Бязмерныя берагі эпохі Юрыя Васільева

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

18 студзеня 2018 года пайшоў з жыцця выбітны фатограф, педагог, грамадскі дзеяч Юрый Сяргеевіч Васільеў. Адзін з заснавальнікаў і знакавых асобаў фотаклуба “Мінск”. Мастацкі кіраўнік галерэі “Свет фатаграфіі”. Ганаровы сябра Беларускага аб’яднання фатографаў. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Сябра рэдкалегіі газеты “Культура”.

/i/content/pi/cult/675/14883/2.jpgЮрый Сяргеевіч з’яўляўся фігурай, якая аб’ядноўвала ўсе пакаленні фатографаў. Яго аўтарытэт быў непахісным, бо ў сваёй постаці ён спалучаў майстэрства фатографа, ключавыя якасці лідара, педагога, інтэлігентнасць і адкрытасць адукаванага чалавека.

У першую чаргу Юрый Сяргеевіч пазіцыяніраваў сябе як грамадскі дзеяч. Бо менавіта на яго рахунку былі такія выбітныя з’явы, як праект “Выстава фатаграфікі ў Мінску” (1971 — 1989), што прагучаў на ўвесь Савецкі Саюз, склаўшы славу савецкай беларускай фатаграфіі; цыкл перадач “Фотапанарама” на Беларускім тэлебачанні ў 1970-х гадах, плённая педагагічная дзейнасць, куратарства галерэі “Свет фатаграфіі”, несупынная даследчая праца, прамоцыя беларускай фатаграфіі… Ён паклаў справе папулярызацыі фота ўсё сваё жыццё. Адным з яго памкненняў было стварэнне Музея фатаграфіі ў Мінску. На жаль, гэтай мары мастака так і не ўдалося ажыццявіцца.

/i/content/pi/cult/675/14883/DSC_0760-S.jpgЮрый Сяргеевіч палымяна пісаў пра фатаграфію — толькі пазалетась з яго ўдзелам у газеце “Культура” была адкрыта рубрыка — “Беларуская фатаграфія. Імёны”. Ён не толькі распавядаў пра здымкі, але і збіраў іх — быў уладальнікам адной з найцікавейшых калекцый работ выбітных фатографаў Савецкага Саюза.

Грамадская дзейнасць ніяк не паўплывала на яго тонкае пачуццё мастака. Працы Юрыя Сяргеевіча вылучаюцца вялікай фатаграфічнай культурай, сузіральнай інтанацыяй і глыбінёй. Яны простыя і зразумелыя, аднак напоўнены сэнсам, пачуццём, прыгажосцю. Тым, што можна назваць праўдай. Жыцця. Чалавека.

Шырока вядомая серыя Юрыя Васільева — “Кіжы” 1972 года. Але, акрамя старых прац, мне хочацца ўзгадаць адну з яго апошніх серый — “Берагі”, якая цалкам пацвердзіла творчую форму майстра, прадэманстравала яго талент тонкага назіральніка і мастака.

Успамінаюцца словы фатографа, якія ён казаў у дачыненні да свайго сябра і паплечніка Яўгена Казюлі: “Яўген Карпавіч сабой эпоху і прыкрыў”. На маю думку, яны цалкам справядлівыя і ў адрас самога Юрыя Сяргеевіча. Ён стаў фігурай, якая аб’яднала ўсе пакаленні фатаграфіі, захавала эпоху і перадала досвед пра яе свайму атачэнню і паслядоўнікам.

/i/content/pi/cult/675/14883/DSC_0762-S.jpg

 

Калектыў рэдакцыі “К” глыбока смуткуе з прычыны сыходу майстра і выказвае свае шчырыя спачуванні родным, блізкім і калегам фатографа.


Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"