Аверс і рэверс манетнага дызайну

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Наша сустрэча са Святланай ЗАСКЕВІЧ — мастаком Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь — адбылася 5 чэрвеня, у Дзень памяці Святой Еўфрасінні Полацкай. Святлана заўважыла, што гэта для яе зусім не выпадковасць: першая манета, створаная Святланай, была прысвечана 900-годдзю беларускай асветніцы. І пасля святая нібыта вяла дзяўчыну: праз некалькі гадоў дызайнер стварыла новую манету, дзе адлюстравала беларускую святыню — знакаміты Крыж Еўфрасінні Полацкай. Святлана прыйшла працаваць у галоўны банк краіны пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і даволі хутка дасягнула творчых вынікаў: манеты і медалі, створаныя ёй, адна за адной адзначаліся на прэстыжных міжнародных конкурсах.

 /i/content/pi/cult/165/1488/Manety1.jpg
— Я з ранняга дзяцінства пачала маляваць,—
прыгадвае Святлана Заскевіч, — было жаданне, ды і цікава было. А ў дзесяцігадовым узросце пайшла вучыцца ў выяўленчую студыю. Чатыры гады займалася ў мастацкай школе, потым у мастацкім вучылішчы, а затым паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на аддзяленне дызайну. Чамусьці цягнула да нечага прыкладнога. Такім чынам, мой навучэнцкі стаж складае ажно 14 гадоў.
— Як дызайнер вы існуяце ў сваім ўласным свеце, які, да ўсяго, можаце нават адлюстраваць... Цікава, чым вы малюеце: алоўкам, фарбамі або з дапамогай камп’ютэра?
— Свае эскізы я ствараю на камп’ютэры. Можна, вядома, і маляваць фарбамі, алоўкамі — ды як заўгодна. Камп’ютэр жа сінтэзуе ў сабе ўсё, аблягчаючы задачу мастака. Урэшце, на ім зручна працаваць.
— Чаму прысвячалася ваша дыпломная праца?
— Дыпломную працу “Каляндар антрапаграфіі” я выконвала разам з сакурсніцай Дар’яй Чарняўскай. У праекце мы адлюстравалі фрагменты цела чалавека, якія не пазнаваліся відавочна, а былі выпісаны ў выглядзе пейзажу або ландшафту. Усе 12 сюжэтаў прывязваліся да вершаў Іосіфа Бродскага. Асаблівасць гэтай работы — неабмежаванасць патрабаваннямі заказчыка.
— А з чаго пачалі сваю “мастацкую” дзейнасць у сферы фінансаў?
— Я восьмы год працую ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь. Прыйшоўшы з калектыву, дзе вакол мастакі, адразу адчуваеш, што эканамісты — іншы тып людзей. Спачатку было даволі складана прыстасавацца і перабудавацца да новага асяродку. Але ўжо з першага атрыманага задання — зрабіць эскіз манеты, прысвечанай святой Еўфрасінні Полацкай, — мне было цікава працаваць. Працуючы над вобразам асветніцы, пачала збіраць неабходную інфармацыю, пабывала ў Полацку, наведала Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе манашкі распавялі мне пра жыццё святой. У мяне было нават блаславенне, каб фатаграфаваць, вывучаць матэрыял. Вандроўка ў старажытны Полацк сапраўды дала шмат. Бо да паездкі ў мяне быў адзін эскіз, а пасля вяртання ў Мінск я распрацавала іншы на падставе атрыманых ведаў. Тады і ўсвядоміла, як трэба працаваць: ехаць на аб’ект, збіраць інфармацыю — і ствараць.
— А якія вашы ўражанніад працы над манетай, прысвечанай Крыжу Еўфрасінні Полацкай?
— Найперш, рабіць такія манеты — вялікі гонар. Для Беларусі Еўфрасіння Полацкая — сімвал. Калі ж мне далі заказ — выканаць эскіз манеты з выявай Крыжа Еўфрасінні Полацкай, — я была ўзрушана. Адна з самых найвялікшых святыняў Беларусі вартая, каб быць на манеце. Ды і для манеты пачэсна несці выяву Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Гэтая работа выканана з каштоўнага металу — якасная імітацыя крыжа, у якой прысутнічае пазалота. Камяні падабраны па колеры ў той колькасці, якія мае сапраўдны крыж. На аверсе манеты — адлюстраванне храма, пабудаванага асветніцай.
 /i/content/pi/cult/165/1488/Manety2.jpg

— Цікава, ці існуюць нейкія “манетныя конкурсы”? Якое прадстаўніцтва там маюць беларускія работы?
— Конкурсы, вядома, існуюць. Напрыклад, мая праца, прысвечаная беларускаму балету, на прэстыжным нумізматычным конкурсе ў Сан-Францыска, дзе ўдзельнічала 37 краін свету, атрымала тытул “Манета года”. Там жа яшчэ адна наша работа — “Лебедзь-шыпун” — перамагла ў намінацыі “Каралеўская манета”. Летась на тым жа Міжнародным конкурсе ў Сан-Францыска перамагла манета “Вялікдзень” з серыі “Святы і абрады беларусаў”, над гэтым цыклам і цяпер працягваю працу. Дарэчы, існуе яшчэ адзін міжнародны конкурс — “Манетнае сузор’е”, які пачала нядаўна праводзіць Расія. Наш дызайнер Святлана Някрасава на ім летась была ўзнагароджана прызам за работу “Сокал-сапсан”, названую лепшай залатой манетай года. У італьянскім горадзе Вічэнца мастачка на міжнародным конкурсе атрымала другое месца за манету “Тысяча і адна ноч”.
— Падаецца, вы любіце падарожнічаць, бываць у розных гарадах, мясцінах, сустракацца з цікавымі людзьмі. Як убачанае трансфармуецца і адлюстроўваецца ў работах?
— Больш за ўсё люблю беларускую прыроду. Калі глядзіш на яе — хочацца пісаць эцюды. Мне падабаецца падарожнічаць, і не толькі па Беларусі. Як мастака мяне асабліва ўразіла Італія: славутасці Рыма, Венецыі, Равэны, класічная архітэктура і творы выяўленчага мастацтва. Думаю, што ўбачанае сінтэзуецца, трансфармуецца і ў штосьці потым выльецца. Наогул, знаёмства з рознымі культурамі дае магчымасць адчуць больш глыбока нашу. Мастак жа павінен накопліваць інфармацыю, натхняцца, бо інфармацыйны вакуум адмоўна адбіваецца на яго творчасці. Кнігі — добра, але хочацца новых адчуванняў: пахаў, фактуры, асвятлення, чаго не пабачыш на фота. Гэта ўбачыла ў Ватыкане, што з аднаго пэўнага пунктаўсе калоны выстройваюцца ў адзін шэраг, дзе чалавек, аднак, адчувае сябе ўтульна. Відавочныя і дэталёвая прапрацоўка элементаў, багацце роспісу, мазаік. Ты тут нібы “саўдзельнік” архітэктурнай падзеі.
 /i/content/pi/cult/165/1488/Manety3.jpg
— Калі б ішла размова аб прэзентацыі вашай уласнай мастацкай выстаўкі, якія б работы вы прадставілі
на ёй?
— Мая цяперашняя праца займае шмат часу. Хаця не пакідаю мары напісаць у адпачынку жывапісныя работы. А вось фота я даўно займаюся: яшчэ ў Акадэміі мастацтваў захапілася фотаздымкамі. Цяпер зроблены серыі, прысвечаныя балету, Мінску, прыродзе, усяму таму, што існуе побач рэальна і захапляе... Я мяркую прысвяціць выстаўку балету. А што да манет, дызайн якіх давялося выконваць, яны экспануюцца ў музеі Нацыянальнага банка.
— Ствараць манеты — рэдкая спецыяльнасць. У чым яе спецыфіка і асаблівасці падрыхтоўкі?
— У нашай Акадэміі мастацтваў даюць будучым мастакам тыя асновы, якія можна потым выкарыстаць і ў дызайне манет, і пры стварэнні эскізаў адзення, аўтамабіляў, мэблі. Гэта — аснова кампазіцыі, фарміраванне густу, колеразнаўства. Увогуле, выключна дызайнам манет у Беларусі займаюцца толькі тры мастакі. Усе яны працуюць у Нацыянальным банку, усе скончылі Акадэмію мастацтваў.
— У чым асаблівасць дызайну манет?— Відаць, у тым, што ў маленькі кружочак (а дыяметрам манеты розныя — ад 1,3 да 10 сантыметраў, у асноўным — 3,96 сантыметра) трэба ўкласці ўсю інфармацыю па зададзенай тэме. Склаўся пэўны стандарт. У інфармацыі на манетах не павінна быць нічога лішняга. Трэба так прапрацаваць тэму, каб яна была арганічна пададзена. Ёсць і пэўныя каноны, звязаныя з размяшчэннем элементаў. Дызайнер нясе поўную адказнасць за тое, што паказваецца на манеце. Нярэдка тэма для дызайнера незнаёмая: ён яе вывучае, можна сказаць, з нуля, наладжвае стасункі з тымі людзьмі, якія могуць несці пэўную інфармацыю.
У манетах адлюстроўваюцца спартыўная тэма, архітэктура, персаналіі, гісторыя, культура, традыцыі, казкі, абрады — Нацыянальны банк выпускае шмат серый. Штогод — 10-15 манет. А я за гады сваёй працы стварыла больш за 40. Гэтае мастацтва своеасаблівае, а манеты, як вядома, — чацвёрты сімвал дзяржавы: на іх абавязкова павінны быць герб, назва дзяржавы, намінал, год выпуску. Усё гэта знаходзіцца на аверсе — галоўным баку. А на рэверсе змяшчаецца асноўная тэматыка. Надпіс на саміх манетах называецца “легенда”. Пасля стварэння эскіза мастакі перадаюць эстафету манетным дварам. У Беларусі няма ўласнага манетнага двара, таму нашы заказы выконваюць у Польшчы, Расіі, Казахстане, Літве, Швейцарыі, Германіі. Нумізматы звычайна чакаюць з нецярпеннем навінкі. Цікавяцца нашымі манетамі і замежныя збіральнікі. У нас тыражы маленькія, і таму мець беларускую манету для іх — вялікая ўдача, бо за мяжой нашы навінкі — рарытэты.
— Якія ўзоры манет падабаюцца асабіста вам?
— Я вывучаю сучасныя манеты. Яны настолькі цікавыя, там такая разнастайнасць ва ўсім, столькі новага, такія сур’ёзныя матэрыялы выкарыстоўваюцца! Галаграму выкарыстоўваюць,устаўкі з часцінкамі розных рэчываў уклейваюць: кавалачкі кафлі, бурштын, каштоўныя камяні... Сучасныя тэхналогіі дазваляюць рабіць манеты з двух сплаваў. І формы яны набываюць зараз і квадратныя, і трохвугольныя, і шматвугольныя... 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА