“Джульета з півам”, або Дзяўчына ў эпоху рызыкі

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Наш актыўны пазаштатны аўтар Тамара Круталевіч, супрацоўніца Бярэзінскай райбібліятэкі і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, не толькі ўзнімае праблему фізічнага і духоўнага здароўя беларускіх дзяўчат, але і прапаноўвае канкрэтную праграму маральнай інфармацыйна-асветніцкай “тэрапіі”, скіраванай на старшакласніц і студэнтак. Досвед, назапашаны ў Бярэзінскай раённай бібліятэцы, варты пераймання ва ўстановах культуры іншых раёнаў, бо пытанне здароўя нацыі — адно з выключна важных і надзённых.

“Вядучая” — так называецца адна з карцін Гімалайскага цыкла Мікалая Рэрыха. Высока ў гарах двое — Ён і Яна. Жанчына адной рукой паказвае ўверх, другую працягвае мужчыну, каб дапамагчы яму пераадолець апошнія метры да вяршыні... Самім жыццём жанчыне наканавана адметная місія: адказваць не толькі за свой лёс, але і за лёсы іншых.
Здаровая жанчына — здаровая нацыя...
Кажуць, калі Гебельсу паведамілі, што ўсе вязніцы першай партыі рускіх дзяўчат, што прыбылі эшалонам у Германію,— нявінніцы, ён усклікнуў у роспачы: “Мо мы памыліліся, калі напалі на краіну, дзе такі ўзровень маралі!”
Фізічнае і духоўнае здароўе жанчын — абавязковы фактар гарманізацыі грамадства, гарант яго будучыні. Такі лагічны акцэнт мае інфармацыйна-асветніцкая кампанія “Здароўе жанчыны здароўе нацыі”, якая ладзіцца ў Беларусі з 2000 года па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
 /i/content/pi/cult/165/1487/Juljeta.jpg
Практыка засведчыла вялікую запатрабаванасць праўдзівай інфармацыі па
пытаннях здароўя, прадэманстравала, што стан маці і яе будучага дзіцяці ў многім вызначаецца ўзроўнем ведаў і адказнасці маладой жанчыны.
Трэці год у Бярэзінскім раёне намаганнямі раённай арганізацыі ГА “БСЖ” і гарадской бібліятэкі, рэалізуецца праект для старшакласніц навучальных устаноў горада і раёна “Дзяўчыне ў эпоху рызыкі”. Прадстаўніцам прыгожага полу адрасавана восем адмысловых тэм для абмеркавання. Запатрабаванасць і папулярнасць гэтых эксклюзіўных мерапрыемстваў забяспечваюць іх эмацыянальная вобразнасць, даходлівасць, пачуццёвая ўзрушанасць. Шырока выкарыстоўваюцца пры гэтым дыскусійныя, экспазіцыйна-тэатралізаваныя, агітацыйна-прапагандысцкія, рэкламныя і аналітычныя прыёмы і падыходы, ужываюцца нестандартныя аналогіі-параўнанні, узгадваюцца легенды і павучальныя гісторыі, арганізоўваюцца сатырычна-гумарыстычныя інтэрмедыі, праводзяцца тэсты.
Праблема распаўсюджанасці шкодных звычак сярод дзяўчат — асноўная прычына пагаршэння здароўя прадстаўніц рэпрадукцыйнага ўзросту. Лічбы і факты, узятыя з кнігі “Здаровы лад жыцця як маладзёжная праблема: рэгіянальныя аспекты”, што выдадзена ў Мінску ў 2002 годзе Інстытутам сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ды плюс сацыялагічныя апытанні, праведзеныя нашым “БСЖ”, не могуць не ўражваць. Толькі 3 з 10 выпускніц школ не маюць адхіленняў у здароўі. Калі 15 — 20 гадоў таму доля дзяўчат рызыкоўных паводзін складала 5— 7 працэнтаў, дык сёння павялічылася аж у 8 разоў! Каля 60 працэнтаў старшакласніц маюць звычкі і паводзіны, далёкія ад прыстойных. Курыць кожная трэцяя старшакласніца і студэнтка! Негатыўна ставяцца да ўжывання алкаголю толькі 4 працэнты старшакласніц. А не ўжывае алкаголь толькі трэцяя частка выпускніц школ. 80 працэнтаў наведвальніц маладзёжных дыскатэк станоўча ставяцца да ўжывання піва. Дзяўчат, якія распіваюць спіртныя напоі “з сябрамі, за кампанію”, больш, чым хлопцаў.
Бібліятэка наладжвае так званыя гадзіны душэўнага ўзрушэння для дзяўчат. Назвы мерапрыемстваў гавораць самі за сябе: “Кветка ў пыле, або Дзяўчына ў багне шкодных звычак”, “Джульета з півам”, “Каханне і алкаголь, або Пачуцці мацункам у 40 градусаў”. Кожная гутарка разлічана на вобразнае дзявочае ўспрыманне. Пры гэтым дзейнічаюць інфарм-трыбуны “Шакіруючая праўда пра модныя маладзёжныя звычкі”, тэатр маналога “У палоне ілюзій”, гучаць шок-гісторыі “Прынцэса з тусоўкі”, “П’яная нявеста”, “Смерць: сам-насам з тытунём”, “Маўглі з клеткі ВІЧ-дыягназу”, ладзяцца тэст-дыялогі з Бабай-Ягой “Лепшы сябар дзяўчыны — піва?!”, “Цыгарэтка як цукерка?!”, сатырычныя трыбуны “Прыхільніцам піўца — доза едкага слаўца”, фальклорны марафон “З п’яным кавалерам вадзіцца, што ў крапіву садзіцца”, шок-вернісаж “Алкагольная кунсткамера” з дэманстрацыяй фотаздымкаў дзіцячай звыродлівасці па віне п’янтосаў-бацькоў і п’яных вяселляў.
Праблемы сексуальнага выхавання не менш трывожныя. Відавочная сувязь паміж фізічным аслабленнем нацыі і маральнай распустай моладзі. З эпохі “У СССР сексу няма” сучаснікі трапілі ў век безупыннай свабоды і ўседазволенасці, непадцэнзурнай
 /i/content/pi/cult/165/1487/Juljeta1.jpg
інфармацыі. Кумірамі
дзяўчат сталі секс-сімвалы. Прадстаўніцы прыгожага полу набываюць першы сексуальны досвед у 14 — 15 гадоў, а іншым разам і раней. Толькі 20 працэнтаў старшакласніц утрымліваюцца ад палавых стасункаў і 5 працэнтаў дзяўчат лічаць дашлюбныя сексуальныя сувязі абсалютна недапушчальнымі. У 36 працэнтаў выпускніц школ і студэнтак — некалькі палавых партнёраў. Узровень інфармавання маладых па пытаннях палавога выхавання даволі нізкі: 30 працэнтаў старшакласніц і студэнтак лічаць аборт бясшкодным для здароўя, кожная пятая ўпэўнена, што ёй не пагражае заражэнне інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам. Між тым, захворванне сіфілісам вырасла ў Беларусі за 10 гадоў у 50 разоў (!), 80 працэнтаў хворых — дзяўчаты 19 — 20 гадоў!
Беларусь займае трэцяе месца сярод краін Еўропы і СНД па інтэнсіўнасці распаўсюджвання захворванняў, што перадаюцца палавым шляхам. 64 працэнты юных сучасніц лічаць, што сексам можна займацца без кахання. А ў Японіі, да прыкладу, толькі пасля 20-гадовага паўналецця дзяўчатам дазваляецца насіць “дарослыя” прычоскі і адзенне, самастойна наведваць храмы і браць шлюб. А ў нас 45 працэнтаў нявест уступаюць у шлюб “па залёце”. 20 працэнтаў нявест да шлюбу не падрыхтаваны: 8 працэнтаў — маладзей за 17 гадоў, 12 — 18-гадовыя.
Гадзіны шчырасці “Зламаная лялька, або Небяспечныя гульні ў каханне”, “Чырвонае і чорнае, або Каханне ў эпоху ВІЧ”, “Дочкі-маці, або Апошняя лялька непаўналетняй” утрымліваюць мноства элементаў вобразнай агітацыі і прапаганды: шок-інфармацыю “Беды ранняга кахання”, “Інтым без кахання”, споведзі ў Масцы шчырасці “Ён кахаў мяне адну ночку”, “Смяротны падарунак ад каханага”, шок-гісторыі “Каханне ў пад’ездзе”, “Калектыўныя гульні ў секс”, “Пастка для Папялушкі”, тэатр гумару “Палюбоўнік з 10 “А”, тэатр кнігі “Павянчаныя СНІДам” (паводле аповесці А.Брава “Тапіць дзяўчынак тут дазволена”), “ВІЧ у адплату” (па кнізе М.Воранава “Карона”), “ВІЧ-жарт” (паводле аповесці А.Дзялендзіка “Дон Жуан у эпоху рызыкі”). Дзяўчатам прапануецца бліц-тэст “Я ўмею распазнаць маньяка”, абвяшчаюцца акцыі “Чысты ўзрост — чыстае каханне”, “Жаданне мацярынства: многае залежыць ад дзяўчат”.
Навязванне маладым дзяўчатам ілжывых ідэалаў, якія рэкламуюцца подыумамі і конкурсамі прыгажосці ў пагоні за “моднымі” параметрамі фігуры, абарочваецца для многіх бядой. Штогоду Беларусі нервовай анарэксіяй захворвае 900 дзяўчат. Гадзіна душэўнага ўзрушэння “Манекен на подыуме жыцця, або Сіндром Барбі” з’яўляецца папераджальна-прафілактычнай формай работы з дзяўчатамі ў гэтым накірунку. Для большага эмацыйнага ўздзеяння выкарыстоўваем наступныя прыёмы: ладзім вернісажы, рэпрадукцыі жаночых партрэтаў “Славянская прыгажуня”, шок-выстаўкі фотаздымкаў “Добраахвотны Асвенцым, або Хадзячыя шкілеты”, інтэрмедыі “Дзяўчына-манекен”, “Мяне ветрам здзьмула ў фортку”, калейдаскоп павучальных гісторый з жыцця славутых прыгажунь...
Нізкая інфармаванасць аб выездзе на працу за мяжу, неасуджэнне прастытуцыі (так лічаць 68 працэнтаў дзяўчат і 83 — хлопцаў) штурхае маладых у группу ахвяр гандлю людзьмі. Гадзіна шчырасці “Рабыня і каханне, або Дзяўчаты на экспарт” прадстаўляе тэатр маналога літаратурных гераінь У.Праўдзіна “Нялюбыя гінуць” , У.Куніна “Інтэрдзяўчына”, І.Палянскай “Між Брадвеем і Пятай авеню”, трэнінгі “Гендэрны стэрэатып”, “Партрэт ахвяры”, тэст-практыкум “Як не стаць ахвярай гандлю людзьмі”.
Маральна-этычны праект для бярэзінскіх старшакласніц “Дзяўчыне ў эпоху рызыкі” служыць доўгатэрміновай задачы: выхавай дзяўчыну — выхаваеш нацыю! 

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
аўтар праекта “Дзяўчыне
ў эпоху рызыкі”,
старшыня
Бярэзінскай РА ГА “БСЖ”,
супрацоўнік раённай бібліятэкі