Ментальнасць краю — у яго краявідах

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

15 студзеня 80-я ўгодкі адсвяткавалі чатыры беларускія вобласці — Віцебская, Магілёўская, Гомельская і Мінская. Юбілей стаў нагодай для шматлікіх культурных праектаў, што будуць доўжыцца яшчэ не адзін тыдзень. Выстава ў Віцебскім мастацкім музеі, якая адкрыла шэраг святочных падзей у сваёй вобласці, засведчыла, што край, які асацыюецца з імёнамі Пэна, Шагала, Азгура, Шчамялёва, спарадзіў і цэлую плеяду іншых таленавітых творцаў. Без сумневу, адзін з найлепшых спосабаў рэпрэзентаваць родную зямлю — паказаць яе вачыма мастакоў.

/i/content/pi/cult/675/14879/SH.jpgАзёры, рэкі ці нават сажалкі прысутнічаюць у мностве з прадстаўленых на выставе твораў, як жывапісных, так і акварэльных. Большасць работ — менавіта пейзажы, куды радзей сустракаюцца нацюрморты. І ўсе яны перадаюць успрыманне свету з пазіцыі беларуса як “натуральнага чалавека”. У шэрагу карцін панаванне воднай стыхіі выяўляецца ў выглядзе снегу — тэма, упадабаная многімі жывапісцамі Віцебшчыны. Пры гэтым мы бачым тую ж заспакоенасць і сузіральна-медытатыўную роўнядзь “воднай цвердзі”. Стыхіі Зямлі і Вады ўсюды знаходзяцца ў дасканалым саюзе, што абумоўлівае асаблівы настрой карцін — як быццам, сон наяве. Гэта надае творам відавочна пазагістарычны, дакладней нават будзе сказаць — надгістарычны характар.

Калі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў гаварыў на адкрыцці выставы пра сувязь пакаленняў мастакоў Віцебшчыны, было зразумела, што, дзякуючы менавіта надгістарычнасці рэгіёна, дзе час ператвараецца ў прастору, такая лучнасць з’яўляецца абсалютна натуральнай.

Цікава, што тэма вады закранутая часам зусім непрадказальным чынам. Адзін з найстарэйшых мастакоў Віцебшчыны Уладзімір Вітко, якога ў сваіх колах называюць “наш Уладзімір Ільіч”, адлюстроўвае складаныя ўмовы пасляваеннага побыту. У падвалы, дзе знаходзіліся майстэрні, падымалася вада, і, калі калегі з Мінска прыходзілі да яго, яны дзівіліся нечаканай сустрэчы з той стыхіяй. Тым не менш, як адзначыў Уладзімір Вітко, ніякія нягоды не маглі парушыць атмасферу высокай духоўнасці і адданасці мастацтву, якая панавала ў тыя часы.

/i/content/pi/cult/675/14879/_DSC2930-S.jpg

Фота Сяргея СЕРАБРО.

У цэнтры экспазіцыі — палатно мастака Анатоля Толкача “Віцебшчына”, напісанае ў 1970-я гады. Хоць карціна створана з натуры, зыходзячы з яе назвы, для мастака было не так важна падкрэсліваць канкрэтыку месца. Мы бачым вясковы пейзаж, выпісаны вельмі падрабязна. Збоку затаіліся, нібыта схаваліся, два храмы розных канфесій. Нягледзячы на тагачаснае панаванне афіцыйнага атэізму, мастак здолеў выявіць характэрнае для Віцебшчыны суіснаванне і ўзаемапранікненне традыцый, якое спакон веку ўзбагачае нашу культуру. А далей сельская мясцовасць урываецца ў водную роўнядзь прасторы, а на даляглядзе — спрадвечныя беларускія лясы.

На выставе прадстаўлены творы некалькіх пакаленняў мастакоў. Самы даўні — “Лясная глуш” Антона Каржанеўскага, напісаны ў 1957 годзе. Нават цяжка сказаць, ці выведзе куды-небудзь адзіная сцяжынка, якая робіць рэзкі паварот. Да таго ж, жанчына, што некуды рушыць воддаль, наогул пакідае яе, уступаючы ў невядомасць. Выразнасць аб’ёмнай пластыкі і насычанасць каляровай гамы настолькі моцныя, што літаральна ўцягваюць у прастору карціны. Гэта вечны лес, у якім чалавек заўсёды будзе выпадковасцю і нават недарэчнасцю. Такі лес непадуладны цывілізацыі, і няма сумневаў, што ён перажыве яе.

/i/content/pi/cult/675/14879/1.jpgГарадскі пейзаж на выставе мы ўбачым вельмі рэдка, і тое ён будзе зусім умоўна гарадскім. У ім адсутнічае індустрыяльны дух. Так, “Зімовы пейзаж” Віктара Шылко дэманструе заснежаную прастору ў ваколіцах ратушы — нават дзіўна, як Віцебск яшчэ не пагрузіўся цалкам у гэтыя бясконцыя снягі. А ў акварэльнай працы Аляксандра Карпана “Восень у старым горадзе” галоўнае — гэта стыхія самой восені з яе вільготнасцю, макроццем і завяданнем прыроды. Разам з ёй таксама вяне і апускаецца ў сон стары Віцебск.

Усё тое самае тычыцца і іншых гарадоў на палотнах. У карціне “Браслаў” Пятра Шарыпы — хутчэй вясковая, чым гарадскія ваколіца, якая ўваходзіць у прастору воднай стыхіі, абыякавай да асобнага чалавека. А далей раскідваецца бясконцая лясная пушча, таксама да чалавека зусім безадносная. Апошнім збудаваннем, што стаіць на мяжы чалавечай супольнасці і прыроднага асяроддзя, з’яўляецца храм, які ўтрымлівае кампазіцыю ў якасці праекцыі Цэнтра свету.

Паказальна, што адзіная на выставе сапраўды гарадская карціна — “Наваполацк. Сонца над горадам” Фелікса Гумена — падкрэслена эсхаталагічная. Горад, здаецца, згарае знутры ад разлітай у ім палаючай атмасферы, а белы сонечны дыск абсалютна абыякава назірае за змярцвелым, штучным асяроддзем. Рэдкія мінакі паўстаюць у выглядзе чорных самнамбул, у якіх чалавечая прырода ўжо выгарала цалкам. Гэта не знешні апакаліпсіс у выглядзе “кары”, але ўнутраная дэгуманізацыя, якая выяўляе страту чалавекам Боскага духу. І папярэджанне, што ў любы момант свет можа самазнішчыцца і знікнуць, не пакінуўшы следу.

У той самы час на выставе пераважаюць жыццесцвярджальныя вобразы, якія вяртаюць індывіду яго ўнутранае жыццё. Нават назвы карцін некаторых мастакоў гавораць самі за сябе: “Віцебскія далі. Дарога да вёскі” Ісаака Бароўскага альбо “Дарога да роднай хаты” Мікалая Таранды. Іх лейтматыў — аднаўленне ў сабе патэнцыялу “натуральнага чалавека”, існаванне якога неаддзельнае ад арганічнай прасторы нацыянальнай культуры. І, вядома ж, яна асвечана святлом духоўнасці, пра што кажа мноства храмаў на карцінах мастакоў.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ