Дзе твой даспех, Радзівіл?

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

У хуткім часе наведвальнікі Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў здолеюць убачыць на свае вочы хаця б малюткую частку ўнікальнай калекцыі магнацкага роду. Як паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Егарэйчанка, заключана папярэдняя дамова з музеем у Кембрыджы, які прадаставіць на дэпазітнае захоўванне з дзясятак узораў зброі і даспехаў. У родныя сцены яны вернуцца толькі часова — тэрмінам прыкладна на чатыры гады. Гэтае пагадненне стала рэальным плёнам мэтанакіраванай работы супрацоўнікаў музея па вывучэнні радзівілаўскіх збораў і знаёмстве з імі беларускай аўдыторыі.

/i/content/pi/cult/675/14881/bart20170531171053_opt.jpegСяргей Егарэйчанка — адзін з сёлетніх лаўрэатаў Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Узнагарода, атрыманая за выданне кнігі-альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспеха” — вынік доўгай працы па сістэматызацыі, класіфікацыі і пошуку прадметаў адной з калекцый былых уладальнікаў Нясвіжа. У першую чаргу тут варта вылучыць менавіта слова “пошук”, бо пра лёс многіх артэфактаў навукоўцы даведаліся толькі нядаўна.

— Уся справа ў тым, што калекцыя даспехаў і зброі Радзівілаў лічылася калісьці адным з самых буйных збораў ва Усходняй Еўропе, — распавёў “К” Сяргей Егарэйчанка. — Яна налічвала сотні, калі не тысячы ўнікальных экспанатаў. На жаль, з такога надзвычайнага багацця на тэрыторыі нашай краіны не засталося амаль нічога. Цяпер гэтыя прадметы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях па ўсім свеце.

Па словах суразмоўцы, некалькі гадоў ішла напружаная праца па пошуку прадметаў з калекцыі па ўсім свеце. Як аказалася, большая частка радзівілаўскіх збораў пайшла з малатка на аўкцыёнах Chrіstіe’s у 1926 і 1927 гадах, а таксама аўкцыёне, арганізаваным Амерыканскай асацыяцыяй мастацтваў у Нью-Ёрку ў 1928 годзе. Тады было прададзена больш як 230 прадметаў, якія трапілі ў музеі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі.

Цяпер, пасля выдання кнігі-альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспеха”, кожны ахвотны можа ўбачыць тыя багацці, якія ўдалося знайсці, а таксама даведацца, у якіх музеях свету ці прыватных калекцыях знаходзяцца гэтыя скарбы, і ацаніць страты. А магчыма, і прыкласці намаганні для вяртання некаторых прадметаў у Беларусь. На шчасце, зрэдку апошняе ўдаецца зрабіць.

— Напрыклад, адзін арыгінальны даспех Радзівілаў не так даўно вярнуўся ў сцены Нясвіжскага замка, — кажа Сяргей Егарэйчанка. — Упершыню за апошнія 90 гадоў! Таму гэта сапраўдная падзея як для беларускіх навукоўцаў, так і для калектыву музея.

Па яго словах, вернуты даспех Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі таксама быў прададзены на аўкцыёне 1926 года. Тады ён трапіў у прыватны збор амерыканскага калекцыянера Джона Хігінса і знаходзіўся ў горадзе Вустэр, штат Масачусетс. Некалькі гадоў таму апякунскі савет калекцыі прыняў рашэнне распрадаць частку прадметаў. На шчасце, туды трапіў і радзівілаўскі даспех.

— Мы хутка зарыентаваліся і змаглі набыць яго на аўкцыёне, — патлумачыў Сяргей Егарэйчанка.

Па словах візаві, праца над пошукам прадметаў з калекцыі Радзівілаў будзе абавязкова працягнута. Справа ў тым, што на аўкцыёнах у 1920-я гады “засвяціўся” 231 прадмет, а інфармацыя знойдзена пакуль толькі недзе пра 140. Таксама шмат артэфактаў было страчана ў 1813 годзе і падчас абедзвюх Сусветных войнаў. Дзе многія прадметы знаходзяцца цяпер, у якіх музеях і краінах, ці можна вярнуць гэтую зброю і даспехі на Радзіму — вось тыя пытанні, якія хвалююць Сяргея Егарэйчанку.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"