдумляць нічога не трэба было. Тут яшчэ ў XVIII стагоддзі дзейнічаў Ганненскі кірмаш, другі па значнасці пасля Лейпцыгскага. Заставалася толькі вярнуць яго з гістарычнага нябыту і надаць яму другое дыханне.

/i/content/pi/cult/675/14891/9.jpgКірмашовы рэнесанс у Зэльве быў распачаты ў 2001 годзе. Ініцыятар — мясцовыя работнікі культуры на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галінай Раманчук. Для яе, рэжысёра масавых мерапрыемстваў, праект стаў ці не галоўным клопатам жыцця. Мяркуйце самі, для гарадскога пасёлка, дзе амаль не засталося вытворчасці, кірмаш павінен быў стаць пэўным каталізатарам тых працэсаў і з’яў, якія не даюць грамадству супакоіцца ва ўласным развіцці.

Зэльва, што знаходзіцца на Беластоцкай трасе, калісьці вабіла купцоў не толькі з Саксоніі, Баварыі, Нідэрландаў, Італіі, Францыі, Даніі, але і ўсходніх краін. Кірмаш доўжыўся месяц. А наведвалі яго штогод каля трох тысяч чалавек. Прыбытак казне і жыхарам мястэчка быў вельмі вялікі. Па абароце і шчыльнасці гандлёвых сувязяў кірмаш выходзіў далёка за межы лакальнага рынку. Вось такія былі традыцыі. Дык ці варта на іх забывацца?!

Увасабленне ідэй

Гісторыю свайго кутка ведаць

Забывацца, канешне не варта. Тым больш, у каго не спытаю пра Ганненскі кірмаш, ніхто пра яго не ведае. Таму, напэўна, варта згадаць, якім быў Ганненскі кірмаш, прывілей на правядзенне якога атрымалі Сапегі, а яго росквіт прыпадае на другую палову XVIII стагоддзя, калі Зэльвай валодаў канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега. Кірмаш пачалі праводзіць на Дзень святой Ганны. Адсюль і назва. Доўжыўся ён з 25 ліпеня цягам месяца. На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца галоўная плошча райцэнтра, будаваліся часовыя гандлёвыя паветкі, часам — звычайныя намёты з лазы. Вельмі строга адсочвалася супрацьпажарная дысцыпліна. Камерцыйныя здзелкі, кантракты ладзіліся ў шматлікіх шынках.

Прадаваўся тавар расійскі, еўрапейскі, азіяцкі каланіяльны. Раскупляліся рагатая жывёла, футра, тытунь, мыла, свечкі, посуд, тканіна, нават кнігі… Але галоўным прадметам аптовага гандлю заставаліся коні. Галоўны табун Аляксандра Сапегі складалі жарабцы англійскай, турэцкай, дацкай, неапалітанскай парод (больш за тысячу галоў). З тых часін на гербе Зэльвы — конь як сімвал прыгажосці, моцы і пераможнасці. Было ў мястэчку і казіно з рулеткай. А за права выступіць на кірмашы змагаліся артысты тэатраў, музыканты, цыркачы, балаганшчыкі, фокуснікі, цыганы з дрэсіраванымі мядзведзямі і цыганкі з нязменнымі гадальнымі картамі.

Натуральна, кірмаш збіраў вялікую колькасць злодзеяў, махляроў, канакрадаў, жанчын лёгкіх паводзін, якіх гісторык Андрэй Кіштымаў называе вытанчана “ахвярамі грамадскага тэмпераменту”. Зэльвенцы ўсе гэтыя беды з гатоўнасцю цярпелі, бо мелі магчымасць здаваць гасцям наёмнае жытло, прадаваць ім шматлікія кулінарныя стравы. Гісторык Юзаф Крашэўскі пісаў: “Адзінаццаць месяцаў зэльвенцы марнеюць, а толькі месяц жывуць”. Кажуць, у кірмашовым віры распаўсюджваў сваю “Мужыцкую праўду” Кастусь Каліноўскі.

А што рабіць з тым, што мала хто ведае ў Беларусі пра Ганненскі кірмаш? Рэкламаваць у поўны голас і ўсімі магчымымі сродкамі! Намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка пагаджаецца, што тут недапрацовак яшчэ шмат. Самы час іх выпраўляць. Ад сціпласці ў дадзеным выпадку — ніякай практычнай карысці. Адно толькі — галаўны боль з прычыны нерэалізаваных інфармацыйных магчымасцяў. А пакуль пра нюансы сённяшняга свята не ведаюць нават у Гродзенскім аддзяленні Гандлёвай палаты Рэспублікі Беларусь.

Навуковую аснову падвесці

Дык вось, усю гэтую стракатую кірмашовую прыгажосць мясцовыя работнікі культуры вырашылі рэканструяваць. Другое дыханне адноўлены кірмаш у форме аўтэнтычнага фальклорнага свята займеў у 2010 годзе, калі раён быў вызначаны ў якасці пілотнай пляцоўкі для ажыццяўлення сумеснага праекта Праграмы развіцця ААН і Еўрапейскага саюза “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Зэльва тады атрымала грант. Кірмашовае свята набыла абласны статус.

Але спачатку трэба было сабраць усе звесткі пра Зэльву часін Сапегаў. За справу ўзяліся не толькі навукоўцы, але і бібліятэкары. Каб не іхняя скрупулёзная праца, не было б падстаў для сённяшняй кірмашовай аўтэнтыкі. Як аказалася, да яе вельмі сур’ёзна ставіцца намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянцін Семяняка. “Кожнае свята, — сцвярджае ён, — мы ладзім з абавязковым удзелам навукоўцаў”. Так, навуковыя канферэнцыі падчас кірмашоў сталі традыцыяй. Гаворка вядзецца не толькі пра Зэльву, якую Сапегі называлі графствам, але і пра Дзярэчын, дзе знаходзіўся маёнтак Сапегаў, пра Сынкавіцкую царкву, заснаваную яшчэ Кейстутам… Дарэчы, арганізаваныя групы турыстаў, якія прыязджаюць на кірмаш, могуць наведаць усе гэтыя аб’екты, а спецыяльна падрыхтаваныя валанцёры стануць гідамі і насыцяць вандроўку карыснай фактурай. Няма праблем і з размяшчэннем гасцей. У гарпасёлку — дзве досыць камфортныя гасцініцы (адна — прыватная, ля вадасховішча, дзе праводзіцца ладная частка святочных мерапрыемстваў), а ў раёне — шэсць аграсядзіб.

Свой гонар мець

Навуковыя даследаванні даўніны часін Сапегаў не спыняюцца. Адкрываюцца ўсё новыя і новыя старонкі кірмашовай гісторыі. Гэта дазваляе Галіне Раманчук не паўтарацца ў сцэнарыях свята, адшукваць свежыя рэжысёрскія хады. Валянціна Семяняку такая перспектыва гнуткага развіцця творчага кірмашовага складніку таксама радуе. Але, хоць і творчы ён чалавек, неблагія вершы піша, аднак жа ў першую чаргу — гаспадарнік. Таму Валянцін Міхайлавіч хоча, каб сённяшні кірмаш набыў яшчэ і эканамічнае гучанне. Канешне, не такое выразнае, як стагоддзі таму, але менавіта эканамічнае. Паспрабавалі сабраць коней ці не з усёй рэспублікі. Пра аптовыя продажы гаворка не ішла, але і рознічны гандаль маштабамі не парадаваў. Паспрабавалі аўкцыён “безгаспадарных” будынкаў правесці — таксама амаль безвынікова.

Я, да прыкладу, цудоўна разумею сітуацыю. Фальклорнае свята паводле колішняга Ганненскага кірмашу правесці, ды так, каб кожны жыхар гарпасёлка і раёна хоць штосьці ды зрабіў для гэтага кірмашу, — справа неймаверна цяжкая, але цалкам рэальная. Уключыць жа пры гэтым яшчэ і эканамічныя механізмы — задача, прама скажам, пакуль няпростая. Вырашэнне яе — на стыку ведамасных інтарэсаў. Ды яшчэ пры тым, што летась на Століншчыне прайшоў ужо трэці па ліку конны фестываль “Палеская ніва”. Значыць, трэба сесці з прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі за стол перамоваў, вызначыць прыярытэты, статусы абодвух мерапрыемстваў, іх перспектывы міжнароднага развіцця. Цяжка, складана (Міністэрства сельскай гаспадаркі, наколькі ведаю, асаблівай ініцыятывы тут не праяўляе), але трэба. Гістарычная справядлівасць ды колішні імідж Ганненскага кірмашу вымагаюць. Задача-мінімум — правесці падчас зэльвенскага свята эканамічны форум, што ладзіцца ў Гродне.

Але, па меркаванні старшыні Зэльвенскага райвыканкама Яна Пальчыса, адбылося галоўнае: абудзілася прыватная ініцыятыва жыхароў раёна. Яны навучыліся зарабляць. І ўрэшце леташні кірмаш стаў рэнтабельным. Спрацавалі ў раёне, як у народзе кажуць, так на так. Хоць і даходаў не атрымалі, але і расходы здолелі кампенсаваць. Кірмаш стаў самадастатковым.

Не магу не заўважыць і вось яшчэ што. Пасля першага свята кірмашы пачалі адраджаць і ў іншых раёнах. Справа, безумоўна, неблагая. Але знешні выгляд запрашальнікаў, праграмак, буклетаў быў “запазычаны” ў Зэльвы. І яна пакрыўдзілася, маўляў навошта плагіятам займацца, кожнаму раёну свой гонар трэба мець. Слушна! Аўтарскія правы неабходна адстойваць.

Кожнага ў творчы палон узяць

Падчас свята яго ўдзельнікі пераапранаюцца ў касцюмы па модзе сапегавых часін. Шые льняныя кашулі і сарафаны мясцовае прадпрыемства бытавога абслугоўвання. Людзі ў чаргу становяцца. Камунгас забяспечвае дзейнасць санітарных зон. Прыватныя прадпрымальнікі задоўга да свята прапаноўваюць спонсарскую грашовую падтрымку. Школьнікі збіраюць матэрыялы па мясцовых кулінарных стравах, паводле якіх выдаюцца зборнічкі і з поспехам разыходзяцца з кірмашовых прылаўкаў. Юныя мастакі ДШМ робяць шыльды з новымі назвамі для крам. Эстрадныя і фальклорныя калектывы запрашаюцца нават з замежжа. З усіх куткоў Беларусі ў Зэльву едуць прадстаўнікі конна-спартыўных школ і рыцарскіх клубаў. Стадыён “Колас” пераўтвараецца ў іпадром і ў поле бітваў ды турніраў. Свае адметнасці на галоўнай плошчы гарпасёлка прэзентуюць не толькі сельсаветы, але і сельскагаспадарчыя арганізацыі. Свой унёсак у кірмаш робяць штогод і сельскія ўстановы культуры, і гарпасялковыя. У сувенірах, танцах, вулічных музыкантах і спеваках недахопу свята не мае. Больш фантазіі з’явілася ў мясцовай хлебнай прадукцыі. Больш сістэмна пачаў працаваць зэльвенскі гандаль. Уяўляеце, што за ўсім гэтым стаіць? Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук уяўляе.

За гады існавання вось якімі рэжысёрска-сцэнарнымі цікавосткамі абрастала святочная праграма. Гэтай найперш конкурсы: касцюма, каравая, афармлення балкона жывога дома ў стылістыцы XVIII стагоддзя (Зэльва нагадвала яркую шматковую коўдру), конных вазкоў, відэасюжэтаў на кірмашовую тэму… І памылак пры гэтым было роўна столькі, колькі і перамог.

 

 

Знаёмцеся: асоба!

Чалавек з баянам

/i/content/pi/cult/675/14891/10.jpgЗ музыкантамі вельмі цяжка гаварыць, яшчэ цяжэй — іх зразумець. Але для журналіста першае і другое — задачы непазбежныя і абавязковыя. Каб я быў баяністам (казала ж мне мама: “Ідзі, сынок, у музычную школу!”), мы проста пайгралі б. Я, ён, потым — разам. І прыйшлі б да высновы, што жыццё — нібы нотны аркуш: кожны сам выбірае сабе патрэбныя ноты і акорды, кожны сам складае музыку свайго лёсу.

У Аляксандра Сямёнчыка гэтая музыка — віртуозная і жыццясцвярджальная, нават калі сумная. Ён спрабаваў пісаць песні. Атрымлівалася. Але больш даспадобы вучыць дзяцей. Тлумачэнне — простае. Музыкант, няхай сабе і самадзейны, лепей адчувае жыццё, вакол яго — больш дабрыні, любові, суперажывання. Калі ты музыкант, нервы ў цябе аголеныя, трапяткія… Не буду пералічваць вучняў Аляксандра Баляслававіча, бо іх вельмі шмат. Многія паспелі самі стаць знанымі педагогамі. Словам, межы дабрыні вакол гэтага чалавека з нязменным баянам пастаянна павялічваюцца. На сёння яны акурат з гандлёвую плошчу Ганненскага кірмашу. Калі ён выходзіць з баянам на вуліцу, вуліца пачынае падпяваць яму. Нават коні выгінаюць шыі больш вытанчана і асэнсавана.

А што вы скажаце на гэта: Аляксандр Сямёнчык можа вывесці на кірмаш сямейны квартэт баяністаў. Жонка — Ніла Іванаўна — працуе ў Зэльве музычным кіраўніком дзіцячага садка. Васьмікласніца дачка Наташа — лаўрэат двух міжнародных музычных конкурсаў. Сын Павел (22 гады) вучыцца ў Акадэміі музыкі, адточвае майстэрства ігры і на баяне, і на фартэпіяна (той жа самы баян, толькі на ножках). Адчуваеце, колькі моцы ў іхнім суладным гучанні?! Ці не такіх музыкантаў аб’яднаў Акуджава ў аркестрык Надзеі пад кіраваннем Любові ды Кахання?

І толькі не пытайцеся ў мяне, хто з іх у вольны ад музыкі час варыць боршч. Хто больш вольны, той і варыць. Аляксандр Сямёнчык перакананы, што музыка патрэбна чалавеку тады, калі яму добра і калі кепска. Інакш кажучы, патрэбна заўжды. І дзеля гэтага настаўнік Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў гатовы суткамі вучыцца і вучыць.

А фатаграфавацца і размаўляць з журналістамі ён, мякка кажучы, не вельмі любіць. Эх, як бы мы з ім сыгралі, каб я мог!

 

 

/i/content/pi/cult/675/14891/DSC05384-S.jpgЗамест заканчэння

“Мы гатовы абмяркоўваць супрацоўніцтва!”

Я звязаўся па тэлефоне з намеснікам генеральнага дырэктара Гродзенскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Канстанцінам Кайковым. Ён сапраўды не надта арыентаваўся ў праблемах сённяшнага Ганненскага кірмашу.

Я паспрабаваў давесці мару зэльвенцаў. Абласное кірмашовае свята, што дзейнічае на гандлёвай беластоцкай трасе, мае, падаецца, усе падставы атрымаць у перспектыве не толькі рэспубліканскі, але і міжнародны статус. Што ўрэшце толькі ўмацуе імідж нашай дзяржавы, гатовай на пашырэнне і культурных, і эканамічных стасункаў. Канстанцін Анатольевіч з прыязнасцю зазначыў, што гатовы абмеркаваць з зэльвенскімі ўладамі будучае супрацоўніцтва.

Мінск — Зэльва і Зэльвенскі раён

Гродзенскай вобласці — Мінск / Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"