З тропікаў у пушчу — у пошуках дома

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

У Бахрэйне ўсё спакойна: там слухаюць “Песняроў” і чакаюць беларускую аўтэнтыку
У сярэдзіне 1990-х мінскі гурт “Тарнада” хадзіў у фаварытах айчыннай метал-музыкі, а яго фронтмэн Ангус, безумоўна, з’яўляўся самым харызматычным рокерам краіны. У пачатку 2000-х папаўзлі чуткі, што, пакінуўшы Беларусь, ён заняўся вывазам з яе “творчага патэнцыялу” на Блізкі Усход. Усё менавіта так і аказалася. Дакладней, усё не так. Зрэшты... Карацей, я ўжо і сам заблытаўся, таму давайце разблытваць клубок здагадак разам.

/i/content/pi/cult/674/14875/DSCN5404-S.jpgПаміж металам і подыумам

— Ты крыўдлівы чалавек? Ці, хутчэй, недаверлівы? Патлумачу. Я быў сведкам, як калісьці адзін журналіст, гледзячы на цябе,
заўважыў, што Ангусу — пры яго знешнасці і выдатнай фізічнай форме — самае месца на подыуме. Мне тады здалося, што ты гатовы быў яго неадкладна пакараць.

— Я... злапамятны. Але не мсціўца. Памятаю прычыненую мне крыўду, але калі на працягу двух дзён у адказ чалавека... не пакараю, то забуду пра канфлікт. А недаверлівай магу назваць частку майго акружэння: калі яна раптам чамусьці не падтрымлівае мяне ў нейкіх рэчах, то і я пачынаю вагацца.

А тады табе так здалося таму, што паралельна з рок-н-ролам я і на самай справе пяць гадоў працаваў мадэллю ў агенцтве Тамары Ганчаровай. Паказваў вельмі сур’ёзныя італьянскія і французскія калекцыі, удзельнічаў у 1995 годзе ў першым Міжнародным фестывалі сучаснага мастацтва і авангарднай моды “Мамант”. Мяне нават нейкае французскае мадэльнае агенцтва думала да сябе забраць. І я хацеў туды! Але не склалася — чалавечак адзін зрабіў усё, каб гэтага не адбылося.

— Я наогул збіраўся да цябе ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ляцець па інтэрв’ю — за твой кошт, натуральна. Але “гара сама прыйшла да Магамета”...

— У Мiнску я з красавіка 2016-га, мінулым летам стаў арт-дырэктарам і намеснікам кіраўніка аднаго са сталічных клубаў (яшчэ сам і музыку ў ім iграю). Чым ён адрозніваецца ад іншых устаноў падобнага кшталту? Тым, што з 1 чэрвеня я абвясціў яго арт-прасторай. Сумесна з праектам “Ведай нашых!” ад радыё “Сталіца” арганізавалі па серадах сольныя канцэрты маладых айчынных гуртоў. Па чацвяргах гучыць “жывы” аўтарскі джаз. На другім паверсе знаходзіцца карцінная галерэя, дзе выстаўляюцца беларускія мастакі, там жа праходзяць урокі малявання для дзяцей. А яшчэ ў нас пісьменнікі прэзентуюць свае кнігі, дзейнічаюць бясплатныя курсы беларускай мовы, ёсць задумка працаваць з тэатрамі.

— Выдатна! А як ты на Аравійскім паўвостраве апынуўся?

— Спярша я апынуўся ў Бахрэйне. Знаёмыя прапанавалі кантракт, а паколькі мяне, безграшовага, пасля эканамічнага крызісу 1998 года ў Беларусі нічога не трымала, то і пагадзіўся. У 1999-м паляцеў. Увесь забаўляльны бізнес — клубы, дыскатэкі — там існуе пры гатэлях. У адным з іх мы — “перабежчыкі” — і сталі працаваць: я — за пультам і камп’ютарам плюс тры дзяўчыны-вакалісткі. Але і сам спяваў нешта. Рэпертуар складаўся з класікі сусветнага поп-рока — Smokie і гэтак далей. Уліліся добра ў тую тусоўку. Там ёсць такое нібы сакрэтнае спаборніцтва паміж начнымі ўстановамі гатэляў — хто больш з іх “падыме” грошай. Ну і аднойчы пераможцамі выйшлі мы са сваім клубам. Год адпрацавалі і вярнуліся ў Мiнск, а дзесьці праз паўгода мяне зноў у “той стэп” паклікаў тамтэйшы агент, якім я абзавёўся. Спачатку паехаў у Пакістан, у Карачы, тым жа складам. А потым наша “брыгада” — на гэты раз ужо “напаўжывы” рок-склад, у якім я спяваў, на гітары граў гітарыст “Тарнада” Сяргей Надзёжкiн, на клавішах — удзельнік гурта “Крама” Андрэй Лявончык, плюс дзве вакалісткі і дзве танцоркі — адправіліся ў Дубай. Рэпертуар быў больш сур’ёзным — Pink Floyd, Deep Purple. Потым зноў Бахрэйн — праца ў клубе каля амерыканскай ваеннай базы, але ўжо ў поўным “жывым” складзе.

— Так амаль дваццаць гадоў ты туды-сюды і матляўся, наязджаючы перадыхнуць дадому?

— Так, раз-два ў год прыязджаў. Да вяртання ў 2016-м у Мiнск гады тры працаваў толькі менеджарам: спачатку рэстарана, потым начнога клуба. Музыка паднадакучыла, а ў ролі кіраўніка адчуваў сябе на сваім месцы. Бачыў, як усё там арганізавана ў такіх установах (гатэляў праз пятнаццаць прайшоў), нешта пытаўся і дазнаваўся. Карацей, досведу падназапасіў. І мой агент парэкамендаваў мяне на гэтую працу.

— Дык айчынных выканаўцаў ты вывозіў у той рэгіён ці не?

— Я мог камусьці патэлефанаваць і прапанаваць паспрыяць у атрыманні працы (праз “мой” гурт прайшла вялікая колькасць беларускіх музыкантаў). Але сам спецыяльна прывозам не займаўся.

— Як нашы музыканты глядзеліся на фоне замежных калегаў, якія падобным шляхам траплялі ў гатэлі тых краінаў?

— Англічане, амерыканцы, канадцы — гэта адзін клас выканальніцтва. Iншы — постсавецкі. Калі “мае” музыканты пачыналі з невялікіх грошай і дайшлі па заробках да ўзроўню заходніх “фірмачоў”, то цяпер коштавая планка панізілася вельмі моцна — з-за артыстаў краін былога Саюза, якія гатовыя працаваць за тры капейкі. Адпаведна, і клас іх аналагічны — беларусы тут не выключэнне.

Калі казаць аб прафесійным узроўні “маіх” складаў, то прывяду такі прыклад. Мы два з паловай гады iгралі ў амерыканскім начным клубе, гаспадары якога на сцэну не пускалі нават англічан. Дык вось, гэта кажа пра тое, што мы былі цалкам канкурэнтаздольныя.

Над нашай хатай лётаў арол

— І чаму ж ты тады вярнуўся ў Беларусь?

— Стаміўся, бо “араць” даводзілася практычна без выхадных па дваццаць гадзін у суткі, пакідаючы на сон чатыры-пяць. Да таго ж, там таксама крызіс, які закрануў і забаўляльную сферу. Усё, што зарабляў, тут жа і траціў. У Мінску ў мяне гэтаксама выходзіць, але затое тут дом. І працы менш. Але тую тэрыторыю я для сябе не закрыў.

— Дзіўна чуць ад абсалютнага касмапаліта слова “дом”.

— Я такім і застаўся. А тое, што Беларусь мой дом — так, але радзіма мая — Украіна. З задавальненнем бы з’ехаў туды і працаваў бы там. Аднак гэта сур’ёзны крок — мяняць грамадзянства, улівацца ў тую сістэму. Пакуль мне прасцей... дома.

— Але ён у цябе не ў Мiнску...

— ...а ў Налібоцкай пушчы. З жонкай Насцяй у нас там свая двухпавярховая хата. Казуля заходзіла ў госці, арлы прыляталі, алені, ласі, зайцы і вавёркі вакол. Была думка зрабіць аграсядзібу, але пакуль грошыкаў на яе няма. А ў сталіцы здымаем кватэру — бензіну не набярэшся ездзіць з пушчы і назад.

Ад заходу да світання

— Чаму ў канцы 1990-х разваліўся гурт “Тарнада” — на той момант флагман беларускага трэш/спід-металу?

— Я пачынаў у “Тарнада” гукарэжысёрам. І мы вельмі доўга не маглі знайсці вакаліста. Вырашылі ператварыць у яго мяне, навучыўшы спяваць (са мной нават дзяўчына з кансерваторыі займалася). Вучыўся спяваць на запісах “фірмачоў” і кандовой папсе (што значна складаней!). А распаліся па той прычыне, што не было чаго есці: у 1990-х людзі ні пра які трэш не думалі, у іх у рэальным жыцці настаў трэш. Так, на канцэрты публіка ўсё яшчэ прыходзіла, але білеты на іх каштавалі... слёзы нейкія. Ледзь арэнда залы адбівалася. І спачатку адзін музыкант “адваліўся”, потым другі, трэці сеў у турму, бубнач, Антон Гаявы — сын Валянціны Іванаўны, з’ехаў у Амерыку. І ўсё, закаціліся. У бліжэйшай будучыні, дарэчы, гурт думае здзейсніць камбэк: склад ужо ёсць (з арыгінальнага ў ім два чалавекі — я і Надзёжкiн).

— Сёння ты з’яўляешся і дырэктарам сталічнага ню-метал-гурта Newlevel.

— Хутчэй, дапамагаю яму. Гэта маладыя пацаны, з якімі рыхтуем новы альбом.

— Не хацеў бы свой багаты вопыт выкарыстоўваць на карысць... дома? У сэнсе, спрыяць усталяванню больш цесных творчых кантактаў паміж беларускімі і арабскімі артыстамі?

— Часам задумваюся над гэтым. Так, там у мяне ёсць “выхады” на рокавых, папсовых, арыентальных выканаўцаў, танцавальныя калектывы, але з кім мне пра гэта размаўляць? Па міністэрствах бегаць — гэта не маё. Але каб убачыў, што імпульс на арганізацыю такога праекта зверху пасланы — упісаўся б. І за месяц бы яго зрабіў! Арабская музыка — гэта нешта неверагоднае, шкада, што ў Беларусі аб ёй так мала ведаюць. Як і арабы аб нашай, напрыклад, аўтэнтычнай. А жаданне такое ў іх ёсць. І я разумею, хто будзе дакладна там цікавы з нашых артыстаў (скажам, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі, “Харошкі”, “Палац”, “Крама”, этна-трыа “Троіца”) і хто будзе цікавы з іх тут.

Між іншым, у нас з Валерыем Дайнэкам былі размовы пра тое, каб “Беларускія песняры” прыехалі ў Дубай. Я неяк у Бахрэйне ехаў у машыне мясцовага жыхара, дык у яго ўсю дарогу “Песняры” гучалі: як высветлілася, у гэтага араба ёсць усе альбомы нашага ансамбля!

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"