Там, дзе лавіў конікаў Багдановіч

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

А вось нашы пісьменнікі і сталічныя артысты туды чамусьці не ездзяць
Ехаў я, ехаў у гэты аграгарадок, а перад вачыма стаяў той агаломшаны мужычок з інтэрнэту, што крычаў на злоўленую ім рыбу: “Яааааааазь!” Шоку — культурнага — такога, каб гыркнуць працяжна: “Вяаааааззззееее!”, я не адчуў, але сім-тым з убачанага і пачутага з вамі падзяліцца гатовы.

/i/content/pi/cult/674/14873/14.jpgЛітаратуры другой свежасці не бывае

Адлік свайму існаванню Вяззеўская сельская бібліятэка вядзе з сярэдзіны 1940-х гадоў, калі побач з тады яшчэ вёскай на рацэ Свіслач сталі ўзводзіць Асіповіцкую ГЭС. Дзесьці ў гэты час у Вяззі з’явілася і хата-чытальня. Яе сёння, натуральна, ужо няма, а ёсць сельскі Дом культуры, на другім паверсе якога і знаходзіцца бібліятэка.

На ейных паліцах і стэндах не ўбачыць зачытаных ушчэнт кніг, якім пара дажываць свой век у макулатуры. Яны саступілі месца новым, са свежым пахам фарбы выданням. Адпаведна, гаспадыня ўстановы Лілія Маскалёва мае падставы для гонару.

На канец 2017 года ў бібліятэцы было зарэгістравана каля шасцісот чалавек, лічачы і тых, што прыязджаюць у Вяззе летам — сваякоў
мясцовых насельнікаў. Агулам аграгарадок налічвае больш за тысячу жыхароў, прычым насельніцтва ўсё яшчэ прырастае за кошт тых, хто пакуль мае магчымасць набыць тут дамы ці кватэры.

Не паверыце, але ў сённяшнім тутэйшым бібліятэчным трэндзе — савецкія аўтары: Міхаіл Булгакаў і Васіль Шукшын. Як прызналася Лілія Яўгенаўна, аднойчы яна ўжо неяк сабралася адправіць некаторыя зашмальцаваныя старыя выданні ў кнігасховішча, але раптам высветлілася, што народ стаміўся ад “крымінальнага чытва”.

— Нават у моладзі павысілася цікавасць да твораў тых далёкіх гадоў! — кажа бібліятэкар.

З топавага айчыннага — Іван Шамякін, Мікалай Чаргінец і літаратура гістарычная. Вось толькі беларускамоўная магла б карыстацца і большым попытам. Але, мабыць, у тым віна і нашых пісьменнікаў, якія вельмі і вельмі рэдка наведваюцца ў Вяззе дзеля сустрэч са сваімі патэнцыйнымі чытачамі?

/i/content/pi/cult/674/14873/15.jpgБібліятэчны фонд налічвае каля 13 тысяч асобнікаў, у 2016 годзе ён папоўніўся пяццюстамі новымі кнігамі, а вось у 2017-м гэты паказчык знізіўся. Сярэдняе штодзённае наведванне перавышае 20 чалавек. У “зону ўплыву” ўстановы ўваходзяць 9 бліжэйшых населеных пунктаў, 4 з іх — маланаселеныя — абслугоўваюцца бібліёбусамi.

— Можа, варта падумаць пра тое, каб знізіць парог, пры якім бібліятэкі на сяле зачыняюцца, калі ў іх пражываюць менш за дзвесце чалавек, — дзеліцца думкамі Лілія Яўгенаўна. — Так, бібліёбусы ў такія вёскі ходзяць, але ж бібліятэкі для іх жыхароў былі яшчэ і месцам сустрэчы, дзе яны маглі пагаварыць па душах, выпіць гарбаты, паспяваць разам. Там людзям аказвалі б і прававую дапамогу, шукаючы неабходныя ім дакументы, звязаныя з пенсійным забеспячэннем. І раптам яны нібы апынаюцца адрэзанымі і ад свету, а нават у чымсьці адзін ад аднаго! Вось што страшна. А куды падзець фонды такіх устаноў?

Як бачыце, зноў гаворка зайшла аб злабадзённай сёння праблеме, што неаднаразова адлюстроўвалася на нашых старонках. Асабліва часта пра яе кажуць менавіта кіраўнікі бібліятэк.

Праводзячы экскурсію па ўстанове, спадарыня Маскалёва прадэманстравала мне і свой эксклюзіў — відэапрэзентацыі, якія яна распрацоўвае пад заказ, тым самым зарабляючы пазабюджэтныя сродкі.

З недалёкай адсюль Асіпоўшчынай звязана імя Максіма Багдановіча, чый партрэт упрыгожвае памяшканне ўстановы. Дзіцём ён пэўны час разам са сваёй мамай жыў у вяззеўскiм маёнтку лесніка Секяржыцкага — мужа яе сястры. Ужо зыходзячы з гэтага факта з краязнаўствам тут усё павінна было ісці на належным узроўні. Так яно і ёсць: летапіс вёскі вядзецца спраўна, назапашваючы матэрыялы пра яе знакавых асобаў, традыцыі, фальклор.

— “Круціцеся”, змагаючыся за наведванне? — пытаюся я ўрэшце ў Ліліі Яўгенаўны. — Ці патрабуюць ад вас кожныя два месяцы павялічваць колькасць чытачоў?

— Ад нас, дзякуй Богу, не, — чамусьці ўздыхае мая суразмоўца, і тут жа становіцца зразумела, чаму. — Але гутарачы на курсах павышэння кваліфікацыі для супрацоўнікаў бібліятэк са сваімі калегамі, ведаю, што ад некаторых з іх падобнага сапраўды патрабуюць. Хаця адкуль ім тых чытачоў узяць?

У спадарожнікі-каментатары ж гэтым разам я ўзяў... жонку дырэктара мясцовага Дома культуры Ірыну Забаўскую. Але на тым яе вартасці не сканчаюцца. Лялькі, што вырабляюцца ў клубе аматараў традыцыйнага рукадзелля “Пасажнiца”, які яна ўзначальвае, выстаўляліся ў пяці краінах свету. Практычна ўсе касцюмы, у якіх выступаюць творчыя калектывы ДК — таксама праца тых жа майстрых, прычым тчэцца адзенне паводле мясцовай векавой “моды”. Да ўсяго, Ірына Пятроўна з’яўляецца кіраўніком Народнага ансамбля народнай песні “Вязанка”.

Каментарый Ірыны ЗАБАЎСКАЙ:

— Я — заўсёднік бібліятэкі. І ведаеце, чаму людзі ў яе яшчэ ходзяць — акрамя таго, як узяць што-небудзь пачытаць? Таму што наш бібліятэкар — выдатная жанчына! Яна і кніжку добрую прапануе, і “разаб’ецца”, але абавязкова прывязе замоўленае, і проста выслухае кагосьці, хто вырашыць ёй на нешта паскардзіцца ў сваім жыцці.

Сакрэты прафесіі

Калі вы глядзелі фільм Аўдоцці Смірновай “Два дні”, то павінны памятаць адну з яго дзейных асоб — дырэктара правінцыйнага расійскага музея. Ён спачатку ўстойліва ўспрымаў усе славесныя эскапады маскоўскага чыноўніка, які прыехаў спрыяць рэйдарскаму захопу ўстановы, а затым пайшоў у контратаку.

Па сваім характары дзесьці такім самым падаўся мне і дырэктар Вяззеўскага сельскага ДК Мікалай Забаўскі. На мой погляд, у пэўных абставінах ён гатовы вымавіць нешта кшталту: “Адступаць нам няма куды, за намі — культура!” Але пакуль такой патрэбы няма, думае пра надзённае — неабходнасць набыцця для сваёй установы гукарэжысёрскага пульта і абнаўлення камп’ютараў.

Ва ўстанове дзейнічаюць 11 аб’яднанняў. Ухіл у іх робіцца на традыцыйную, абрадавую культуру. Так, у танцавальных гуртках у прыярытэце побытавыя танцы.

— Але і сучаснымі хацелася б займацца, — заўважае Мікалай Георгіевіч, — аднак штатная адзінка харэографа для нас не прадугледжаная.

Павялічваць колькасць гурткоўцаў дырэктар не плануе — дастаткова і наяўных. Яны тут і вучацца, і вучаць, і канцэрты даюць. Завітваюць і артысты Магілёўскай абласной філармоніі, народнага тэатра “Надзея” з Асіповічаў. А вось мінскія гастралёры апошні раз ступалі на сцэну гэтага Дома культуры гадоў дваццаць таму.

— Але я не ў крыўдзе, — кажа Мікалай Забаўскі. — Дзе мы столькі гледачоў знойдзем, каб “забяспечыць яўку”? Ды яшчэ і па білетах, якія каштуюць хай сабе і няшмат па сталічных мерках.

У фае ўстановы я ўбачыў расклад фільмаў, якія таксама ў ёй паказваюць, і пацікавіўся, ці своечасова трапляюць сюды навінкі. Дырэктар глядзіць на мяне як на ненармальнага і знішчае сваім адказам напавал:

— Я вам праўду скажу: тое, што нам прапануе кінапракат — на гэта ўвогуле ніхто не пойдзе. А як мы выкручваемся, адкуль бярэм навінкі? Хай гэта будзе нашай прафесійнай таямніцай.

Мне ён па сакрэце паведаміў, але я слова стрымаў і распавядаць не буду! Наогул, размова з дырэктарам мне адназначна спадабалася. Як вам, напрыклад, такое?

— А чым яшчэ, акрамя канцэртаў — у тым ліку выязных, дыскатэкі і кіно, зарабляе ДК? — пытаюся я.

— Мама дарагая! Вы прапануеце зрабіць платнымі гурткі? І адкуль у людзей на іх грошы?

Каментарый Ірыны ЗАБАЎСКАЙ:

— На мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Доме культуры, набіваецца поўная зала народу. Чаму? Таму што праходзяць яны не ў звычайным фармаце, калі чалавек проста выйшаў на сцэну і праспяваў або станцаваў. Імпрэзы ў нас у тэатралізаванай форме. Так, на дзейнасць ДК, як і належыць, вылучаюцца грошы, але каб вы ведалі, колькі яшчэ і ўласных сродкаў работнікам установы прыходзіцца выдаткоўваць на тыя ж дэкарацыі, рэквізіт, касцюмы. Калі выдзеленай сумы замала, то па-іншаму яны і не могуць, бо да глыбіні душы хварэюць за родную культуру. А былі б у аграгарадка на яе
нармальныя грошы, ведаеце, што магло б з’явіцца побач з нашым Домам культуры? Этнагасцёўня, пра якую мы з маім мужам марым ужо шмат гадоў! Балазе, само месца нашай установы для гэтага
падыходзіць — бачыце, як у нас тут прыгожа! Недарэмна ж у нашых краях сам Багдановіч адпачываў!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"