Як вы наш свет упрыгожылі!

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Дваццаць гадоў таму раённы дом рамёстваў Акцябрскага раёна туліўся на арэндных плошчах і для паўнацэннай працы іх хранічна не ставала. Але нездарма ходзіць па Гомельшчыне пагалоска, што начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Беразоўская любыя вызваленыя памяшканні імкнецца хуценька прыбраць пад свой кантроль і на агульную карысць. Так і з РДР здарылася. Два гады таму ён перабраўся пад дах дзіцячай бібліятэкі. Агульная колькасць творчых майстэрняў павялічылася да дванаццаці.

Калектыў установы, па словах яе кіраўніка Таццяны Халадок, ужо склаў спіс тых рэчаў, якія варта прыдбаць за кошт спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. На першым месцы ў спісе — годны фотаапарат. Усё правільна: якасны фоталетапіс адраджэння лакальнай мастацкай традыцыі немагчымы без якаснай апаратуры.

Мінулы год для раённага дома рамёстваў быў, па меркаванні Таццяны Халадок, надзвычай плённым. Яшчэ на пачатку 2017-га ткачыха Марыя Сарнаўская пасля паспяховага ўдзелу ў рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядныя ўзоры” стала народным майстрам Рэспублікі Беларусь. На вельмі высокім прафесійным узроўні працавалі творчыя майстэрні дома рамёстваў: па ткацтве, вырабе паясоў і лялек-абярэгаў, вышыўцы, вязанні, пашыве традыцыйнага адзення, ганчарстве і кераміцы, саломкапляценні і аплікацыі… У гуртках РДР і пяці яго сельскіх філіялах займаецца сёння больш за сотню дзяцей. А гэта магутная сіла! Уявіце, кожны змог па ўласным жаданні спрычыніцца да народнай традыцыі, якая была, ёсць і будзе апірышчам беларускага нацыянальнага мастацтва. Кожны з гэтых падлеткаў здолеў не толькі пераняць старадаўняе майстэрства, скажам, ганчара ці лозапляцельшчыка, але і сам паспеў ужо ўпрыгожыць свет.

Мы шмат сёння гаворым ды спрачаемся пра перспектывы раённых цэнтраў і дамоў рамёстваў. Таццяна Халадок тут усё для сябе даўно вырашыла. План па аказанні платных паслуг — справа карысная. Выраб сувенірнай прадукцыі — таксама. Але прыярытэтны напрамак — даследчы. Яшчэ жывыя носьбіты беларускіх традыцый. Так, іх не сотні, не дзясяткі, а — адзінкі. Таму і важнасць іх ігнараваць проста злачынна. Патрэбны экспедыцыі, майстар-класы, пастаянныя стасункі гурткоўцаў з рамеснікамі — людзьмі, якія добра ведаюць, з чаго складаецца беларуская душа.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"