Сплятайцеся, ніці!

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Гаворка — пра ўнікальны праект. Яго нават доўгатэрміновым назваць цяжка. Спецыялісты перакананы, што такія задумкі ажыццяўляюцца цягам ці не ўсяго жыцця. І назва — адпаведная: “Ад мінулага да сучаснага”. Ён прысвечаны адраджэнню адмысловых тэхнік шматнітовага ткацтва Панямоння і стварэнню калекцый традыцыйнага і сучаснага нацыянальнага адзення.

/i/content/pi/cult/674/14867/11.jpgМенавіта за гэтую дзейнасць калектыў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Ажыццяўленне праекта ініцыявала адна са структур згаданай установы — аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры. Метадыст аддзела і кіраўнік праекта Ірына Дыдышка згадвае, што першыя экспедыцыі па раскрыцці амаль забытых традыцый шматнітовага ткацтва былі распачаты яшчэ ў 2007-м. За дзесяць гадоў даследчай працы сабрана процьма матэрыялаў па асэнсаванні сакрэтаў старадаўняга рамяства.

Калісьці ўзоры шматнітовага ткацтва можна было сустрэць і на ручніках, і на абрусе, і на палатне для вопраткі. Загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Шчэліна тлумачыць, што шматнітовы ручнік, да прыкладу, меў рэльефную аснову з самымі рознымі арнаментамі. І вось цяпер пра ўсе гэтыя адметнасці можна казаць не толькі ў мінулым, але і ў сённяшнім часе.

Справа ў тым, што прыйшоў калісьці ў аддзел 25-гадовы лідскі ўрач Яўген Маркевіч і прапанаваў свае паслугі ў якасці ткача. Алена Шчэліна пераконвае, што асоба Яўгена заслугоўвае асобнай гаворкі. Ён яшчэ ў пятнаццаць гадоў знайшоў на гарышчы ткацкі станок, вельмі зацікавіўся ім і пачаў “атакаваць” родную бабулю пытаннямі. У выніку бліскуча асвоіў ткацкае рамяство. Чалавек, насамрэч, варты пільнай журналісцкай увагі.

Цяпер у аддзеле — тры ткачы. А тэорыя шматнітовага ткацтва набыла яшчэ і практычнае ўвасабленне. Працэс кантралявалі такія ўплывовыя ў сферы традыцыйнага мастацтва навукоўцы як Яўген Сахута, Марыя Віннікава і Вольга Лабачэўская. З 2012 года пачалося стварэнне нацыянальных касцюмаў. На сёння ў калекцыі Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці знаходзіцца дванаццаць відаў традыцыйнага, так бы мовіць, сялянскага адзення і сем — нацыянальнага сучаснага. Адаптацыяй старых узораў да дня сённяшняга займалася дызайнер аддзела Ірына Вашкевіч. І гэта толькі пачатак мэтанакіраванай сістэмнай працы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"