Неўтаймоўны “дыназаўр” дызайну

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

30 студзеня аднаму са старэйшых беларускіх дызайнераў Анатолю Цехановічу спаўняецца 80 гадоў
З Анатолем я пазнаёміўся ў далёкім ужо 1972 годзе. Будучы “зялёным” выпускніком аддзялення дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, прыйшоў працаваць па размеркаванні ў мастацка-канструктарскі аддзел інстытута “Белмясцпрампраект”. Цехановіч на той момант ужо быў дасведчаным спецыялістам — кіраўніком дызайнерскай групы. Пачынаў жа ён займацца гэтай дзейнасцю яшчэ тады, калі ў нас нават саму яе назву мала хто чуў, а дызайнераў часам блыталі з дагістарычнымі дыназаўрамі.

/i/content/pi/cult/674/14876/Zehanovich-S.jpgЛя вытокаў школы

Па сваёй першай адукацыі Цехановіч — інжынер-механік, ён скончыў машынабудаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Прафесійную ж падрыхтоўку па дызайне атрымаў на двухгадовых курсах пры Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Было гэта ў 1966 годзе. Дарэчы, тыя курсы сталі потым асновай для стварэння кафедры дызайну. Тады ж, калі пачынаў свой шлях Анатоль, прафесійнай вышэйшай падрыхтоўкі для дызайнераў у нас у Беларусі яшчэ не існавала, таму даводзілася многае спасцігаць самастойна, сваім розумам.

Першым прадпрыемствам, дзе Цехановіч працаваў у якасці дызайнера, быў Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тут ён і зрабіў значныя крокі ў практычным авалоданні майстэрствам. І, перайшоўшы ў інстытут “Белмясцпрампраект”, дзе мы сустрэліся, ужо адчуваў сябе прафесіяналам.

Прывабліваў гэты чалавек з першага ж знаёмства. Прадстаўнічая постаць, вострыя, выразныя рысы твару, хітраватая, добрая ўсмешка, поўная іскрамётнага гумару гаворка. І ўсё, што ён рабіў, атрымлівалася — як, здавалася, лёгка ды весела. Колькі за працоўны дзень ад яго можна было пачуць розных жартаў ды анекдотаў!

Але гэтае балаканне не перашкаджала Анатолю ствараць адзін за адным выдатныя праекты: ці то абаненцкі радыёпрыёмнік, ці то набор дэкаратыўных падсвечнікаў, ці то яшчэ што-небудзь для хатняга побыту. У аддзеле яго ўсе любілі і паважалі. Таму і не дзіўна, што, калі ён перайшоў працаваць у Цэнтральнае канструктарскае бюро “Пеленг” Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання, за ім пацягнуўся шэраг іншых работнікаў.

Тады, у сярэдзіне сямідзясятых, нашы шляхі з Анатолем часова разышліся: я паехаў у Маскву вучыцца ў аспірантуры. Але праз дзесяць з лішкам гадоў мы зноў сталі працаваць разам: у 1986 годзе прыяцель паклікаў мяне да сябе, у ЦКБ “Пеленг”. Сектар дызайну, які ўзначальваў Анатоль Цехановіч, займаўся, у асноўным, праектаваннем кіна-, фота-, дыяапаратуры. Да таго часу ўжо склалася пэўная школа беларускага дызайну оптыка-механічнай галіны. Разам з ленінградскай яна лічылася найлепшай ва ўсім Саюзе! У гэтым была немалая заслуга Анатоля Цехановіча.

Заваяваць любоў крыміналістаў

Сам ён таксама прымаў удзел у праектаванні шэрагу вырабаў. Сярод іх — аматарскія фотаапараты, абсталяванне працоўнага месца эксперта грашовых знакаў, універсальны прыбор для кантролю каштоўных папер. На два дзясяткі дызайн-распрацовак Цехановічам былі атрыманы аўтарскія пасведчанні на прамысловы ўзор, ён стаў удзельнікам больш як дваццаці спецыялізаваных і тэматычных выстаў, удастоены медалёў і ганаровых дыпломаў.

Некаторыя рэчы, у стварэнні якіх браў удзел Цехановіч, ацанілі самыя шырокія колы спажыўцоў, а некаторыя — толькі спецыялісты. Сярод апошніх — і мікраскоп параўнання для ідэнтыфікацыі аб’ектаў і каштоўных папер “Пеленг МС-2”. Пра яго мала хто ведае, хаця гэтая прылада мела вялікі поспех — праўда, у вузкіх колах. Беларускія крыміналісты палюбілі яе, што называецца, з першага ж позірку, ацаніўшы, перш за ўсё, знешні выгляд, функцыянальнасць, кампактнасць. І толькі потым у іх з’явілася магчымасць упэўніцца, што і па тэхнічных характарыстыках роўных “Пеленгу” не было. Тое пацвердзілі і спецыялісты Нацыянальнага банка, якія з вялікім поспехам карыстаюцца пеленгаўскімі мікраскопамі.

Гэтая прылада атрымала процьму дыпломаў на міжнародных выставах — у тым ліку і за дызайн. А ў 2004 годзе Анатоль Цехановіч разам з калектывам дызайнераў, у які ўваходзіў і аўтар гэтых радкоў, за згаданую распрацоўку намінаваўся на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

/i/content/pi/cult/674/14876/16.jpgНе толькі дызайнер

Цехановіч — не толькі выдатны дызайнер, але і таленавіты арганізатар. Менавіта яму належала ідэя арганізацыі серыі навукова-практычных семінараў, якія з 1987 па 1992 год рэгулярна праводзіліся дызайнерамі оптыка-механічнай галіны. Яны атрымалі сакавітае імя “Макаўза” — па назве возера і паляўнічай базы пад Мінскам на Лагойшчыне, дзе штогод адбываліся гэтыя сустрэчы. На іх з’язджаліся дызайнеры з розных гарадоў СССР, каб абмеркаваць цікавыя пытанні, звязаныя з праектаваннем фотаапаратуры.

Новы віток творчая і арганізацыйная дзейнасць Цехановіча набыла, калі быў створаны спачатку Усесаюзны, а потым і Беларускі саюз дызайнераў. Анатоль стаяў ля яго вытокаў. Ён жа быў і адным з першых, хто адкрыў творчую дызайн-студыю пры аб’яднанні.

Пасля распаду СССР саюзы дызайнераў былых саюзных рэспублік сталі самастойнымі. Неўзабаве ж была створана Міжнародная грамадская асацыяцыя “Саюз дызайнераў”, якая аб’яднала творцаў новых незалежных дзяржаў. У 1995 годзе было адкрыта аддзяленне Міжнароднай асацыяцыі ў Беларусі. Яго нязменным старшынёй стаў Анатоль Цехановіч.

З пачаткам новага тысячагоддзя дзейнасць Анатоля Цехановіча набыла яшчэ новы кірунак — ён стаў выкладаць на кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе рыхтуюць дызайнераў рэчава-прасторавага асяроддзя. З яго ўдзелам прайшоў не адзін выпуск маладняку.

Сёння, калі Анатоль ужо на заслужаным адпачынку, ён актыўна
займаецца прапагандай дызайнерскай дзейнасці. У прыватнасці, у суаўтарстве з аўтарам гэтых радкоў апублікаваў на старонках “К” некалькі матэрыялаў пра выбітных дзеячаў беларускага дызайну. І, спадзяёмся, не спыніцца ў сваёй працы на агульную карысць. Жадаю свайму даўняму сябру і паплечніку здароўя і далейшага творчага плёну!

Якаў ЛЕНСУ,
кандыдат мастацтвазнаўства, член Беларускага саюза
дызайнераў