Аўдыя & Відэа

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Снежаньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць арганізатар музычных фестываляў Сяргей АНІШЧАНКА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/674/14870/Egor_opt.jpegГурт Yegor Zabelov Trio, альбом The Rose Festival

А.: Нічога я ў гэтым альбоме не зразумеў, нічога з яго не вынес. Быццам бы, з аднаго боку, і мая музыка — гэткая псіхадэліка, але з іншага — ні разу не мая: не Pink Floyd, а какафонія нейкая з прэтэнзіяй на нешта. А на што? Мне адказу гэты рэліз не даў, ні за якія б грошы я яго не купіў, і нават каб заплацілі, не ўзяў бы. Дарма страчаны час на праслухоўванне гэтага “шэдэўра”.

B.: Акардэаніст Ягор Забелаў у беларускай альтэрнатыўнай музыцы — фігура значная і паважаная. Колькім калектывам яго ўдзел у іх — пастаянны і сесійны — надаў фірмовае гучанне, асаблівы шарм! Дадзены ж гурт — дзецішча самога артыста. Інструментальныя кампазіцыі рознага тэмпу, настрою і працягласці, слухаць проста так, у якасці фону, або нават у зале на сольніку трыа — занятак прыемны для адданых прыхільнікаў таленту Ягора. Рэчы гэтыя будуць дарэчныя і ў выглядзе саўндтрэкаў, музычнага афармлення тэатральных пастановак, шоу-праграм. Уласна, частка іх такімі і з’яўляюцца. А ўвогуле творы не для ўсіх.

/i/content/pi/cult/674/14870/Navi_opt.jpegГурт NaviBand, альбом “Адной дарогай”

A.: Што добрага сказаць пра гэты альбом?.. Лепш пра гурт скажу. Напэўна, справядліва, што ён заняў нейкую сваю, асаблівую нішу ў беларускай поп-музыцы, сваю асабістую прастору. І зараз з любоўю абходжвае гэтую дзялянку як можа, якімі можа песнямі. Часам яны атрымліваюцца, часам не, як і на гэтай рабоце. Мне падабаецца, як выканаўцы пазіцыянуюць сябе, іх, калі можна так сказаць, творчыя прынцыпы. Сардэчна запрашаем у наш шоу-бізнес, Ксюша і Цёма!

B.: Альбом стартуе з хіта “Як я жыў без цябе” і шлягерам жа — “Далей” — фінішуе, прычым меладычна і аранжыровачна яны настолькі падобныя адзін да аднаго, што гэта выклікае шчырае здзіўленне. У цэлым жа, работа выйшла слабейшай за папярэдні поўнафарматнік гурта, які цешыў і больш моцнымі песеннымі хукамі, і стылістычнай разнастайнасцю. Але дадзены рэліз правальным не стаў: дыхтоўны альбом. Чуў, што над запісам працавалі ўдумліва, зноў шмат паветра і святла, свежасці, настрою, маладосці. Правільнай дарогай ідуць таварышы музыканты!

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/674/14870/Vadanosava_opt.jpegКацярына Ваданосава, кліп на песню “Я іду да цябе”

A.: Прыгожы кліп, прыгожая дзяўчына, сімпатычная акустычная фольк-поп-песня. Каб раптам чамусьці адрадзіўся “мой” фэст “Рок-кола”, я б калектыў Кацярыны на яго запрасіў. Прэтэнзія ж у мяне адна, але адносіцца яна да шматлікіх айчынных выканаўцаў — тых, хто спецыялізуецца на аўтэнтыцы. Зразумела, што ўсе гэтыя жаласлівыя народныя матывы ў беларусаў у крыві, але калі праводзіць аналогію з заходнімі калегамі, з тымі, хто працуе ў падобных жанрах, то ў іх у песнях ёсць нейкае меладычнае развіццё, нашы ж як заводзяць гэтую “катрынку” — нуду-журбу, так да самага фіналу і галосяць на пары-тройцы нот. Нудота, далібог!

B. У цёмна-сінім лесе, дзе трымцяць асіны, дзе з дубоў-ведзьмакоў аблятае лістота... Ні таго, ні іншых, ні трэціх з чацвёртымі ў кліпе няма, а ёсць, наколькі я разбіраюся ў флоры, сасновы гушчар. І жывуць у iм не зайцы, а чароўная рудавалосая вядзьмарка. І занесла туды квартэт адважных фолькавых музыкантаў, якім, мабыць, іншай рэпетыцыйнай кропкі лёс не прапанаваў. Спявае прыгажуня, вядзьмарыць голасам і рухамі цела, вабіць, раніць, абпальвае і туманіць, і ў дрыжыкі кідае сваімі вачыма, так што чацвёрку “плюшчыць” не па-дзіцячаму. А самаму акуратна барадатаму з яе дастаецца і гарачы пацалунак! У мяне пры выглядзе ўсяго гэтага жаху матылькі ў жываце заварушыліся, чаго ўжо казаць пра хлопцаў. І вось тут пасля заканчэння акта доўгага судакранання вуснаў, шчасліўчыка кара і напаткала — менавіта “дуба” ён натуральна і “даў”. Спакусніца ж, як і належыць, знікла ў невядомым кірунку — шукаць наступную ахвяру, напэўна.

А песня таксама таямнічая, яна нібы зацягвае павольна-павольна ў сябе слухача, як і відэа. Ёй стаўлю цвёрдую чацвёрку па пяцібальнай сістэме, а роліку — заслужаныя два з плюсам.

/i/content/pi/cult/674/14870/PRINC_opt.jpegГурт “ЛСП”, кліп на песню “Маленькі прынц”

А.: Фірмовыя і праект, і кампазіцыя, і відэа. На конкурсе якіх-небудзь кліпаў гэты ролік абавязкова заняў бы прызавое месца. Наколькі я ведаю, каманда спрабуе цяпер “раскручвацца” за межамі Беларусі. Думаю, свайго слухача ў рускамоўным замежжы яна знойдзе. Ці надоўга толькі?

B.: Праект гэты сёння настолькі папулярны — і за межамі Беларусі, што “засвяціўся” ажно ў самога Івана Урганта — у яго самай што ні на ёсць рэйтынгавай вячэрняй расійскай тэлепраграме. Перад намі — нетыповая для рэп-творчасці каманды лірычная песня, якая ўсё набірае і набірае захопленыя водгукі. Феномену я яе не разумею, ну дык і не пра мяне размова. А пра кліп на гэтую кампазіцыю, якая прэтэндуе на слёзы слухача. Відэа ж добрае. Сюжэт і роліка, і трэка заключаецца ў тым, што сядзіць сабе чамусьці ў вежы маленькі прынц і марыць выпырхнуць з яе як птушка, што, уласна, у фінале і робіць. Як бы сказаў з гэтай нагоды вядомы персанаж вядомай кінакамедыі: “Дык вып’ем жа за тое, каб ніхто з нас, як бы высока ён ні лётаў, ніколі не адрываўся б ад калектыву!” Ба-бам!