Фэст на хвалу Божую

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

У Беларусі ладзіцца нямала розных імпрэзаў, што спалучаюць культуру і хрысціянства — у тым ліку, і прадстаўнічы міжнародны фэст духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Але такія форумы арыентаваны на адзін від мастацтва, iншыя там калі і прадстаўлены, дык мала і вельмі выбарачна. На мой погляд, наспеў час аб’яднаць на роўных правах лепшыя ўзоры самых розных відаў і жанраў — музычнага, танцавальнага, выяўленчага, кіно- і тэатральнага — у рамках аднаго буйнога мерапрыемства. Пры гэтым, не ставячы ніякіх канфесійных бар’ераў.

/i/content/pi/cult/675/14885/DSCN5800_opt.jpegАляксандр ВІСЛАЎСКІ, спявак, аўтар песень, мультыінструменталіст, выкладчык вакалу і джазавага фартэпіяна

Таму калі мне прапанавалі ўзначаліць міжканфесійны Фестываль хрысціянскай культуры Беларусі “Будзь праслаўлены, Госпадзе”, я з радасцю пагадзіўся. Ён пройдзе 11 — 12 жніўня на адкрытым паветры — у цудоўным парку аграгарадка Беразінскае Маладзечанскага раёна. Праграму складуць класічная, харавая, арганная і сучасная музыка, выступленні танцавальных і тэатральных калектываў, мастацкія выставы. Будзе дэманстравацца і ўнікальная калекцыя Біблій, прадастаўленая прыватным збіральнікам.

Зараз заканчваецца адбор да фестывалю — праглядаюцца артысты розных узростаў (пачынаючы ад маленькіх дзяцей і заканчваючы людзьмі сталымі), выбіраюцца мастацкія творы. Сярод гасцей мерапрыемства гледачы ўбачаць, напрыклад, Аляксандра Патліса (мяркуецца, што ён стане і вядучым iмпрэзы), спявачку з Латвіі Санту Данілевіч, магчыма, Валерыя Дайнэку. Вядуцца перамовы і з тэнарам сусветнага ўзроўню, імя якога агучваць пакуль рана. А ўзначаліць журы пагадзілася Ядвіга Паплаўская.

Так-так, удзельнікі фэсту будуць з’яўляцца і як бы канкурсантамі, але судзіць іх будуць вельмі мякка: месцаў ніякіх прысуджаць не стануць і без узнагарод — спецыяльных статуэтак — не з’едзе ніхто! Алесь Камоцкі піша для форуму гімн, а ў лютым яго ўвасобяць у кліпе — песню выканаюць некаторыя ўдзельнікі фэсту. Па задумцы павінна атрымацца нешта накшталт знакамітага нумара We Are the World. Дарэчы, на фестывалі выступіць камерны хор, рэпертуар якога складуць музычныя творы, прыналежныя да розных канфесій, прычым аранжыроўкі іх будуць вытрыманы ў сучасным духу — прыблюзаваным, прыджазаваным. Кіраваць калектывам даручылі таксама мне.

Мы загадзя імкнёмся вырашыць і хваравітыя для падобных фэстаў пытанні інфраструктуры: камфортнае размяшчэнне ўдзельнікаў, гасцей, гледачоў, кавярні, біяпрыбіральні... Радуе і ўвага СМІ, якая праяўляецца да фэсту ўжо сёння. Фіксаваць iмпрэзу на камеры будуць тры тэлевізійныя кампаніі — з Беларусі (адзін з цэнтральных каналаў), Ізраіля і Расіі. Беларускія кінематаграфісты здымуць пра форум дакументальны фільм.

Мне думаецца, што гэты фестываль абавязкова стане яшчэ адной пляцоўкай, з якой Беларусь заявіць усяму свету аб сваёй міралюбнай палітыцы, накіраванай на ўмацаванне дружбы паміж народамі, а ў гэтым канкрэтным выпадку — пра гатоўнасць праз духоўна-культурныя традыцыі і каштоўнасці стаць мастком павагі і талерантнасці, дыялогу і салідарнасці паміж хрысціянамі розных канфесій. Вельмі разлічваю і на тое, што форум выявіць па-сапраўднаму адораных творцаў, якія працуюць у розных відах мастацтва. Праведзены кастынг ужо дазваляе на гэта спадзявацца.