Спадчына як поле для дыскусій

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Камяні без сэнсаў, якія мы ў іх укладаем, застаюцца ўсяго толькі камянямі
Напрыканцы мінулага года ў Беларускім камітэце ICOMOS змяніўся старшыня. Нечакана для многіх, айчыннае прадстаўніцтва буйной міжнароднай арганізацыі па ахове спадчыны ўзначаліў даволі малады навуковец Сцяпан СТУРЭЙКА. Ён вядомы сваімі неартадаксальнымі поглядамі на тэорыю і практыку аховы, узнаўлення і актуалізацыі культурных набыткаў. Яго нядаўна выдадзеная кніга “Неспакойныя камяні. 9 эсэ для новага разумення архітэктурнай спадчыны” яскрава іх выяўляе, спараджаючы мноства пытанняў.

/i/content/pi/cult/675/14887/sturejka_opt.jpeg— Твая кніга вельмі адрозніваецца ад традыцыйнай навуковай “сухой” манаграфіі. Ды і навукова-папулярнай яе не назавеш. Гэта хутчэй сапраўды зборнік эсэ. Магчыма, нават у нечым і постмадэрновых — з улікам усіх кантэкстуальных змяшчэнняў сэнсаў і гіпертэкстуальных адсылак. Чаму твой погляд на спадчыну набыў менавіта такую форму?

— Па-першае, я лічу яе цікавай і запатрабаванай. Па-другое, як даследчык, я лепей пачуваюся не ў мясцовым, а ў еўрапейскім кантэксце, усяляк імкнучыся выходзіць па-за рамкі ўнутрыбеларускасці. Я шмат чытаю пра спадчыну на англійскай мове, на польскай, часам на чэшскай. І мушу адзначыць, што тамтэйшыя сур’ёзныя выданні не падпадаюць пад нашы стандарты акадэмічных тэкстаў. Сучасная заходняя гуманітарыстыка — найперш прастора выказванняў, часам правакацыйных, якія пакліканы не столькі адказваць на пытанні ці асвятляць тэму энцыклапедычна, “ад і да”, колькі, наадварот, тыя пытанні паставіць.

Разумееш, галоўная праблема ў абмеркаванні праблематыкі спадчыны — пошук сэнсаў. Тое, пра што я пішу ў кнізе — гэта шмат у чым трансляцыя заходняга досведу разумення спадчыны і пераклад яго на нашу ментальную мову. Часам нам здаецца, што ў іх усё лепш ды інакш — але найперш таму, што яны проста раней пра гэта напісалі. Бо спадчына — гэта ж не камяні, гэта тое, што пра іх напісалі. Гэта — сэнсы! І там яны былі сканструяваныя раней. Таму нам і здаецца, нібы яны наперадзе.

— Такім чынам, пра што ж атрымалася твая кніга, калі яна — не акадэмічны падручнік па рэстаўрацыі? Пра пытанні самому сабе?

— Я пачынаю на гэта адказваць адразу ж ва ўводзінах. Пішу пра тое, што кніга — гэта зварот да пакуль адсутнага. Але верыцца, што менавіта за ім будучыня. Традыцыі такой пастаноўкі праблемы і такога спосабу маўлення пра спадчыну, якую я практыкую, у нас пакуль няма і ў гэтым сэнсе я — шчаслівы чалавек, бо знайшоў штосьці новае. Так, быць першым пачэсна. Адзіная праблема, што акадэмічная дзейнасць складаецца з дыскусіі, з параўнанняў, са спрэчак… Але пакуль я адзіны, дыскутаваць няма з кім. Таму спадзяюся, што хутка гэтае поле нарасце.

— У чым, на тваю думку, асаблівасць беларускай рэстаўрацыі? Ці можна казаць пра яе школу?

— Няма ніякай уласна беларускай спецыфікі ў рэстаўрацыі. Тыя працэсы, якія тут адбываюцца — абсалютна ўсе стандартныя і “мадэльныя”. Нічога такога няма ў нас, чаго б не было ва Украіне, Расіі, Польшчы, Чэхіі... Ва ўсіх гэтых краінах рэстаўратары знаходзяцца ў аднолькавых умовах і іх камунікацыйнае поле таксама
аднолькавае. Усюды важна, хто робіць, што і з якой матывацыяй. Важна, хто з’яўляецца ўпаўнаважаным прымаць рашэнні і ўплываць на іх, чыё меркаванне прыярытэтнае. І як выбудоўваецца механізм прыняцця гэтых рашэнняў.

Больш за тое, і нашы дасягненні, і заганы — таксама тыповыя. Паглядзім на тую ж Вільню. “Барацьба” за спадчыну з цягам часу спалучыла на адной пляцоўцы і капітальна адрэстаўраваны ў пачатку ХІХ стагоддзя Кафедральны сабор, і “гіпатэтычную” рэканструкцыю вежы Гедыміна ў Міжваенне, і кансервацыю за савецкімі часамі парэштак Верхняга замка, і цяперашняе “аднаўленне” Ніжняга. Ніхто з аўтараў кожнага з праектаў не мог нават уявіць агульны выгляд атрыманага “ансамбля”. Хіба гэта нічога не нагадвае з беларускіх практык?

— Але тут ідзе гаворка пра Усходнюю Еўропу…

— Зразумела, чым далей ад Беларусі, тым больш з’яўляецца пэўнай спецыфікі. Але і гэтыя адрозненні непрынцыповыя. Таму што феномен росту колькасці помнікаў і “бум спадчыны”, калі ў апошнія дзесяцігоддзі спісы каштоўнасцяў сталі расці да неверагодных памераў, — гэта новае і для нас, і для Захаду. У іх, магчыма, больш адпрацаваная тэхналогія рэстаўрацыі і прыняцця рашэнняў, але з “бумам спадчыны” мы сутыкнуліся адначасова, і гэта нас ураўноўвае.

— Рэстаўрацыя ў тваёй кнізе выяўляецца пэўнай формай рэцэнзіі на помнік спадчыны. Адпаведна, сама кніга — рэцэнзія на рэцэнзію?

— І ў Беларусі, і ва Усходняй Еўропе, і ў іншых постсацыялістычных краінах мы стаім на такім вітку развіцця рэстаўрацыйнай работы, што ўвесь ранейшы інструментарый абыходжання са спадчынай, “заточаны” пад старыя сэнсы, ужо не спрацоўвае. Грамадства вельмі моцна мяняецца. А спадчына — гэта ж не рэч у сабе, якая месціцца ў вакууме.

Як прыклад — тая ж Каложская царква ў Гродне. Яна — сапраўдны выклік для рэстаўратараў і ўсіх абаронцаў спадчыны. Не столькі на тэхнічным узроўні, колькі менавіта на ўзроўні пошукаў сэнсаў. Пачнем з самага пачатку: як датаваць помнік? Ацалелая “мураваная” частка спрэс складаецца з размаітых фрагментаў, якія былі дададзеныя ў розныя часы. Ці карэктна тады ўзнаўляць храм менавіта на ўзор ХІІ стагоддзя і цалкам забыцца на элементы іншых часоў? Я мяркую, што больш дарэчным было б прызнаць храм сведчаннем 800-гадовай практыкі перабудовы і абнаўлення. Менавіта з гэтага мусіць сыходзіць канцэпцыя яе захавання.

У выніку шматлікіх канфліктаў і спрэчак спадчына пераўтвараецца ў досыць праблемнае поле. Я пішу пра спадчыну як поле камунікацый, але ж насамрэч сёння — гэта поле канфлікту! Так атрымалася, што ў нас асноўны рэжым камунікацый — менавіта рэжым канфлікту.

— Канфлікту каго з кім?

— Усіх, хто лічыць сябе легітымным выказвацца на гэты конт. Канфігурацыі могуць быць вельмі розныя — канфлікт рэстаўратараў з рэстаўратарамі, рэстаўратараў з гісторыкамі, археолагаў з чыноўнікамі, чыноўнікаў з грамадзянскай супольнасцю. Вельмі часта спрэчкі пра спадчыну і яе абарону — перадусім барацьба кампетэнцый: хто + мае большае права прымаць рашэнні адносна нейкага канкрэтнага помніка. Актывісты, даследчыкі, уладныя структуры? Заўсёды ёсць супрацьпастаўленне тэарэтыкаў-ідэалістаў, архітэктараў-праекціроўшчыкаў і прагматыкаў-менеджараў.

І таму тут не абысціся без пастаноўкі глабальных пытанняў. Справа ў тым, што пры больш блізкім поглядзе на пэўныя помнікі — тыя ж Нясвіжскі, Лідскі ці Навагрудскі замкі — можна ўбачыць, што яны ўжо даўно ператварыліся ў “караблі Тэсея”, у якіх у выніку перманентных рамонтаў усе часткі былі замененыя на новыя. Пры гэтым кожная такая “рэстаўрацыя” пакідала ўсё менш і менш аўтэнтыкі. Усе, хто выказваецца пра рэстаўрацыю, лічаць яе неабходнай, але яна — і ёсць месцам нараджэння канфлікту. Таму адно з такіх філасофскіх пытанняў — што ж мы ахоўваем і захоўваем? Лічу, без адказу на яго мы не зможам зрабіць наступных хадоў.

— Ці не баішся ты быць абвінавачаным у ментарстве і высакалобым павучанні? Пры тым, што кожны “практык” мог бы цябе ўшчучыць: маўляў, а дзе твае ўласныя праекты?

— Не толькі мог бы, але і ўжо “ўшчучваюць”. Такія прэтэнзіі былі, ёсць і будуць. У мяне іншая прафесійная ідэнтычнасць — я выступаю як даследчык, як чалавек, якому цікава больш зразумець пра спадчыну. І нічога страшнага, што кніга не дае канкрэтных адказаў — яна пашырае разуменне. Але калі вам не хочацца пашыраць уласнае разуменне — проста не чытайце.

— На вялікі жаль, апошнім часам не вельмі часта чутно пра дзейнасць Беларускага камітэта ICOMOS — за выключэннем хіба штогадовага Фэсту экскурсаводаў, у якім ён выступае суарганізатарам. Але ж я ведаю, што ваша праца гэтым не абмяжоўваецца.

— Сапраўды, пра ICOMOS было мала чуваць, але я не бачу ў гэтым надта вялікую праблему. Бо камітэт — перадусім экспертная арганізацыя, якая і не павінна рабіць гучных заяў. Яна мусіць пазбягаць канфліктаў, прапагандаваць лепшыя практыкі работы са спадчынай і выбудоўваць разуменне таго, якія з іх нам падыходзяць. Такая дзейнасць проста не можа быць гучнай. Але гэта не азначае, што Беларускі камітэт ICOMOS павінен зусім сысці ў падполле. І праекты, якія мы плануем, будуць звязаныя і з рэстаўрацыяй, і са стварэннем музейных экспазіцый, і з работай з мясцовымі супольнасцямі. Тут я буду выступаць у ролі арганізатара, які выбудоўвае камунікацыю паміж рознымі ўдзельнікамі.

— Тады пару словаў пра тваю “выбарчую праграму”.

— На з’ездзе, дзе мяне абралі, я агучыў тры прыярытэтныя кірункі развіцця арганізацыі. Па-першае, гэта акурат павышэнне пазнавальнасці і бачнасці арганізацыі. Па-другое, работа з рэсурсамі. І тут ідзе гаворка не толькі пра фандрайзінг, хаця і пра гэта таксама. Я маю на ўвазе яшчэ і сацыяльны капітал, пошук партнёраў, выбудову адносін з дзяржаўнымі ўстановамі ў рэгіёнах, з іншымі рэстаўратарамі, з музеямі. Па-трэцяе — тут я ўжо транслюю ўласную ідэнтычнасць, — арганізацыя мусіць стаць агентам новага мыслення пра спадчыну.

Гэта значыць, разумення таго, што спадчына — нешта большае за проста матэрыяльныя аб’екты, яна не павінна цалкам атаясамлівацца з мінулым, якое заўсёды ў пэўнай меры зміфалагізаванае. Яна — не проста прыгожыя камяні, а пасланне, інфармацыя, якая перадаецца і якая звязаная з цяперашнім больш, чым з гісторыяй. І самае галоўнае: новае мысленне пра спадчыну — гэта разуменне таго, што яна можа быць актуалізаваная, “створаная”, ці, наадварот, ёй можа быць “адмоўлена” ў праве на існаванне. Тут усё залежыць ад таго, хто гэтым займаецца.