Дзе заблукала калядная казка?

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

У калядныя чараўніцтвы, у Дзеда Мароза са Снягуркай хтосьці верыць, хтосьці — не. А ці верыце вы ў чараўніцтва тэатра? Асабіста я — так. Ды толькі штогод узімку мая вера праходзіць велічэзнае выпрабаванне. Бо колькасць спектакляў, асабліва для дзяцей, павялічваецца ў гэты час з куды большай хуткасцю, чым іх якасць.

/i/content/pi/cult/674/14871/12.jpgНе, далёка не ўсё так дрэнна! Тэатры і канцэртныя арганізацыі, якія прадастаўляюць свае пляцоўкі, паступова імкнуцца адыходзіць ад таго, што называюць “навагоднім чосам”. Сярод сёлетніх найбольш удалых варыянтаў, якія давялося паглядзець (а ўсё ахапіць было папросту немагчыма), — “Куры не/супраць ліс” у Камернай зале Палаца Рэспублікі. Сюжэтная лінія шведскай кнігі пра сяброўства лісяня з кураняткам не аднойчы трапляла і на кінаэкран, і ў мультыплікацыю. Цяпер яе ўвасобіў Тэатральны праект “ТриТформаТ” — па сутнасці, беларуская антрэпрыза вельмі высокай якасці, дзе рэжысёр Таццяна Траяновіч з’яднала прафесіяналаў сваёй справы (музыка — Сяргея Сухамліна, запіс фанаграмы — Прэзідэнцкі аркестр Беларусі), знаных артыстаў і студэнтаў Акадэміі мастацтваў.

Згадаю і надзіва прыгожую (мастак — Вікторыя Ця-Сен) прэм’еру “Прыгодаў у Каралеўстве Сноў” у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. Яе паставіла маладая актрыса гэтага калектыву Алёна Зміцер паводле знакамітай п’есы Сяргея Кавалёва “Драўляны Рыцар”, напісанай у канцы 1980-х. Атмасфера сапраўднага чараўніцтва ствараецца тут праз сінтэз з эстэтыкай тэатра лялек і выкарыстанне некаторых цыркавых прыёмаў.

Ажно два спектаклі ў новых рэдакцыях падрыхтаваў сёлета для Малой сцэны Канцэртнай залы “Мінск” інтэгрыраваны тэатр Мimoza на чале з Вольгай Прохаравай: “Дзед Мароз змяняе прафесію” і “Чарадзейныя запалкі” — прэм’ера 2018-га, з пачаткам паводле Андэрсена і зусім іншым далейшым разгортам. Па тры спектаклі на дзень для калектыву, дзе акрамя прафесіяналаў удзельнічаюць аматары і дзеці, — выпрабаванне няпростае. Але ў зале гэтага не адчуваеш: радуешся, перажываеш, сочыш за звілістымі перыпетыямі, смяешся парадыйным “спасылкам” у духу постмадэрна.

Згаданыя спектаклі выпраменьваюць ідэі дабрыні, любові, паразумення. Ды ўсё ж з сюжэтамі, за рэдкім выключэннем — відавочны напруг. Пагаджуся, скласці добрую казку — складана. Асабліва з-за таго, што фантазіі круцяцца чамусьці вакол адной і той жа тыповай канвы: хтосьці хоча перашкодзіць святу, сарваць яго, адмяніць Новы год, ды дабро перамагае. Куды потым дзяюцца персанажы-злыдні, гісторыя звычайна замоўчвае.

Праблема яшчэ ў тым, што некаторыя дзеці знаёмяцца з тэатральным мастацтвам выключна ў зімовыя канікулы. І ў іх, хочам мы таго ці не, складаецца ўстойлівы стэрэатып гэткага “варожага атачэння”, уласцівы савецкім часам. А між тым, галоўная дылема ўсіх эпох і народаў — дзе менавіта шукаць таго “ворага”, “дракона”, д’ябла ці якую іншую нечысць: у знешнім свеце ці ў самім сабе. Ну як тут не згадаць геніяльнага Яўгена Шварца! Вось і атрымліваецца, што міжволі, быццам знянацку мы рыхтуем суцэльнае пакаленне, скіраванае на выкрыванне-пакаранне кагосьці “дрэннага”, “адмоўнага” — на няшчадную, бескампрамісную барацьбу, а не на прадчуванне святла, чарадзейства, любові, сімвалам чаго і выступаюць калядныя святы.

У хрысціянскім свеце, аднак, даўно сфарміраваўся архетып каляднага аповеду, асабліва распаўсюджанага ў ХІХ стагоддзі. У нашай культурнай прасторы ён таксама, дарэчы, існуе — у кіно, у выглядзе “дарослых” напаўказачных меладрам пра каханне і тыя цуды, што здараюцца ў навагоднюю ноч. Дык што — у дзяцей усё наперадзе? Вось падрастуць крыху — і ўжо не будуць у тэатр хадзіць. Навошта? Лепей сядуць на канапу ля тэлевізара і атрымаюць належны ім “цуд”.

А так хочацца добрай каляднай казкі — чароўнай, прыгожай! Дадам, што апошні сказ — цытата: я пачула гэтыя словы ў размове дзвюх матуль пасля аднаго з чарговых “знікненняў пераможаных злодзеяў” (маўляў, усё выдатна, неблагі спектакль, таленавітыя артысты, але ж так хочацца — і далей па тэксце). А вам, шаноўныя чытачы, не хочацца казкі? Пра тое, што ў гэтыя светла-святочныя дні ўсе павінны стаць хаця б крыху лепшымі. І стварыць цуд — самастойна. Гэта ж так проста! Падарыць усмешку, аказаць знак павагі, зрабіць штосьці добрае, стварыць прыгажосць. Ці ж не ў гэтым сэнс калядных святаў? І ці ж не гэтаму трэба вучыць дзяцей і дарослых?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"